Кніга «Пра мяне»

Што спатрэбіцца: папера (звычайная або каляровая), аловак, васковая крэйда або фламастары, скотч або стэплер. Першая старонка кнігі з ужо напісанымі словамі «Кніга пра мяне». Карткі ці аркушы паперы з імем і прозвішчам, узростам і хатнім адрасам вашага дзіцяці, напісаныя вялікімі літарамі (каб дзіця магло паспрабаваць перамаляваць). Усё што заўгодна, што спатрэбіцца для дэкарыравання «Кнігі пра мяне». Напрыклад, наклейкі, фатаграфіі вашага дзіцяці і г. д.

У чым заключаецца гульня. Прапануйце свайму дзіцяці стварыць пра яго асобную кнігу! Зрабіце першую старонку «Мяне завуць» — дапамажыце дзіцяці перапісаць ці перамаляваць туды сваё імя і прозвішча. Ваша дзіця можа намаляваць на гэтай старонцы сябе ці прыляпіць гатовы фотаздымак. Наступнай старонкай можа быць «Мой адрас». Дапамажыце дзіцяці перапісаць адрас ці напішыце самі, а дзіця няхай намалюе месца, дзе яно жыве.

Арыентуйцеся на тое, чаго хочацца і што цікава дзіцяці, — можаце дадаць старонкі «Мая хатняя жывёла» (калі ёсць), «Мая любімая ежа», «Мая сям'я» і г. д. Рабіце ўсё разам, каб дзіцяці хацелася спрабаваць пісаць ці перамалёваць словы, рабіць уласныя ілюстрацыі.

У канцы аб’яднайце ўсе старонкі ў кніжку з дапамогай скотча або стэплера. Прачытайце яе іншым членам сям'і! Не хавайце кніжку далёка, няхай дзіця ведае, дзе яна, каб яно само магло яе браць і чытаць зноў і зноў.

Чаму пры гэтым вучыцца дзіця. Дзецям важна ведаць сваё поўнае імя і адрас — гэта пытанне бяспекі на выпадак, калі яны згубяцца. Гэтыя веды і звесткі таксама фарміруюць у дзіцяці адчуванне індывідуальнасці і разуменне свайго месца ў сям'і і грамадстве. Такі занятак таксама важны для стымулявання вывучэння або паўтарэння літар і слоў, разумення важнасці чытання і пісьма ў паўсядзённым жыцці.