Лес у бутэльцы
Што спатрэбіцца: вялікая бутэлька.
У чым заключаецца гульня. Вазьміце чыстую пустую бутэльку (пажадана аб’ёмам 2 л) і адпраўляйцеся на прыроду. Цікавей за ўсё гуляць у парку ці ў найбліжэйшым лесе, але можна і ў садзе.
Няхай дзіця шукае розныя «лясныя матэрыялы», якія могуць змясціцца ў бутэльцы. Якія прыродныя матэрыялы яно знойдзе? Гэта можа быць што заўгодна — лісце, пруткі, трава, каменьчыкі, зямля, кветкі, кавалачкі кары дрэў, моху і г. д.
Можна прапанаваць дзіцяці напоўніць бутэльку такім чынам, каб у яго атрымаўся «лес у разрэзе». Няхай запаўняе ёмістасць у такім парадку: слой зямлі, затым трава і дробныя каменьчыкі, пасля гэтага кара дрэў, галінкі, лісце і кветкі.
Пасля прагулкі дзіця можа забраць свой «лес у бутэльцы» дадому. Пакуль напаўненне бутэлькі свежае, яна можа быць выдатным прыродным элементам інтэр’еру ў яго пакоі.
Прасачыце, каб у прыродных матэрыялах, якія дзіця складае ў бутэльку, не было насякомых, бо іх дом — сапраўдны лес пад адкрытым небам.
Чым карысная гульня. Збор і вывучэнне прыродных матэрыялаў стымулюе органы пачуццяў дзіцяці і дае яму разуменне таго, як арганізаваны навакольны свет.
Гэты занятак — выдатны спосаб зацікавіць дзіця прыродай.