Музыка і гульня: музычны бэбі-мікс

Што спатрэбіцца: лёгкая музыка, рэчы, якія ўтвараюць розныя гукі, бразготкі.

У чым заключаецца гульня. Трымайце дзіця на руках і асцярожна гушкайце пад музыку (спявайце самі ці ўключыце музыку). Вы можаце павольна перамяшчацца па пакоі з немаўлём на руках. Па меры таго, як дзіця расце, яно пачынае адрозніваць розныя тыпы гукаў і музыкі (выбірайце тое, што падабаецца вам і вашай сям’і, у тым ліку традыцыйную музыку і песні).

Перад сном трымайце дзіця на руках і ціхенька гушкайце, пакуль спяваеце калыханку. Праспявайце дзіцяці: нават калі вы не вельмі добра спяваеце, яно пра гэта не ведае і з задавальненнем слухае ваш голас. Паўтарайце песні і калыханкі, каб супакоіць дзіця.

Яшчэ адзін спосаб пазнаёміць дзіця з гукамі — выкарыстоўваць паўсядзённыя прадметы, якія ўтвараюць шум. Напрыклад, лыжкі і мерныя кубкі могуць утвараць цікавыя гукі пры пастукванні па стале. Патрасіце мернымі лыжкамі або кубкамі на адлегласці, але так, каб дзіця магло дацягнуцца рукамі (або нагамі). Затым дайце яму іх патрымаць, вывучыць і патрэсці. Можна паспрабаваць выстукваць просты рытм або мелодыю — паглядзіце, як дзіця будзе на гэта рэагаваць.

Зрабіце бразготку са званочкаў, жэтонаў ці накрывак ад бутэлек. Прапануйце дзіцяці дзве бразготкі, каб можна было трымаць у кожнай руцэ па адной з іх. Пастарайцеся зразумець, ці падабаецца яму які-небудзь з гукаў больш за іншыя.

Калі дзіця ўжо сядзіць само, пасадзіце яго да сябе на калені тварам да вас. Рухайце каленямі ўверх і ўніз у рытме дзіцячай песні ці іншай музыкі. Спявайце і рухайцеся ў рытме песні. Дапамажыце дзіцяці складаць далонькі і пляскаць у такт песні.

Чым карысная гульня. Гэта занятак на ўсе выпадкі жыцця, асабліва калі музыка весяліць ці супакойвае ваша дзіця і вас. Спевы знаёмым для дзіцяці голасам дапамагаюць яму вучыцца слухаць.