Кан’юктывіт нованароджаных і закупорка слёзнага канала
Слізістая абалонка вока
Слізістая абалонка вока, або злучальная абалонка (кан’юктыва), — празрыстая гладкая бліскучая структура, якая злучае тыльную паверхню павека і вочны яблык. Інфекцыя і запаленне слізістай абалонкі вока, якія ўзнікаюць у першы месяц жыцця дзіцяці, называюцца кан’юктывітам нованароджаных (Ophthalmia neonatorum). Інфекцыя, якая далучылася падчас родаў, гэта значыць у момант праходжання плода па родавых шляхах, можа выклікаць гнойнае запаленне. Прычынай узнікнення такой інфекцыі могуць быць бактэрыі ці вірусы. Найбольш частымі ўзбуджальнікамі з’яўляюцца ганакок (ганарэя), стрэптакок, хламідыі і вірус герпесу.
Сімптомы праяўляюцца ў перыяд ад 5 дзён да 2 тыдняў пасля нараджэння. Да іх адносяцца: балючасць, інтэнсіўныя гнойныя выдзяленні з вачэй, пачырваненне павекаў і склер, раздражненне слізістай абалонкі вока.
Пры наяўнасці дадзенай сімптаматыкі трэба правесці дыягностыку (пасеў выдзяленняў з вока) і неадкладна пачаць лячэнне.
Закупорка слёзнага канала
Сляза выцякае праз вузкі слёзны канал, адтуліна якога знаходзіцца ва ўнутраным вугалку вока. У кожнага дваццатага дзіцяці здараецца закупорка слёзнага канала ў адным або абодвух вачах.
Сімптомы закупоркі слёзнага канала могуць праявіцца ўжо ў першыя дні жыцця ці пазней на працягу першага месяца. Калі вочы слязяцца ці маюцца гнойныя выдзяленні з іх, гэта можа паказваць на закупорку слёзнага канала. Часам могуць назірацца прыпухласць і пачырваненне ў паглыбленні ўздоўж насавой косці ніжэй за ўнутраны вугалок вока. Часцей за ўсё закупорка праходзіць самаадвольна, аднак варта прыняць пэўныя меры, каб прадухіліць далучэнне інфекцыі.
Што можна зрабіць
- Выконвайце масаж слёзных каналаў — асцярожныя масажныя рухі вобласці ўнутранага вугалка вока дапамагаюць адтоку назапашаных выдзяленняў са слёзных каналаў.
- Пры з’яўленні прыкмет інфекцыі звярніцеся да ўрача-спецыяліста (педыятра або афтальмолага), які прызначыць дзіцяці кроплі для вачэй з антыбіётыкам.
- Калі ў дзіцяці інфекцыі нячастыя і вочы не слязяцца пастаянна, набярыцеся цярпення, праблема звычайна праходзіць самастойна па меры фарміравання структур вока, прыкладна да ўзросту аднаго года. Навучыцеся правільна чысціць вочкі дзіцяці.
- Калі сімптомы ўзнікаюць паўторна і не праходзяць да года, афтальмолаг правядзе працэдуру па пашырэнні канала з дапамогай тонкага зонда, што ліквідуе праблему.