Малое дзіця не есць? Ідэі і парады
Дзіця ранняга ўзросту не есць ці есць недастаткова
Многія бацькі хвалююцца, ці дастаткова здаровай ежы есць іх дзіця. Малыя дзеці часта пераборлівыя ў ежы, ядуць вельмі мала ці наогул адмаўляюцца ад ежы.
На гэта ёсць некалькі прычын:
- У дзяцей ранняга ўзросту апетыт пастаянна мяняецца з-за скачкоў росту і рознага ўзроўню актыўнасці.
- Крыху старэйшыя дзеці растуць не так хутка, як немаўляты, таму ім трэба менш ежы.
- У малых дзяцей маленькі аб’ём страўніка.
- Дзеці вельмі цікавяцца навакольным светам, таму ежы надаюць мала ўвагі.
- Дзеці хочуць пашырыць свае межы і паказаць, наколькі могуць быць незалежнымі.
З задавальненнем есці нешта ў адзін дзень і адмаўляцца ад такой жа ежы на наступны — звычайныя паводзіны для дзіцяці. Гэта адзін са спосабаў прадэманстраваць сваю незалежнасць. Дзейнічайце наступным чынам: прапаноўвайце дзіцяці варыянты здаровай ежы, а яно няхай само вырашае, колькі яму есці і ці есці наогул.
Узмацненне і зніжэнне апетыту: як з гэтым быць
Калі дзіця не есць ці не з’ядае ўсю порцыю, можна яе паменшыць. Для дзяцей ранняга ўзросту нармальна есці патроху.
Не прымушайце дзіця даядаць усё, што было на талерцы, паколькі гэта можа ператварыць прыём ежы ў стрэс. Замест гэтага пахваліце дзіця за тое, што яно з’ела цэлую лыжку чаго-небудзь ці зрабіла глыток вады, калі больш яно нічога не хоча.
Паміж прыёмамі ежы можна прапаноўваць дзіцяці карысныя перакусы, напрыклад нарэзаную саломкай садавіну ці гародніну. Гэта дасць яму энергію, калі падчас асноўных прыёмаў ежы дзіця есць невялікімі порцыямі.
Калі вы даяце дзіцяці здаровую ежу, не трэба турбавацца, што часам яно з’ядае нямнога: дзіця не памрэ ад голаду. Дзеці вельмі добра ўмеюць вызначаць, колькі ежы ім патрэбна.
Будзе правільным ацэньваць апетыт вашага дзіцяці за тыдзень, а не за адзін дзень. Нічога страшнага, калі сёння дзіця з’ела менш — заўтра яно можа прагаладацца мацней.
Спрабуем новыя прадукты: некалькі парад
Магчыма, вы лічыце сваё дзіця пераборлівым і вам здаецца, што яно будзе есці толькі адну ці дзве пэўныя стравы.
Аднак калі штораз вы будзеце прапаноўваць дзіцяці новую ежу, рана ці позна яно яе паспрабуе. Вось некалькі ідэй, якія павінны дапамагчы.
Стварэнне спрыяльнай абстаноўкі для прыёму ежы
- Зрабіце прыём ежы прыемным і рэгулярным сямейным мерапрыемствам. Па магчымасці сядайце за стол усёй сям’ёй, каб есці разам з дзіцем.
- Пакажыце дзіцяці, наколькі вам падабаецца ежа, якую вы прыгатавалі.
- Далучайце дзіця да прыгатавання ежы для ўсёй сям’і.
- Прапануйце новую ежу, калі вы і ваша дзіця спакойныя, калі яно не занадта стамілася і яго ўвагу не адцягваюць іншыя рэчы.
- Адводзьце на кожны прыём ежы не больш за 20 хвілін. Калі дзіця не ела тое, што ляжыць у яго на талерцы, прыбярыце яе і не прапаноўвайце ўзамен нічога іншага.
- Не карайце дзіця за адмову спрабаваць новую ежу. Гэта можа ператварыць знаёмства з новымі прадуктамі ў негатыўны вопыт.
- Не падкупляйце дзіця пачастункамі толькі для таго, каб яно ела здаровую ежу. Гэта можа прывесці да таго, што дзіця будзе старацца атрымаць салодкія прысмакі, а не есці здаровую ежу, і лічыць ужыванне карыснай ежы нудным абавязкам.
Знаёмства з новымі прадуктамі
- Працягвайце прапаноўваць новае. Дзеці могуць «рассмакаваць» новую ежу толькі з 10–15-й спробы.
- Давайце дзіцяці тую ж ежу, што і астатнім членам сям’і. Яно будзе атрымліваць пажыўныя рэчывы з разнастайных прадуктаў і нармальна ўспрымаць новыя смакі і тэкстуры.
- Прапаноўвайце новыя прадукты разам з тымі, якія ваша дзіця ўжо ведае і любіць.
- Калі дзіця ад чагосьці адмаўляецца, прапануйце гэта зноў прыкладна праз тыдзень. Яно можа з задавальненнем гэта з’есці і нават папрасіць дабаўкі — цікавасць да ежы ў дзяцей вельмі зменлівая.
Дайце дзіцяці «пабыць галоўным»
- Дазваляйце дзіцяці мацаць ежу рукамі, лізаць яе і гуляць з ёй, будзьце гатовыя да некаторага беспарадку, пакуль яно вучыцца есці.
- Дазваляйце дзіцяці есці самому, а пры неабходнасці дапамагайце.
- Калі дзіця не праяўляе цікавасці да ежы, выглядае стомленым, капрызіць ці яму нездаровіцца, прыбярыце ежу.
Калі вы высветлілі, якая ежа падабаецца вашаму дзіцяці, можа ўзнікнуць спакуса гатаваць яму толькі гэта. Аднак, каб атрымліваць усе пажыўныя рэчывы, неабходныя для росту і развіцця, дзіцяці трэба ўжываць розныя прадукты. Таму старайцеся пашырыць яго рацыён харчавання.
За сямейным сталом прапануйце пажыўныя прадукты з усіх пяці груп. Ешце разнастайную ежу самі — пакажыце дзіцяці, што з задавальненнем спрабуеце новае. Здаровае харчаванне і спрыяльная абстаноўка падчас яды, якая садзейнічае пазітыўнаму стаўленню да карыснай ежы, стануць выдатным матыватарам для вашага дзіцяці.
Прыкметы таго, што дзіцяці можа спатрэбіцца дапамога з ежай
Калі ваша дзіця ў цэлым здаровае, добра расце і ў яго дастаткова энергіі для гульняў, навучання і пазнання свету, хутчэй за ўсё, яно есць дастаткова.
Пракансультуйцеся з тэрапеўтам, педыятрам або дыетолагам, калі:
- дзіця есць вельмі абмежаваны набор прадуктаў;
- дзіця нейкі час адмаўляецца ад цэлых груп прадуктаў;
- дзіця ўвесь час адмаўляецца ад ежы;
- вас турбуе рост дзіцяці або яго харчаванне ў цэлым.