Кіраванне паводзінамі дзіцяці: плануемае ігнараванне

Плануемае ігнараванне — гэта калі вы не звяртаеце ўвагі на сваё дзіця падчас яго дрэнных паводзін. Гэта можа быць карысным інструментам кіравання паводзінамі. Аднак не трэба звяртацца да яго, калі вы злуяцеся або расчараваны паводзінамі дзіцяці. Плануемае ігнараванне эфектыўна выкарыстоўваць у надзейных адносінах, пабудаваных на любві. Акрамя таго, ніводная тэхніка не з’яўляецца ўніверсальным спосабам дапамагчы дзецям паводзіць сябе добра — кожнае дзіця ўнікальнае і развіваецца ў сваім тэмпе.
Body

Што азначае плануемае ігнараванне

Плануемае ігнараванне — адзін з шэрагу інструментаў, дзякуючы якім можна кіраваць паводзінамі вашага дзіцяці. Варта памятаць, што не існуе ўніверсальнага або чароўнага метаду кіравання паводзінамі, бо кожнае дзіця індывідуальнае. Самае галоўнае, што выкарыстанне гэтага спосабу найбольш эфектыўна ў сітуацыі цёплых, пабудаваных на любві адносін паміж дзіцем і дарослым. Цяпер разгледзім гэты інструмент.

Плануемае ігнараванне — гэта калі дарослы не звяртае ўвагі на дзіця падчас яго дрэнных паводзін.

Напрыклад, калі вы вячэраеце ўсёй сям’ёй, а ваша дзіця падскоквае на сваім крэсле, вы можаце не гаварыць з ім і не глядзець, пакуль тое не спыніцца. Калі дзіця перастане так рабіць, можна сказаць: «Мне падабаецца, калі ты спакойна сядзіш на сваім крэсле за вячэрай. Чаму б табе не распавесці нам, чым ты займаўся сёння ў дзіцячым садзе?».

Галоўнае — удзяліць дзіцяці больш увагі, калі яно паводзіць сябе добра, і цалкам ігнараваць, калі яно паводзіць сябе дрэнна.

Чаму спрацоўвае плануемае ігнараванне

Плануемае ігнараванне добра падзейнічае на паводзіны дзіцяці, калі ў вас з ім цёплыя і надзейныя адносіны, а ваша ўвага — вялікая ўзнагарода для яго.

Калі ваша дзіця паводзіць сябе пэўным чынам і прыцягвае гэтым вашу ўвагу, яно, хутчэй за ўсё, будзе паводзіць сябе так зноў і зноў. Але калі вы праігнаруеце яго паводзіны, верагоднасць таго, што яны паўторацца зноў, зменшыцца. Такім чынам, акцэнтаванне ўвагі на добрых паводзінах дзіцяці звычайна прыводзіць да іх больш частай праявы ў будучыні, а адсутнасць увагі да дрэнных паводзін вядзе да зніжэння іх частаты.

У разуменні вашага дзіцяці рэакцыя бацькоў на дрэнныя паводзіны — гэта лепш, чым адсутнасць увагі ўвогуле. Таму нават крытыка ці дысцыплінарныя спагнанні могуць успрымацца вашым дзіцем як заахвочванне, што можа прывесці да замацавання дрэнных паводзін. Напрыклад, мама кожны раз крычыць на дзіця, калі яно раскідвае цацкі, — дзіця атрымлівае ўвагу з боку блізкага чалавека, і яго паводзіны замацоўваюцца.

Ці павінны вы сказаць свайму дзіцяці, што ігнаруеце яго? Залежыць ад таго, ці атрымае яно ўвагу ў той момант, калі вы яму пра гэта паведаміце. Пры малаістотнай правіне можна нічога не сказаць. Вы таксама можаце адзін раз растлумачыць дзіцяці, што не будзеце рэагаваць на яго дрэнныя паводзіны. У далейшым ігнаруйце такія паводзіны кожны раз, калі яны адбываюцца, пры гэтым ужо нічога не кажыце дзіцяці.

Важна, каб ігнараванне не ўспрымалася вашым дзіцем як адмова. Калі вы сапраўды злуяцеся і гэты гнеў выяўляецца ў вашым тоне голасу («Ах так, тады я ігнарую цябе!»), лепш не выкарыстоўваць такі інструмент у гэты момант.

Плануемае ігнараванне: парады

Вось некалькі парад па выкарыстанні плануемага ігнаравання:

