Лекі для дзяцей: памятка
Лекавыя сродкі і медыкаменты для дзяцей
Для прымянення ў практыцы лячэння дзяцей неабходны прэпараты, спецыяльна распрацаваныя з улікам узросту, вагі і асаблівасцей дзіцячага арганізма. Лекі для дарослых не падыходзяць для лячэння дзяцей.
Калі вы не ведаеце, ці падыходзіць лекавы сродак вашаму дзіцяці, пракансультуйцеся з урачом-спецыялістам, педыятрам або фармацэўтам. Кожны раз, калі дзіцяці патрабуецца прыняць прэпарат, неабходна строга выконваць рэкамендацыі па дазіроўцы і прымяненні.
Заўсёды захоўвайце лекі ў недаступным для дзіцяці месцы ў арыгінальнай упакоўцы з добра бачным тэрмінам прыдатнасці, пазначаным на ёй.
Калі вы падазраяце, што дзіця прыняло лекі выпадкова ці не ў той дозе, трэба неадкладна выклікаць хуткую медыцынскую дапамогу (па тэлефоне 103). Таксама гэта неабходна зрабіць, калі ў дзіцяці назіраюцца парушэнні дыхання, страта прытомнасці, сударгі.
Абязбольваючыя і жарапаніжальныя прэпараты: аспірын, парацэтамол і ібупрафен
Аспірын
Катэгарычна забараняецца прымаць аспірын дзецям ва ўзросце да 12 гадоў, калі толькі гэта не было назначана педыятрам.
Прыём аспірыну можа справакаваць развіццё сіндрому Рэйе — вельмі рэдкага, але патэнцыйна смяротнага захворвання. Калі дзіця прымае якія-небудзь прэпараты, якія адпускаюцца без рэцэпта, удакладніце ў фармацэўта ці педыятра, ці няма ў іх складзе аспірыну.
Парацэтамол
Парацэтамол можна выкарыстоўваць для купіравання болевага сіндрому, напрыклад, пры галаўным болі, болі ў жываце, вуху, горле або пры пераломах.
Дапускаецца прыём парацэтамолу з мэтай купіравання высокай тэмпературы, якая выклікае дыскамфорт ці недамаганне.
Формы выпуску парацэтамолу для дзяцей бываюць рознымі, таму ўважліва чытайце этыкетку і прытрымлівайцеся інструкцый па дазіроўцы. Неабходную дозу для дзіцяці трэба падбіраць, зыходзячы з яго вагі, а не ўзросту.
Парацэтамол дастаткова бяспечны пры ўмове непрацяглага прыёму. Аднак варта адзначыць, што перадазіроўка парацэтамолу можа быць небяспечнай. У цяжкіх выпадках яна прыводзіць да пячоначнай недастатковасці. Калі вы не ўпэўненыя ў рэкамендуемай дазіроўцы для вашага дзіцяці, пракансультуйцеся з педыятрам.
Ібупрафен
У некаторых выпадках для зняцця болю і зніжэння тэмпературы замест парацэтамолу можна выкарыстоўваць ібупрафен. Ён падыходзіць для дзяцей, старэйшых за тры месяцы, аднак варта з асцярожнасцю яго выкарыстоўваць пры цяжкай форме астмы ў дзіцяці. Ібупрафен рэкамендуецца прымаць падчас ці пасля ежы. Пры прыёме ібупрафену трэба строга прытрымлівацца інструкцыі.
Таксама не рэкамендуецца выкарыстоўваць ібупрафен пры абязводжванні ў дзіцяці, паколькі гэты прэпарат можа стаць прычынай пашкоджання нырак.
Станы, пры якіх парацэтамол і ібупрафен не дапамогуць
Парацэтамол і ібупрафен абсалютна бескарысныя ў лячэнні кашлю і бяссонніцы.
Парацэтамол або ібупрафен могуць утрымлівацца ў камбінаваных лекавых сродках, якiя назначаюцца пры кашлі і прастудзе і адпускаюцца без рэцэпта, таму важна ўважліва чытаць этыкеткі, каб пазбегнуць выпадковай перадазіроўкі.
Не трэба прымаць ібупрафен і парацэтамол адначасова, неабходна выбраць адзін з гэтых сродкаў. Абавязкова запісвайце, калі вы даяце дзіцяці кожны лекавы сродак, каб не перавысіць максімальна дапушчальную дозу.
Антыбіётыкі
Антыбіётыкі дзейнічаюць толькі пры інфекцыях, выкліканых бактэрыямі, напрыклад, пры бактэрыяльнай пнеўманіі, інфекцыях мочавыводных шляхоў, сярэдняга вуха ці ў выпадку інфіцыравання раны.
Антыбіётыкі не эфектыўныя пры вірусных інфекцыях, такіх як вострыя рэспіраторныя вірусныя інфекцыі (ВРВІ) ці грып.
Няправільнае і неабгрунтавана працяглае прымяненне антыбіётыкаў можа прыводзіць да пабочных эфектаў, такіх як дыярэя, абязводжванне або алергічныя рэакцыі.
Педыятр можа выпісаць некалькі прэпаратаў. Некаторыя з іх эфектыўныя толькі супраць пэўных відаў бактэрый. Іншыя накіраваны на вялікую колькасць узбуджальнікаў бактэрыяльных інфекцый і называюцца антыбіётыкамі шырокага спектра. Выбар і назначэнне антыбактэрыяльнай тэрапіі засноўваецца на лакалізацыі інфекцыі і характэрных для яе ўзбуджальнікаў.
