Мікрацэфалія

Мікрацэфалія — гэта стан, які характарызуецца зніжэннем тэмпаў росту і развіцця галаўнога мозга, што суправаджаецца памяншэннем памераў галавы адносна нармальных значэнняў. Дзіця можа нарадзіцца з мікрацэфаліяй, таксама яна можа развіцца ў першыя гады жыцця. У дзяцей з мікрацэфаліяй часам бываюць і іншыя сіндромы. У іх часта назіраюцца разумовыя абмежаванні рознай ступені выяўленасці, а таксама іншыя парушэнні развіцця, якія закранаюць нервовую сістэму. Лячэнне і дапамога спецыялістаў міждысцыплінарнай каманды ў раннім узросце можа палепшыць якасць жыцця дзіцяці.
Body

Што такое мікрацэфалія

Мікрацэфалія — ​​гэта стан, які характарызуецца зніжэннем тэмпаў росту і развіцця галаўнога мозга, што суправаджаецца парушэннем нейрапсіхічнага развіцця, разумовых здольнасцей, пры гэтым адзначаецца значнае памяншэнне памераў галавы дзіцяці адносна нармальных узроставых значэнняў.

У дзяцей з мікрацэфаліяй галава і мозг меншага памеру, чым у іх аднагодкаў. Часцей за ўсё гэта суправаджаецца разумовымі абмежаваннямі рознай ступені выяўленасці і рознымі неўралагічнымі парушэннямі: сударгамі, рыгіднасцю мышцаў ці праблемамі з раўнавагай.

Многія дзеці нараджаюцца з мікрацэфаліяй, таксама захворванне можа развіцца ў першыя некалькі гадоў жыцця. Мікрацэфалія можа з’явіцца сама па сабе, але часта суправаджаецца іншымі сіндромамі, звязанымі з неўралагічным развіццём або генетычнай паталогіяй, такімі як сіндром Даўна і іншыя.

Дадзенае парушэнне можа быць выклікана зменамі генетычнага характару. У некаторых выпадках участкі генетычнага набору, якія адказваюць за развіццё мікрацэфаліі, перадаюцца ў спадчыну ад бацькоў. Таксама магчыма, што такія змены сустракаюцца ўпершыню ў дзіцяці.

Акрамя таго, развіццё мікрацэфаліі можа быць выклікана дзеяннем некаторых вірусаў. Напрыклад, заражэнне вірусам Зіка ў перыяд цяжарнасці можа стаць прычынай мікрацэфаліі ў дзіцяці.

Уздзеянне на цяжарную жанчыну пэўных таксічных і хімічных рэчываў, злоўжыванне ёю алкаголем або наркотыкамі таксама могуць прывесці да пашкоджання мозга плода ў перыяд яго развіцця ва ўлонні маці.

Мікрацэфалія сустракаецца прыкладна ў 1 з 25000 дзяцей.

Прыкметы і сімптомы мікрацэфаліі

Фізічныя прыкметы

У большасці дзяцей, народжаных з мікрацэфаліяй, памер галавы меншы за стандартныя значэнні, а тэмпы росту ў іх ніжэйшыя за тыповыя паказчыкі. Да іншых фізічных характарыстык могуць адносіцца нязначны набор вагі і нізкі рост.

Кагнітыўныя прыкметы

У дзяцей з мікрацэфаліяй часта назіраюцца:

  • затрымка развіцця ў розных сферах;
  • затрымка або парушэнні маўлення;
  • затрымка пазнавальнай дзейнасці або разумовыя абмежаванні рознай ступені выяўленасці;
  • затрымка маторнага развіцця, складанасці з каардынацыяй і раўнавагай.

Паводзінныя прыкметы

Пры мікрацэфаліі ў дзіцяці могуць назірацца гіперактыўнасць, павышаная ўзбуджальнасць, цяжкасці з рэгуляцыяй, агрэсіўныя тэндэнцыі ў паводзінах.

