Кашмары
Што такое кашмары ў дзяцей
Кашмары — гэта дрэнныя сны, якія прыводзяць да раптоўнага абуджэння, палохаюць і засмучаюць дзяцей.
Лічыцца нармальным, калі дзецям кашмары сняцца ў выглядзе:
- рэалістычнай небяспекі — агрэсіўныя сабакі, акулы, павукі і г. д.;
- уяўных і фантастычных страхаў — монстры, персанажы казак і мультфільмаў;
- трывожных падзей, якія яны бачылі ці перажылі (напрыклад, змены ў іх жыцці з-за пандэміі).
У залежнасці ад узроўню свайго маўленчага развіцця дзеці могуць падрабязна расказаць вам пра свае дрэнныя сны.
Як правіла, кашмары сняцца ў другой палове ночы, калі ваша дзіця спіць павярхоўна і бачыць сны. Некаторым дзецям можа быць цяжка зноў заснуць пасля кашмару.
Рэкамендацыі па нармалізацыі сну (барацьба з кашмарамі)
Дзеці часта прачынаюцца ў слязах, напалоханымі і вельмі засмучанымі пасля кашмару. Дзіця неабходна суцешыць. Па меры таго як дзіця становіцца старэйшым, яно пачынае лепш разумець, што такое сон.
Ніжэй прадстаўлены некаторыя ідэі, якія дапамогуць вам справіцца з кашмарамі ці дрэннымі снамі ў вашага дзіцяці:
- Калі ваша дзіця прачынаецца з-за кашмару або падчас яго, растлумачце, што гэта быў усяго толькі дрэнны сон. Пераканайце дзіця, што ўсё ў парадку і што яно знаходзіцца ў бяспецы. Вашы пацалункі і абдымкі могуць дапамагчы дзіцяці супакоіцца.
- Раскажыце дзіцяці, што баяцца кашмару — гэта нармальна. Паспрабуйце не ігнараваць страх дзіцяці, не гаварыце, што яно паводзіць сябе неразумна, бо кашмары могуць здавацца дзецям вельмі рэалістычнымі.
- Калі вашаму дзіцяці дашкольнага ўзросту прысніліся монстры, растлумачце, што яны — гэта ўсяго толькі выдумка. Можна сказаць, што фантастычныя персанажы могуць быць страшнымі, але яны не змогуць нашкодзіць дзіцяці.
- Набярыцеся цярпення, калі ваша дзіця толькі на наступны дзень раскажа вам пра кашмар. Прыслухоўвайцеся да яго трывогі — не ігнаруйце яе і не прыніжайце яе значнасць. Спакойная размова пра дрэнны сон можа знізіць яго эмацыянальную сілу. Калі вам здаецца, што дзіця забылася пра кашмар, лепш не ўзнімаць гэтую тэму.
- Па меры таго, як ваша дзіця сталее, вы разам зможаце прыдумаць стратэгіі, якія дапамогуць яму самастойна спраўляцца з кашмарамі. Заахвочвайце дзіця: « Пасля кашмарнага сну мінулай ноччу ты выдатна правіўся сам, без маёй дапамогі».
- Паспрабуйце выкарыстоўваць наступныя стратэгіі ў тым выпадку, калі вашаму дзіцяці ўвесь час сняцца кашмары ці дакучлівыя сны (сніцца адно і тое ж):
- Ненавязліва распытайце яго аб узаемадзеянні з іншымі дзецьмі і аб тым, чым яно занята на працягу дня — праглядам YouTube-каналаў, камп’ютарнымі гульнямі або іншымі справамі. Мінімізацыя траўміруючых або эмацыянальных перажыванняў зможа дапамагчы дзіцяці пазбавіцца кашмараў або пазбегнуць іх. Напрыклад, калі ваша дзіця глядзела «Доктара Хто» і яму пачалі сніцца кашмары пра іншапланецян, было б нядрэнна не глядзець гэты серыял хаця б нейкі час.
- Пагаварыце са сваім дзіцем на ўзроўні яго разумення пра падзеі, якія яго траўміравалі. Напрыклад, пра сюжэты з выпускаў навін або падзеі з яго ўласнага жыцця. Як ваша дзіця разумее гэтыя падзеі і што яго непакоіць?
- Дапамажыце свайму дзіцяці змяніць сон, які паўтараецца. Напрыклад, калі ў сне часта прысутнічае страшны іншапланецянін, прапануйце дзіцяці ўзяць з сабой чароўны ліхтарык-памяншальнік (яго можна пакласці пад падушку), які прымусіць іншапланецяніна знікнуць. Заахвочвайце дзіця прыдумваць стратэгіі, як стаць героем у страшным сне. Яно можа абдумваць розныя ідэі на працягу дня.
- Пераканайцеся, што ваша дзіця рэгулярна высыпаецца.
- Калі дзіця схільна да трывогі або стрэсу, падумайце, як вы можаце дапамагчы яму расслабіцца перад сном.
Атрыманне дапамогі
Калі вашаму дзіцяці рэгулярна сняцца кашмары і яно адчувае моцную трывогу на працягу дня, вы можаце звярнуцца па дапамогу да прафесіяналаў.
Таксама звярніцеся па кансультацыю, калі вашаму дзіцяці сняцца кашмары пасля траўміруючай падзеі, напрыклад пасля стыхійнага бедства, такога як ураган, або пасля аўтамабільнай аварыі.
Што выклікае кашмары
Бачыць час ад часу кашмарныя сны — гэта нармальна. Калі вашаму дзіцяці перыядычна сняцца кашмары, гэта не значыць, што з ім нешта не так у эмацыянальным плане.
Дзецям з бурнай фантазіяй могуць сніцца кашмары часцей, чым астатнім. Пастарайцеся не хвалявацца пра гэта.
Аднак калі вашаму дзіцяці ўвесь час сняцца кашмарныя сны ці яно часта прачынаецца на працягу ночы, магчыма, яно адчувае нейкі стрэс.
Траўматычныя падзеі таксама могуць парушаць сон і выклікаць кашмары. Калі дзіця перажыло якую-небудзь падзею, якая яго траўміравала, яму могуць сніцца кашмары на гэту тэму на працягу некалькіх тыдняў ці нават месяцаў.