Малюем распарадак дня

Што спатрэбіцца: папера і фламастары (ручкі або алоўкі), адна ці некалькі кніжак з малюнкамі (калі ў вас іх няма, вы можаце зрабіць простую кніжку, наляпіўшы на старонкі карцінкі з часопіса ці намаляваўшы самастойна і аб’яднаўшы ў кнігу); карцінкі з часопісаў, калі яны ў вас ёсць; скотч або канцылярскія кнопкі, каб павесіць расклад.

У чым заключаецца гульня. У гэтым узросце дзеці разумеюць, што падзеі часта адбываюцца ў пэўнай паслядоўнасці (першая, другая, апошняя) і ў пэўны час. Калі яны пойдуць у школу, расклад увогуле стане вельмі важным. Многім дзецям падабаецца выкарыстоўваць просты расклад з малюначкамі, гэта дапамагае ім арыентавацца ў распарадку дня. Вы можаце разам са сваім дзіцем зрабіць прыгожы расклад, які адпавядае вашаму звычайнаму хатняму распарадку.

Вазьміце вялікі аркуш паперы і некалькі фламастараў. Можаце пранумараваць пункты распарадку дня, затым паразважаць разам з дзіцем: «Што ты робіш у самым пачатку кожнага дня? Так, ты прачынаешся!». Дапамажыце дзіцяці намаляваць што-небудзь, напрыклад свой ложак. Вы можаце разам ці самастойна надрукаваць або напісаць друкаванымі літарамі словы. Калі ёсць нейкія асабліва важныя для вашага дзіцяці справы ў пэўны час дня, абавязкова пазначце іх. Распішыце ўвесь дзень, але так, каб гэта было проста і зразумела дзіцяці, — прыёмы ежы, заняткі, гульні на вуліцы, выкананне хатніх абавязкаў, гігіенічныя працэдуры і г. д. Магчыма, ваша дзіця ведае, чым выхадныя адрозніваюцца ад будняў, і захоча скласці асобны расклад на гэтыя дні.

Калі расклад будзе гатовы, павесьце яго там, дзе ён будзе перад вачамі ў вас і дзіцяці.

Чаму пры гэтым вучыцца дзіця. Вы стымулюеце развіццё разумовых здольнасцей дзіцяці, арганізуючы паўсядзённыя падзеі ў пэўным парадку або паслядоўнасці (гэта таксама спрыяе развіццю матэматычных здольнасцей у дзяцей). Многія дзеці таксама адчуваюць сябе больш спакойна і ўпэўнена, калі яны сапраўды ведаюць, што будзе пасля чаго і ў які час дня, асабліва з улікам таго, што для іх усё яшчэ вельмі многа незразумелага і непрадказальнага вакол.