Іншыя праблемы, звязаныя з мікрацэфаліяй

У дзяцей з мікрацэфаліяй часта сустракаюцца розныя спадарожныя захворванні, у тым ліку сударгі.

Дыягностыка пры мікрацэфаліі

У некаторых выпадках дыягностыка мікрацэфаліі магчымая падчас прэнатальнага скрынінгу. Гэта можна зрабіць у рамках ультрагукавога даследавання. Ультрагукавая дыягностыка звычайна праводзіцца ў трэцім трыместры, бо на ранніх тэрмінах цяжарнасці цяжка дакладна вызначыць памер галавы.

Мікрацэфалію дыягнастуюць шляхам вымярэння велічыні галавы пасля нараджэння дзіцяці і кантролю гэтага паказчыка па меры яго росту, бо гэтая паталогія можа развіцца і пазней. Дзіця таксама могуць накіраваць на рэнтгеналагічнае даследаванне і магнітна-рэзанансную тамаграфію.

Паслугі ранняга ўмяшання для дзяцей з мікрацэфаліяй

Спецыфічнага лячэння пры мікрацэфаліі не існуе. Аднак калі ў дзіцяці яна дыягнаставана ў раннім узросце, паслугі ранняга ўмяшання дапамогуць палепшыць якасць жыцця дзіцяці і яго сям’і.

Некаторыя дзеці з мікрацэфаліяй не маюць патрэбы ў лячэнні, ім дастаткова планавых наведванняў педыятра і кантрольных вымярэнняў велічыні галавы. У іншых дзяцей могуць быць сур’ёзныя цяжкасці з развіццём і навучаннем. Некаторым могуць спатрэбіцца лекі з мэтай прафілактыкі сударгаў.

Калі ў дзіцяці мікрацэфалія, трэба звярнуцца ў цэнтр ранняга ўмяшання, дзе з дзіцем і яго бацькамі будзе працаваць каманда спецыялістаў: педыятр, фізічны тэрапеўт, настаўнік-дэфектолаг, псіхолаг.

Спецыялісты сумесна з бацькамі ацэняць развіццё дзіцяці ў розных галінах, вызначаць моцныя і слабыя бакі і падбяруць варыянты дапамогі і развіццёвага догляду, якія бацькі змогуць ажыццяўляць штодзень і якія будуць найлепшым чынам дапамагаць дзіцяці ў яго развіцці.

Клопат пра сябе і сваю сям’ю

У выпадку нараджэння дзіцяці з мікрацэфаліяй бацькам важна не толькі памятаць пра неабходнасць догляду дзіцяці, але таксама клапаціцца пра ўласны стан і дабрабыт. Калі фізічны і псіхічны стан бацькоў будзе ў парадку, яны змогуць лепш клапаціцца пра сваё дзіця.

Калі маці/бацька мае патрэбу ў падтрымцы, лепш за ўсё пачаць са зносін з педыятрам і медыка-генетычным кансультантам. Таксама можна атрымаць псіхалагічную падтрымку ў цэнтрах ранняга ўмяшання, службах псіхалагічнай дапамогі, грамадскіх і дабрачынных арганізацыях.

Зносіны з іншымі бацькамі таксама могуць быць выдатным спосабам знайсці падтрымку ў прыняцці дзіцяці і яго асаблівасцей. Можна пачаць размаўляць з іншымі бацькамі, у якіх падобная сітуацыя, далучыўшыся да групы падтрымкі, а таксама ў рамках асабістых сустрэч або анлайн.

Калі ў сям’і ёсць іншыя дзеці, важна памятаць: браты і сёстры дзяцей з асаблівасцямі развіцця павінны адчуваць, што яны такія ж важныя для бацькоў, што пра іх клапоцяцца і хвалююцца аб тым, праз што яны праходзяць. Неабходна з імі размаўляць, бавіць час і знаходзіць неабходныя спосабы падтрымкі.