На шчасце, на жаль

Што спатрэбіцца: добры настрой.

У чым заключаецца гульня. Выберыце, хто з ігракоў пачне аповед. Гэта павінен быць адзін сказ пра што заўгодна. Напрыклад: «Каманда піратаў адправілася на сваім караблі да вострава ў пошуках скарбаў».

Другі ігрок кажа: «На жаль...» — і працягвае апавяданне, прыдумваючы, што пайшло не так, напрыклад: «…на іх напала марская пачвара».

Наступны ігрок кажа: «На шчасце...» — і працягвае апавяданне, прыдумваючы, што дапамагло пазбегнуць бяды. Напрыклад: «… маленечкая мышка, якая жыла ў труме, сваім хвастом паказытала марскую пачвару, і ў піратаў атрымалася збегчы».

Па меры таго, як апавяданне будзе станавіцца ўсё больш неверагодным, яго аўтарам будзе станавіцца ўсё весялей!

Працягвайце гуляць, пакуль гісторыя не падыдзе да лагічнага канца ці пакуль дзецям не захочацца пачаць новае апавяданне.

Спытайце дзяцей, што ім больш падабаецца прыдумваць: «на шчасце...» або «на жаль...». А можа, і тое, і другое? Можна паспрабаваць арганізаваць гульню так, каб яны прыдумвалі менавіта тыя падзеі, якія ім больш падабаюцца.

Чым карысная гульня. Гэтая гульня стымулюе ўяўленне дзяцей, а таксама пашырае іх слоўнікавы запас. Можна складаць гісторыю дзе заўгодна і рабіць яе кароткай ці доўгай. Гэта ідэальны занятак для працяглых паездак ці дажджлівых дзён.