Калі малако прыбывае пазней — затрымка пачатку лактагенезу
Малако прыбывае пасля родаў
Пасля родаў у вас у грудзях ужо ёсць малодзіва; часам, паколькі малако не выдзяляецца самаадвольна, вы нават не падазраяце пра гэта. У норме аб’ём малака павялічваецца праз 30–40 гадзін пасля родаў. У кожнай жанчыны тэрміны пачатку станаўлення лактацыі розныя; звычайна выпрацоўка малака наладжваецца праз 2–3 дні пасля нараджэння дзіцяці, але ў 25 % мам гэта адбываецца толькі на 4-ы дзень. Абавязковай умовай з’яўляецца стымуляцыя выпрацоўкі малака, гэта значыць ранняе прыкладанне да грудзей. На працягу першых сутак пасля родаў выпрацоўваецца 10–50 мл малака; у наступныя дні яго аб’ём павялічваецца, малодзіва змяняецца спелым малаком.
Асноўныя гармоны груднога выкормлівання — пралакцін і аксітацын
Калі дзіця смокча грудзі, ад саска перадаюцца сэнсарныя імпульсы, у адказ на якія адбываецца выпрацоўка гармонаў.
Пралакцін выпрацоўваецца ў працэсе кармлення грудзьмі і забяспечвае ўзнікненне малака для наступнага кармлення. У начны час пралакцін выпрацоўваецца ў вялікай колькасці, таму напачатку начныя кармленні маюць асабліва важнае значэнне.
Аксітацын дзейнічае да і падчас кармлення грудзьмі, дзякуючы яму малако выдзяляецца з малочнай залозы (рэфлекс выкіду малака). Ён спрыяе скарачэнню маткі, такім чынам змяншаючы рызыку пасляродавых крывацёкаў і інфекцыі. Такія пасляродавыя патугі пры кармленні грудзьмі могуць быць вельмі балючымі, асабліва ў паўторнародзячых жанчын.
Прынцып «попыту і прапановы»
Пасля першапачатковай гарманальнай фазы выпрацоўкі малака далейшая рэгуляцыя адбываецца ў асноўным лакальна — па прынцыпе «попыту і прапановы». Самае галоўнае, каб дзіця эфектыўна смактала і такім чынам вызваляла грудзі ад малака. У адваротным выпадку выпрацоўка малака змяншаецца. Дзякуючы гэтаму прынцыпу жанчыны (нават з малым аб’ёмам жалезістай тканкі) здольныя даваць дзіцяці малако ў дастатковай колькасці пры ўмове частых кармленняў; гэта таксама справядліва і ў выпадку нараджэння блізнят.
Як распазнаць, што малако прыбывае
Адчуванне напоўненасці грудзей, пачуццё цяжару, цяпла і паколвання, падцяканне малака ўказваюць на тое, што малако «прыйшло». Вам можа спатрэбіцца некалькі дзён, каб навучыцца распазнаваць, калі яно прыбывае. Раптоўныя змены, якія адбываюцца з вамі, могуць вас спалохаць. Пры апаражненні грудзей вы заўважыце, як гусцейшае і жоўтае малодзіва паступова змяняецца рэдкім і белым спелым малаком.
Малако прыбывае пазней — затрымка станаўлення лактацыі
Найбольш распаўсюджаныя прычыны «затрымкі» ўтварэння малака:
- Працяглыя роды, стрэс і боль, экстраннае кесарава сячэнне.
- Больш высокая страта крыві падчас родаў або плацэнтарная тканка, якая засталася.
- Позні пачатак груднога выкормлівання.
- Заўчасныя роды.
- Захворванні і некаторыя станы ў маці: залішняя маса цела, інсулінарэзістэнтнасць, цукровы дыябет, павышаны артэрыяльны ціск.
- Шкодныя звычкі маці: курэнне, ужыванне алкаголю.
- Перанесеныя аперацыі на грудзях.
- Праблемы з саскамі: плоскія або ўцягнутыя саскі, пірсінг.
У першародзячых жанчын малако прыбывае ў сярэднім на адзін дзень пазней, чым у паўторнародзячых.
Што рабіць, калі малака няма на працягу чатырох дзён:
- Неабходна рэгулярна і цалкам апаражняць грудзі. Павелічэнню выпрацоўкі малака можа спрыяць кантакт «скура да скуры».
- Трэба кантраляваць масу цела нованароджанага дзіцяці, каб вызначыць, ці дастаткова малака яно атрымлівае.
- Пры выпісцы з радзільнага дома вы атрымаеце рэкамендацыі па дадатковым харчаванні і далейшым кантролі за самаадчуваннем дзіцяці.
- Няма неабходнасці ўзважваць дзіця кожны дзень, асабліва ў хатніх умовах. Так вы можаце заблытацца, а часам гэта нават небяспечна! Не рэкамендуецца ўзважваць дзіця да і пасля кармлення, каб ацаніць колькасць з’едзенага малака. Кармленні грудзьмі адрозніваюцца па працягласці, асабліва на пачатковым этапе; часам дзіця есць толькі з адной малочнай залозы, часам з абедзвюх, таму адно кармленне не дае рэалістычнага ўяўлення пра эфектыўнасць смактання.
Калі дзіцяці ўсё ж абгрунтавана патрабуецца дакорм, трэба даваць яго толькі такім чынам і ў такой колькасці, каб не перашкодзіць наладжванню груднога выкормлівання, і лепш для гэтага звярнуцца па кансультацыю да спецыяліста. Калі спачатку працэс ідзе цяжка, памятайце, што ў многіх мам атрымліваецца паступова давесці выпрацоўку малака да аб’ёму, неабходнага дзіцяці, за адзін-два тыдні, а некаторым — толькі за некалькі тыдняў.