Насавыя крывацёкі
Насавыя крывацёкі ў дзяцей
Насавыя крывацёкі з’яўляюцца распаўсюджанай з’явай у дзяцей. У некаторых яны ўзнікаюць дастаткова часта.
Прычыны насавых крывацёкаў у дзяцей вельмі разнастайныя:
- пашкоджанне або траўміраванне слізістай абалонкі носа пальцам (пры калупанні ў носе);
- моцны ўдар носам або празмернае напружванне падчас інтэнсіўнага смаркання;
- засоўванне старонніх прадметаў у нос;
- алергія;
- далучэнне інфекцыі верхніх дыхальных шляхоў (поласці носа, насаглоткі) і пазух носа;
- няправільнае выкарыстанне лекавых прэпаратаў, напрыклад спрэю для носа;
- моцнае напружванне падчас дэфекацыі пры яе цяжкасці (запоры);
- сухасць і раздражненне слізістай абалонкі носа з-за нізкай вільготнасці паветра ў памяшканні.
Да менш распаўсюджаных прычын насавых крывацёкаў адносяцца: парушэнні згусальнасці крыві, рэдкія парушэнні работы крывяносных сасудаў і іншыя захворванні ў дзіцяці.
Важна памятаць, што пры насавым крывацёку страта крыві не такая значная, як гэта можа выглядаць.
Калі трэба звярнуцца да ўрача пры насавых крывацёках
Звярніцеся да педыятра або спецыяліста-отарыналарынголага, калі:
- крывацёк не спыняецца праз 20 хвілін, нават калі нос быў моцна заціснуты ўвесь гэты час;
- насавы крывацёк суправаджаецца пагаршэннем агульнага самаадчування дзіцяці, яно выглядае бледным або ў яго невытлумачальныя сінякі на целе;
- дзіцяці менш за два гады;
- насавыя крывацёкі ў дзіцяці рэгулярныя.
Лячэнне насавога крывацёку
Самае галоўнае — захоўвайце спакой. Гэта дапаможа дзіцяці супакоіцца, калі яно засмучана выглядам і смакам крыві. Плач можа пагоршыць крывацёк з носа.
Шчыльна зацісніце ноздры (мяккая частка носа) указальным і вялікім пальцамі па баках і ўтрымлівайце іх так на працягу 10 хвілін. Пры гэтым дзіця павінна сядзець роўна і трымаць галаву нерухома, злёгку нахіліўшы яе наперад. Не ўкладвайце дзіця і не закідвайце яго галаву назад. Пачакайце поўныя 10 хвілін. Не правярайце, ці спыніўся крывацёк.
Калі па сканчэнні 10 хвілін, на працягу якіх нос дзіцяці быў заціснуты, у яго ўсё яшчэ ідзе кроў, варта паўтарыць працэдуру яшчэ на працягу 10 хвілін.
Калі крывацёк спыніўся
Сачыце за дзіцем, каб яно не смаркалася і не калупала ў носе на працягу прыкладна 24 гадзін. Гэта дапаможа сфарміраваць у носе згустак крыві, які спыняе крывацёк.
У дзіцяці можа з’явіцца рвота падчас або пасля крывацёку з носа пры праглынанні крыві. Гэта распаўсюджаная з’ява, дзіцяці трэба выплёўваць кроў.
Калі крывацёк не спыніўся
Калі спыніць крывацёк з выкарыстаннем вышэйапісаных рэкамендацый не атрымалася на працягу 20 хвілін, неабходна неадкладна звязацца з урачом або адвезці дзіця ў арганізацыю аховы здароўя для аказання тэрміновай медыцынскай дапамогі.
Для спынення крывацёку медыцынскі спецыяліст можа прымяняць лекавыя прэпараты, напрыклад раствор, крэм або мазь, у тым ліку насычаць імі тампон пры тампанадзе.
Тампанада носа
Гэта распаўсюджаны спосаб лячэння насавых крывацёкаў, калі ўрач устаўляе спецыяльны ватна-марлевы тампон у нос дзіцяці. Можа спатрэбіцца яшчэ раз прывезці дзіця да ўрача праз 24–48 гадзін, каб дастаць тампон.
У вельмі рэдкіх выпадках отарыналарынголаг можа накіраваць дзіця на лячэнне ў стацыянар.
Хірургічныя метады лячэння
Пры адсутнасці эфекту ад тампанады прымяняюцца іншыя распаўсюджаныя віды лячэння насавых крывацёкаў. Пры гэтым выкарыстоўваюцца спецыяльныя склеразуючыя прэпараты, электракаагуляцыя і крыядэструкцыя сасудаў слізістай абалонкі носа. Пры такіх працэдурах звычайна прымяняецца абязбольвальны сродак.
Пасля насавога крывацёку
Выконвайце меры засцярогі пасля насавога крывацёку ў дзіцяці:
- Забяспечце спакой дзіцяці на працягу наступных 24 гадзін.
- Не дазваляйце дзіцяці прымаць гарачую ванну.
- Сачыце, каб дзіця не калупалася ў носе і не смаркалася.
Урач можа парэкамендаваць выкарыстанне солевых раствораў у выглядзе кропель ці назальнага спрэю, а таксама алейныя растворы і мазі для ліквідацыі сухасці слізістай абалонкі носа дзіцяці.