Кусанне, шчыпанне і тузанне за валасы
Кусанне, шчыпанне і тузанне за валасы: навошта немаўляты і малыя дзеці робяць гэта
Маленькія дзеці могуць кусацца, шчыпацца і тузаць за валасы, каб эксперыментаваць і даследаваць навакольны свет.
Немаўляты ва ўзросце 6–12 месяцаў могуць практыкаваць такія паводзіны, як кусанне, шчыпанне і тузанне вашых валасоў, проста каб паглядзець, што будзе адбывацца.
Малыя дзеці таксама могуць кусацца падчас прарэзвання зубоў з-за балючасці дзяснаў.
Верагоднай прычынай таго, што малыя дзеці кусаюцца, шчыпаюцца ці тузаюць за валасы, можа быць тое, што яны ўсхваляваныя, раздражнёныя, засмучаныя або ім балюча і пры гэтым у іх няма магчымасці выказаць гэтыя пачуцці.
Некаторыя малыя дзеці могуць кусацца, шчыпацца або тузаць за валасы, таму што пераймаюць паводзіны іншых — яны бачылі, як гэта робяць другія дзеці, або так рабілі з імі. Дзеці таксама могуць паводзіць сябе падобным чынам, калі сварацца ці спрачаюцца з-за чаго-небудзь.
Як справіцца з тым, што дзіця кусаецца, шчыпаецца і тузае за валасы
Немаўляты
Лепш за ўсё даваць дзіцяці выразны слоўны адказ, калі яно кусае, шчыпае ці цягне за валасы. Напрыклад, вы можаце сказаць «не».
Наступным крокам будзе прыбраць яго руку (ці адвесці галаву, прыкрыць рот) і спакойна адвярнуцца або пасадзіць дзіця. Калі ваша дзіця зноў б'е, кусае ці тузае вас за валасы, адрэагуйце таксама, як і раней.
Калі ў вашага дзіцяці прарэзваюцца зубы, дайце яму тое, што можна кусаць, напрыклад астуджаны прарэзвальнік або бяспечную цацку. Калі яно галоднае, прапануйце яму паесці.
Немаўляты будуць паўтараць дзеянні, якія прыцягваюць вашу ўвагу. Таму як толькі ваша дзіця прадэманструе станоўчыя паводзіны, напрыклад далікатна дакранецца да вас, заахвоцьце яго вялікай колькасцю ўвагі.
Малыя дзеці
Важна выразна рэагаваць словамі на ўкусы, шчыпанне і тузанне за валасы. Таксама будзе добра паведаміць дзіцяці, што вы адчуваеце. Напрыклад, скажыце: «Не. Ніякіх укусаў. Мне вельмі балюча».
Вашы наступныя крокі залежаць ад прычын паводзін вашага дзіцяці.
Няўменне выказаць словамі пачуцці
Калі вы думаеце, што ваша дзіця кусаецца, шчыпаецца і тузае за валасы з-за таго, што не можа падабраць словы для выказвання сваіх пачуццяў, вельмі важна захоўваць спакой. Вы таксама можаце дапамагчы яму абазначыць яго пачуцці і выказаць іх словамі. Напрыклад, спыняючы дзеянне дзіцяці, паспрабуйце сказаць нешта накшталт: «Стоп, не бі мяне!». Затым дапоўніце: «Мама, я вельмі злуюся!» — гэтым вы акрэсліце стан дзіцяці і пакажаце, як трэба паводзіць сябе ў наступны раз.
Увага
Калі вы адхіліцеся ад дзіцяці, гэта прадэманструе яму, як вы сябе адчуваеце. Напрыклад, вы можаце адвярнуцца або адысці ад яго, калі дзіця паспрабуе вас укусіць ці ўдарыць.
Стымуляцыя або голад
Калі ваша дзіця кусаецца таму, што галоднае, вы можаце прапанаваць яму хрумсткую ежу, напрыклад сухарык, сушку, хлябец, крэкер, маркоўную палачку, ці паільнік з трубачкай, ці прарэзвальнік для зубоў.
Калі ваша дзіця працягвае кусацца, шчыпацца або тузаць за валасы, паспрабуйце рэагаваць аднолькава кожны раз, калі гэта адбываецца. Гэта дапаможа навучыцца правільным паводзінам. Калі вашаму дзіцяці тры гады ці нават больш, прадумайце наступствы, якія будуць рэалізоўвацца для яго пры такіх паводзінах. Напрыклад, гэта можа быць кароткі тайм-аўт.
Калі ваша дзіця кусае, шчыпае ці тузае за валасы іншае дзіця
Калі ваша дзіця кусае або прычыняе боль іншаму дзіцяці, захоўвайце спакой і хутка папрасіце прабачэння ў апошняга і яго маці/бацькі. Вы таксама можаце сказаць: «Маша плача, таму што ёй балюча».
Затым спакойна (калі магчыма!) выведзіце дзіця з сітуацыі.
Дзеці старэйшага ўзросту: размова пра ўкусы, шчыпанне ці тузанне за валасы
Калі вы абое спакойныя, пагаварыце з дзіцем старэйшага ўзросту пра ўкусы, шчыпанні і тузанне за валасы. Галоўнае — выкарыстоўваць мову, зразумелую яму. Напрыклад: «Табе было цяжка сёння гуляць з Маргарытай. Маргарыта спалохалася, калі хацела ўзяць цацку, а ты паспрабаваў укусіць яе. Ты б мог ёй сказаць: «Маргарыта, гэтая цацка зараз мне патрэбна. Я падзялюся з табой крыху пазней». Магчыма, тады Маргарыта захацела б зноў пагуляць з табой!».
Пасля непрыемнага інцыдэнту, звязанага з кусаннем, шчыпаннем або тузаннем за валасы, дапамажыце вашаму дзіцяці супакоіцца. Вы можаце заняцца якой-небудзь дзейнасцю, напрыклад гульнёй з пяском ці вадой, пусканнем мыльных бурбалак, лепкай з пластыліну ці цеста, маляваннем.