Карыес
Што такое карыес
Карыес — гэта звязанае з уздзеяннем цукру захворванне, якое прыводзіць да пашкоджання зубоў.
Карыес узнікае, калі мікробы ў роце ствараюць на паверхні зубоў ліпкае пакрыццё, якое называецца зубным налётам. Такія мікробы харчуюцца цукрамі, што ўтрымліваюцца ў ежы і напітках, і выпрацоўваюць кіслату, якая прыводзіць да пашкоджання паверхні зубоў. З часам гэтая кіслата раз’ядае паверхню зуба, ствараючы адтуліны ці поласці.
Карыес можа суправаджацца болем і выклікаць інфекцыю. Ён здольны нават паўплываць на рост і развіццё дзіцяці. У цяжкіх выпадках карыес малочных зубоў можа аказаць сур’ёзны ўплыў на харчаванне, развіццё сківіцы і маўленне дзіцяці.
Чым даўжэй не лячыць карыес, тым:
- больш дзіця будзе адчуваць боль і дыскамфорт;
- больш дзіця будзе падвяргацца павышанай рызыцы распаўсюджвання карыесу на іншыя малочныя і карэнныя зубы;
- больш складаным і дарагім будзе лячэнне;
- большую трывогу будзе выклікаць наведванне стаматолага;
- часцей дзіця будзе прапускаць заняткі ў школе.
Прыкметы карыесу
Першай прыкметай карыесу з’яўляецца цьмяная белая паласа ўздоўж лініі дзяснаў.
Пазней вы, хутчэй за ўсё, заўважыце счарнелыя адтуліны ў зубах ці зламаныя зубы. Калі карыес прывёў да ўзнікнення інфекцыі, можа з’явіцца прыпухласць дзяснаў і твару.
Прафілактыка карыесу: тры асноўныя крокі
Для прадухілення ўзнікнення карыесу ў дзіцяці неабходна зрабіць тры асноўныя крокі:
- чысціць зубы два разы на дзень, выкарыстоўваючы зубную пасту з фторам. Калі чысціць зубы дзіцяці і даглядаць іх з ранняга ўзросту, то гэта дапаможа сфарміраваць у яго добрыя звычкі па доглядзе зубоў на ўсё жыццё;
- прытрымлівацца здаровай дыеты з нізкім утрыманнем цукру і развіваць у дзіцяці здаровыя харчовыя звычкі;
- рэгулярна праходзіць агляды ў стаматолага.
Здаровая ежа і напіткі для прадухілення ўзнікнення карыесу
Рэгулярная чыстка зубоў не з’яўляецца гарантыяй таго, што карыес не з’явіцца. Ежа і напіткі, якія ўжывае дзіця, таксама ўплываюць на здароўе зубоў і ўзнікненне карыесу.
Дзеці ва ўзросце да 4–6 месяцаў
Нованароджаным і немаўлятам трэба толькі грудное малако або сумесь, калі яны на штучным выкормліванні.
Дзеці, старэйшыя за 6 месяцаў
Калі дзіцяці на грудным або штучным выкормліванні будзе больш за шэсць месяцаў, яму можна прапаноўваць невялікую колькасць вады. Не трэба даваць дзіцяці падсалоджанае малако, неразведзеныя фруктовыя сокі ці салодкія напіткі.
Малыя дзеці, дзеці старэйшага ўзросту і падлеткі
Дзеці маюць патрэбу ў шырокай разнастайнасці здаровай ежы. Лепш за ўсё ўжываць прадукты і напіткі з нізкім утрыманнем цукру. Варта даваць дзецям як мага менш салодкага пячэння ці пірожных. Калі дзіця ўсё ж з’есць нешта салодкае, то яму рэкамендуецца пасля гэтага выпіць шклянку вады ці з’есці бяспечную для зубоў ежу, што дазволіць зменшыць колькасць кіслаты на зубах дзіцяці.
Бяспечныя для зубоў прадукты ўтрымліваюць мала цукру, спрыяюць перажоўванню і стымулююць слінавыдзяленне ў дзіцяці. Да такіх прадуктаў адносяцца, напрыклад, сыр і нарэзаная гародніна — морква, сельдэрэй і інш.
Здаровыя звычкі ў харчаванні для прадухілення ўзнікнення карыесу
Здаровыя звычкі ў харчаванні таксама могуць прадухіліць узнікненне карыесу. Гэта азначае, што трэба быць уважлівым да таго, калі і як есць ваша дзіця.
Напрыклад, чым даўжэй ежа і пітво застаюцца ў роце дзіцяці, тым большая верагоднасць утварэння кіслаты і пашкоджання зубной эмалі. Такім чынам, калі доўга трымаць ежу ў роце і павольна піць на працягу доўгага часу, гэта з большай верагоднасцю прывядзе да ўзнікнення карыесу.
Каб адвучыць дзіця доўга есці і піць, прытрымлівайцеся наступных рэкамендацый:
- сачыце за тым, каб дзіця рэгулярна перакусвала і паўнацэнна ела, не дазваляйце яму «жаваць» на працягу ўсяго дня — паспрабуйце, каб паміж прыёмамі ежы і перакусамі, у тым ліку ўжываннем салодкіх напіткаў, было 1,5–2 гадзіны;
- кантралюйце, каб дзіця ела і піло толькі ў адным месцы, напрыклад за сталом;
- прыбірайце ежу са стала, калі час перакусу ці прыёму ежы скончыўся;
- калі дзіця хоча піць, прапануйце звычайную ваду, а не сок ці які-небудзь напітак;
- салодкае лепш давайце падчас ежы, а не ў якасці перакусу.
Іншыя спосабы прадухіліць узнікненне карыесу
Будзьце ўзорам для пераймання.
Вы можаце падаваць свайму дзіцяці прыклад клопату пра здароўе зубоў, калі самі будзеце чысціць зубы два разы на дзень, абмяжоўваць ужыванне цукру і станоўча ставіцца да аглядаў у стаматолага.
Па магчымасці пазбягайце груднога выкормлівання і кармлення з бутэлечкі падчас сну дзіцяці.
Не рэкамендуецца класці дзіця ў ложачак з бутэлечкай груднога малака ці малочнай сумесі. Гэта можа прывесці да ўзнікнення карыесу, паколькі падчас сну ў роце дзіцяці выпрацоўваецца менш сліны, якая абараняе яго зубы.
Прытрымлівайцеся некаторых правіл, калі неабходна ўжыванне інгалятараў ці аэразоляў для лячэння астмы.
Выкарыстанне інгалятараў і аэразоляў непазбежна пры некаторых методыках лячэння астмы, але многія з такіх сродкаў утрыміваюць кіслату, здольную пашкоджваць зубную эмаль. З часам гэта можа прывесці да ўзнікнення карыесу, калі не выконваць правілы гігіены поласці рота.
Для прадухілення карыесу можна прапанаваць дзіцяці паласкаць рот вадой адразу пасля кожнага выкарыстання аэразолю.