Трэба з асаблівай асцярожнасцю і ўвагай паставіцца да прыёму прапісаных антыбіётыкаў.
Калі дзіцяці назначаны антыбіётыкі, неабходна строга выконваць прадпісанні лечачага ўрача па дозе, кратнасці і працягласці прыёму. Не трэба спыняць антыбактэрыяльную тэрапію раней за прызначаны ўрачом тэрмін, нават калі агульны стан дзіцяці значна палепшыўся. Кароткі курс прыёму антыбіётыкаў не заўсёды забяспечвае поўнае знішчэнне ўзбуджальнікаў, што можа стаць прычынай развіцця ўстойлівасці мікраарганізмаў да антыбактэрыяльнага прэпарату, які прымаўся, гэта значыць у далейшым ён не будзе валодаць клінічнай эфектыўнасцю ў дачыненні да гэтага ўзбуджальніка інфекцыі ў дзіцяці.
Не варта даваць дзіцяці антыбактэрыяльныя лекавыя сродкі, калі яны не былі назначаны ўрачом. Прадухіленне непатрэбнага прымянення антыбіётыкаў з’яўляецца важнай часткай захавання здароўя вашага дзіцяці.
Памятайце, што празмернае і няправільнае выкарыстанне антыбіётыкаў спрыяе фарміраванню ўстойлівасці да іх. Каб зменшыць устойлівасць да антыбіётыкаў, вельмі важна пазбягаць непатрэбнага іх выкарыстання.
Лекавыя сродкі пры кашлі і прастудзе
Дзецям ва ўзросце да шасці гадоў не рэкамендуецца прымаць лекавыя прэпараты супраць прастуды і кашлю, у тым ліку прымяняць сасудазвужальныя растворы і спрэі для носа.
Дзецям ва ўзросце 6–11 гадоў лекі ад кашлю і прастуды варта прымаць з асаблівай асцярожнасцю і толькі па рэкамендацыі педыятра. Да такіх прэпаратаў таксама адносяцца сасудазвужальныя сродкі для носа.
Для бяспечнай ліквідацыі заложанасці носа ў грудных дзяцей і дзяцей малодшай узроставай групы рэкамендуецца прымяняць солевыя растворы ў выглядзе кропель ці спрэяў для носа.
Антыгістамінныя прэпараты
Сверб, чханне, ацёк, сып з’яўляюцца самымі частымі сімптомамі алергіі. Для барацьбы з імі выкарыстоўваюць лекавыя сродкі, вядомыя як антыгістамінныя прэпараты.
Часам яны могуць выклікаць сухасць у роце, санлівасць і расстройства функцый страўнікава-кішэчнага тракта.
Як правіла, антыгістамінныя прэпараты не рэкамендуюцца для працяглага выкарыстання, таму перш чым даваць іх дзіцяці, неабходна пракансультавацца з педыятрам.
Антыгістамінныя прэпараты і сон
Антыгістамінныя прэпараты не рэкамендуецца прымаць дзецям для паляпшэння сну, калі толькі яны не назначаны педыятрам. Такія лекі часам выклікаюць дзённую санлівасць, якая можа паўплываць на здольнасць дзіцяці да навучання.
Антыгістамінныя прэпараты таксама здольныя выклікаць непажаданыя рэакцыі, сярод якіх гіперактыўнасць. Гэта можа стаць прычынай парушэнняў сну ў дзіцяці.
Лекавыя сродкі, якіх трэба пазбягаць
З асаблівай асцярожнасцю трэба прымаць лекі, якія не назначаліся педыятрам.
Лекавыя сродкі ад млоснасці
Не давайце дзіцяці лекі ад млоснасці і рвоты, калі толькі іх не назначыць педыятр. Як правіла, рвота працягваецца нядоўга, і дзеці здольныя справіцца з ёй без лекавых сродкаў. Акрамя таго, у некаторых выпадках рвоту варта разглядаць як ахоўны механізм, накіраваны на памяншэнне ступені інтаксікацыі.
Спалучэнне рэцэптурных і безрэцэптурных лекаў
Сумесны прыём лекавых сродкаў, якія адпускаюцца па рэцэпце, і тых, якія можна набыць без яго, можа быць вельмі небяспечным. Неабходна заўсёды папярэдне пракансультавацца з лечачым урачом, педыятрам або фармацэўтам. А калі вы не ведаеце, што ўваходзіць у склад канкрэтных лекаў, абавязкова ўдакладніце ў медыцынскага спецыяліста.
Лекавыя сродкі, не прызначаныя для дзіцяці
Лекі для дарослых здольныя нанесці непапраўную шкоду арганізму дзіцяці, таму даваць іх небяспечна.
Лекавыя сродкі з тэрмінам прыдатнасці, які скончыўся
Лекі з тэрмінам прыдатнасці, які скончыўся, катэгарычна забараняецца прымаць, паколькі яны хутчэй нанясуць шкоду.
Жавальныя таблеткі
Маленькае дзіця можа лёгка падавіцца жавальнай таблеткай. Перад тым, як даваць яму такія таблеткі, пракансультуйцеся з педыятрам ці фармацэўтам.
Вітаміны — добрая ідэя?
Не існуе доказаў таго, што вітамінныя і мінеральныя комплексы нейкім чынам карысныя для здароўя дзяцей, калі толькі ў дзіцяці няма якога-небудзь дэфіцыту вітамінаў ці мінералаў.
Калі вы лічыце, што ў вашага дзіцяці дэфіцыт вітамінаў ці мінералаў, пракансультуйцеся з педыятрам.