Мае першыя каракулі
Што спатрэбіцца: аркуш паперы, прылады для малявання або пісьма (алоўкі, крэйда).
У чым заключаецца гульня. У гэтым узросце большасць дзяцей не ў стане намаляваць што-небудзь рэалістычнае, але ім вельмі падабаецца крэмзаць па паперы і пакідаць каракулі. Першыя спробы ваша дзіця магло пачаць рабіць яшчэ некалькі месяцаў таму; вы можаце актыўна яго ў гэтым падтрымліваць. Дайце дзіцяці дастаткова часу для гэтага. Проста пакладзіце на плоскую паверхню вялікі аркуш паперы і ўсе прылады для малявання. Хутчэй за ўсё, ваша дзіця возьме каляровы аловак і пачне крэмзаць па паперы. Калі раней яно ўжо спрабавала так рабіць, верагодна, і цяпер вельмі хутка асвоіцца.
Давайце дзіцяці магчымасць выкарыстоўваць усе прылады для малявання так, як яму хочацца. Можаце прагаворваць тое, што бачыце: «Глядзі, колькі ў цябе атрымалася ўсяго намаляваць гэтым алоўкам. Тут у цябе вялікі круг, а там доўгая-доўгая лінія!». Можаце павесіць некалькі «малюнкаў» дзіцяці так, каб яны былі навідавоку ўсёй сям'і.
Чаму пры гэтым вучыцца дзіця. Гэты вопыт — першыя крокі на шляху да малявання і пісьма. Ваша дзіця пачынае лепш кантраляваць дробныя мышцы сваіх пальцаў і рук. Яно таксама пачынае разумець сувязь паміж тым, пра што думае (правесці доўгую-доўгую лінію), і тым, што робяць яго пальцы. Акрамя таго, вы стымулюеце развіццё яго маўлення, прагаворваючы тое, што робіць ваша дзіця.