  • Цалкам ігнараваць. Старайцеся не глядзець на дзіця і нічога не казаць датуль, пакуль яно дрэнна сябе паводзіць. Погляды, усмешкі ці нават хмурны позірк могуць перашкодзіць вам дасягнуць жаданай мэты — змяніць паводзіны вашага дзіцяці. Калі вам складана стрымацца і сітуацыя бяспечная, спакойна адыходзьце ад дзіцяці на час, пакуль яно не перастане паводзіць сябе непрымальным чынам.
  • Пачынайце ігнараваць, толькі калі праяўляюцца дрэнныя паводзіны. Перастаньце ігнараваць ваша дзіця, калі яго дрэнныя паводзіны спыніліся хаця б на некаторы час. Рэкамендуецца выкарыстоўваць ігнараванне на працягу 20 секунд у дачыненні да малых дзяцей і некалькіх хвілін у дачыненні да дзяцей старэйшага ўзросту. Вы можаце зноў звярнуць увагу на дзіця і адказаць яму, калі яно перастане паводзіць сябе дрэнна.
  • Пераключыце сваю ўвагу. Прыдумайце для сябе некалькі спосабаў, каб пераключыцца на нешта іншае, калі вам цяжка ігнараваць дзіця. Вы можаце ўключыць музыку, палічыць самі сабе, зрабіць дыхальную гімнастыку ці скласці спіс пакупак.
  • Заахвочвайце добрыя паводзіны. Паспрабуйце звяртаць увагу на добрыя паводзіны дзіцяці і заахвочваць яго за гэта. Напрыклад, усклікаць «Ура!» ці гаварыць «Малайчына!» кожны раз, калі ваша дзіця збірае за сабой цацкі.

Памятайце, што часам дзеці паводзяць сябе дзёрзка ці задзірліва, дзелячыся з вамі сваімі моцнымі эмоцыямі ці перажываннямі. Мы ўсе сутыкаемся са складанымі сітуацыямі, і калі гэта адбываецца, нядрэнна паспрабаваць пагаварыць з дзіцем пра яго пачуцці; або вы можаце пагаварыць пазней, калі яно будзе спакойнае. Калі вы дапамагаеце свайму дзіцяці зразумець яго пачуцці, гэта спрыяе развіццю самарэгуляцыі і дапамагае кіраваць сваімі эмоцыямі і паводзінамі.

Прыняцце рашэння аб выкарыстанні плануемага ігнаравання

Ігнараванне — не заўсёды лепшы інструмент кіравання паводзінамі дзіцяці. Перш чым прыняць рашэнне пра выбар вызначанай стратэгіі ці метаду, рэкамендуецца звярнуць увагу на наступныя акалічнасці.

Ці ўзнагароджваюцца паводзіны чужой увагай?

Выкарыстанне плануемага ігнаравання будзе неэфектыўным, калі дрэнныя паводзіны вашага дзіцяці ўзнагароджваюцца ўвагай некага іншага, напрыклад з боку братоў, сясцёр ці сяброў. У гэтым выпадку вы можаце выкарыстоўваць іншы інструмент кіравання паводзінамі — напрыклад, змену навакольнага асяроддзя вашага дзіцяці.

Ці варта ігнараваць паводзіны?

Вы не можаце выкарыстоўваць дадзены інструмент, калі ваша дзіця дэманструе небяспечныя паводзіны ці выконвае дзеянні, якія могуць прычыніць боль іншым або наносяць шкоду маёмасці, — напрыклад, дзіця кусае, б’е, шчыпае іншых, ламае або раскідвае рэчы. У гэтым выпадку могуць быць дарэчныя такія інструменты, як прымяненне пэўных наступстваў за дрэнныя ўчынкі або ўвядзенне тайм-аўту (спыненне паводзін).

Ці можаце вы ігнараваць паводзіны, дзе б яны ні адбываліся?

Калі вы ігнаруеце паводзіны ў адным месцы, а ў іншым не, то ў гэтым выпадку вы атрымаеце больш негатыўных паводзін там, дзе яны вам не патрэбны. Напрыклад, калі вы не звяртаеце ўвагу на тое, як ваша дзіця крычыць дома, а ў такой жа сітуацыі ў супермаркеце стараецеся яго супакоіць, то пры наведванні магазіна ў наступны раз вы можаце заўважыць пагаршэнне паводзін вашага дзіцяці. Паспрабуйце загадзя спланаваць свае дзеянні пры дрэнных паводзінах дзіцяці ў супермаркеце.

Ці будуць іншыя людзі ігнараваць такія паводзіны?

Калі ў вас атрымліваецца паспяхова ігнараваць дрэнныя паводзіны, але ваш партнёр, сябар ці сваяк раптам прыходзіць і звяртае ўвагу на дзіця, — усе вашыя высілкі марныя. Узгодненасць дзеянняў паміж усімі ўдзельнікамі працэсу выхавання і падтрымка адзін аднаго — важныя складнікі кіравання паводзінамі вашых дзяцей, таму варта загадзя дамовіцца з вашым партнёрам пра тое, якія паводзіны вы будзеце ігнараваць.

Будзьце гатовыя да таго, што паводзіны, якія ігнаруюцца, часта могуць пагаршацца, перш чым стануць лепшымі. Гэта своеасаблівая праверка для вас і вашых дзяцей — хто каго. Дзеці могуць больш скардзіцца ці агрызацца, спадзяваючыся, што вы саступіце і адкажаце.

Выбіраючы інтрумент плануемага ігнаравання ці іншы метад кіравання паводзінамі вашага дзіцяці, заўсёды ўлічвайце ўсе нюансы і будзьце паслядоўнымі ў сваіх дзеяннях для дасягнення пастаўленай мэты.