Музычныя статуі
Што спатрэбіцца: музычнае суправаджэнне.
У чым заключаецца гульня. Гэта вясёлая і энергічная гульня для кампаніі дзяцей, у якую можна гуляць дзе заўгодна. Чым больш удзельнікаў, тым лепш. Ідэя простая: пакуль іграе музыка, дзеці танцуюць. Але як толькі музыка спыняецца, яны павінны замерці і заставацца абсалютна нерухомымі.
Хтосьці адзін павінен уключаць і выключаць музыку і судзіць гульню. Пасля таго, як суддзя спыніць музыку, ён некаторы час назірае за ўдзельнікамі. Калі заўважыць, што нехта ўздрыгнуў, пашавяліўся, пахіснуўся, то гэты ігрок выбывае з гульні. Прыкладна праз 20 секунд суддзя зноў запускае музыку.
Гульня працягваецца да таго часу, пакуль не застанецца толькі адзін ігрок.
Мяняйце музыку ў кожнай гульні (ці нават у кожным раўндзе), няхай дзеці рухаюцца па-рознаму ў адпаведнасці са стылем музычнага суправаджэння. Можна ўключаць папулярную, класічную, танцавальную музыку, фолк, джаз і г. д.
Чым карысная гульня. Дзеці адпрацоўваюць навыкі слухання і ўтрымання раўнавагі, а таксама рэфлексы і танцавальныя рухі.