Намалюйце сямейнае дрэва

Што спатрэбіцца: папера, аловак, ручка, лінейка, нажніцы.

У чым заключаецца гульня. Дзеці павінны быць у цэнтры свайго генеалагічнага дрэва, таму папрасіце іх намаляваць сябе пасярэдзіне ў ніжняй частцы аркуша паперы. Побач трэба намаляваць братоў і сясцёр (калі ёсць).

Наступны этап — намаляваць бацькоў па абодва бакі ад сябе. Для кожнага чалавека можна дадаваць такія звесткі: дата нараджэння і месца нараджэння. Можаце проста ўказваць імёны і аддаваць усю ўвагу мастацкаму афармленню.

Спачатку намалюйце ўсё алоўкам, пакуль не зразумееце, колькі спатрэбіцца месца. А затым расфарбуйце. Магчыма, спатрэбіцца лінейка, каб маляваць лініі і стрэлкі паміж членамі сям’і. Вы можаце праявіць творчы падыход і дадаць членаў вашай сям’і ў выглядзе лісця на дрэве.

Для дзяцей малодшага ўзросту стварыце больш простую схему. Пералічыце іх бабуль і дзядуляў з абодвух бакоў сям’і, а да іх дадайце прабабуль і прадзядуляў.

Усе сем’і розныя, таму будуйце дрэва, як хочацца. Абмяркуйце ўнікальную гісторыю вашай сям’і. Ці ведаеце вы, што ваша прозвішча можа ўказваць на тое, чым вашыя продкі зараблялі на жыццё? Прыклад «гаваркіх» прозвішчаў — Кавалёў ці Рыбак.

Дзеці могуць маляваць фарбай з дапамогай далоней, дадаючы больш складаныя дэталі пальцамі.

Чым карысная гульня. Гэтае заданне дапамагае дзецям даведацца пра іх продкаў. Прапанаваная гульня — цудоўная магчымасць для дзяцей правесці час са старэйшым сваяком, вывучаючы гісторыю сваёй сям’і. Такі творчы занятак вучыць дзяцей, што сем’і бываюць самыя розныя па складзе і памеры. Хто ведае, магчыма, вы таксама адкрыеце для сябе нешта новае.

Дзеці малодшага ўзросту развіваюць дробную маторыку, знаёмяцца з колерамі. Дзеці старэйшага ўзросту могуць больш засяродзіцца на творчых дэталях і адпрацоўцы мастацкіх прыёмаў.