«Ладачкі-ладкі» і «Сарока-белабока»
Што спатрэбіцца: мяккая коўдра або дзіцячае крэсла (па жаданні), песні і вершыкі.
У чым заключаецца гульня. З першых дзён жыцця дзіця пачынае ўсведамляць сваё цела і вучыцца яго кантраляваць, хоць гэта няхуткі працэс. З дапамогай падобных гульняў вы можаце паспрыяць умацаванню неабходнай маторыкі.
Перад тым як пачаць, трэба падрыхтаваць месца для гульні. Пакладзіце коўдру або пастаўце дзіцячае крэсла на зручную паверхню. Пакладзіце дзіця на коўдру і сядзьце побач з ім, каб яно магло вас бачыць. Задача ў тым, каб пяшчотна і акуратна гуляць з далонькамі і пальчыкамі. Пачынайце з простай песенькі накшталт «Сарокі-белабокі», якую трэба спяваць, загінаючы маленькія пальчыкі:
Сарока-белабока кашку варыла, дзетак карміла. (Дарослы злёгку казыча далоньку дзіцяці.)
Гэтаму дала, (Загінае мезенец дзіцяці.)
гэтаму дала, (Загінае безыменны пальчык.)
гэтаму дала, (Загінае сярэдні пальчык.)
гэтаму дала, (Загінае ўказальны пальчык.)
а гэтаму не дала: (Варушыць вялікі пальчык.)
ты дроў не насіў, печку не тапіў,
табе кашы не дадзім! (Злёгку казыча дзіцяці.)
Можна гуляць з дзіцем у «Ладачкі-ладкі», лёгенька пляскаючы яго па далоньках («Ладачкі-ладкі! Дзе былі? – У бабкі».) Не забывайце ўзаемадзейнічаць з рукамі дзіцяці вельмі асцярожна і далікатна.
Чаму пры гэтым вучыцца дзіця. Такія заняткі дапамагаюць вашаму дзіцяці развіць каардынацыю вачэй і рук, кантроль над маторыкай, а калі яно лапоча вам у адказ — гэта першыя спробы сацыяльнага ўзаемадзеяння.