Нехарчовая алергія ў дзіцяці

Калі ў дзіцяці алергія на пылавых кляшчоў, пылок дрэў або травяны пылок, на жывёл, латэкс, укусы насякомых і г. д., трэба навучыць яго пазбягаць алергенаў. Да сімптомаў лёгкай ці ўмеранай алергічнай рэакцыі адносяцца сып, ацёк, паколванне ў слізістых, боль у жываце, рвота, лёгкая астматычная рэакцыя. Да сімптомаў цяжкіх алергічных (анафілактычных) рэакцый адносяцца ацёчнасць слізістай абалонкі поласці рота, пачуццё здушанасці ў горле, хрыплы голас, цяжкае дыханне і страта прытомнасці. Варта пракансультавацца з педыятрам наконт алергіі ў дзіцяці.
Body

Нехарчовыя алергіі

У многіх дзяцей узнікае рэакцыя на звычайныя рэчы дома і ў навакольным асяроддзі, напрыклад, на пылавых кляшчоў, укусы насякомых, шэрсць хатніх гадаванцаў, расліны, пустазелле і пылок. Сімптомы алергіі могуць быць лёгкай, умеранай ці цяжкай ступені.

Пры падазрэнні, што ў дзіцяці можа быць алергія, трэба пракансультавацца з педыятрам, які накіруе да алерголага, каб ацаніць стан дзіцяці. Для гэтага прымяняецца некалькі метадаў:

  • Ін’екцыйная скурная проба: скуру дзіцяці праколваюць спецыяльным прыстасаваннем, на кончыку якога ўтрымліваецца пэўны алерген. Калі ў месцы праколу на скуры з’яўляецца сып, верагодна, у дзіцяці алергія.
  • Аналізы крыві: яны дазволяць выявіць спецыфічныя антыцелы — імунаглабуліны Е (антыцелы, што выклікаюць алергічную рэакцыю), якія сведчаць пра наяўнасць пэўнага алергена. Калі ў крыві дзіцяці ўтрымліваецца вялікая колькасць гэтых спецыфічных антыцелаў, верагодна, у яго алергія. Здаваць такі аналіз неабходна пры наяўнасці супрацьпаказанняў да правядзення ін’екцыйнай скурнай пробы.

Лёгкая і ўмераная алергічная рэакцыя

Да сімптомаў лёгкай і ўмеранай алергічнай рэакцыі часцей адносяць адну або некалькі з наступных праяў:

  • сып або крапіўніца;
  • ацёк твару, вачэй ці вуснаў;
  • пачуццё паколвання ў роце;
  • экзэма, рэакцыя, як на цвіценне, або сімптомы астмы — гэтыя праявы могуць быць мацнейшымі, чым звычайна;
  • дыярэя, боль у жываце або рвота.

Што рабіць пры лёгкай і ўмеранай рэакцыі

Калі вы лічыце, што ў вашага дзіцяці алергічная рэакцыя ад лёгкай да ўмеранай ступені, дайце яму антыгістамінны прэпарат у дазіроўцы, якая адпавядае інструкцыі.

У хатняй аптэчцы заўсёды павінен быць антыгістамінны прэпарат.

Лёгкія і ўмераныя алергічныя рэакцыі з’яўляюцца распаўсюджанай з’явай, а выпадкі смерці ад алергій сустракаюцца рэдка. Смерць можа наступіць, калі не паспець своечасова даць жыццёва важныя лекі пры развіцці алергічнай рэакцыі.

Цяжкая алергічная (анафілактычная) рэакцыя

Цяжкую алергічную рэакцыю называюць таксама анафілактычнай. Да яе сімптомаў адносяць адну або адразу некалькі праяў:

  • ускладненае або шумнае дыханне;
  • ацёк языка, паднябення і гартані, пачуццё здушанасці;
  • цяжкасці з тым, каб гаварыць, і/або хрыплы голас;
  • хрыпы або бесперапынны кашаль;
  • бесперапыннае галавакружэнне або страта прытомнасці;
  • бледнасць і млявасць (у маленькіх дзяцей);
  • нізкі крывяны ціск;
  • дыярэя, боль у жываце або рвота пасля ўкусу насякомага.

Анафілактычная рэакцыя — гэта небяспечны для жыцця стан, які патрабуе неадкладнай медыцынскай дапамогі. Калі ў дзіцяці анафілактычная рэакцыя, пасадзіце або пакладзіце яго на падлогу. Не дазваляйце яму стаяць ці хадзіць. Пры магчымасці неабходна зрабіць ін’екцыю з адрэналінам, пасля чаго тэрмінова выклікаць брыгаду хуткай медыцынскай дапамогі (па тэлефоне 103).

Алергія на лекі

У дзіцяці таксама можа з’явіцца сып ці ацёк пры прыёме лекавых прэпаратаў, асабліва антыбіётыкаў. Такія сімптомы могуць быць выкліканы негатыўнай рэакцыяй на некаторыя кампаненты лекаў. Сып і ацёк таксама могуць быць абумоўлены скрытай інфекцыяй, а не алергіяй.

Калі ў дзіцяці дыярэя ці рвота пасля прыёму лекаў, верагодна, гэта не алергічная рэакцыя. Хутчэй за ўсё, прычынай з’яўляецца хвароба ці дзеянне лекаў на страўнік.

Рэакцыі на прышчэпкі ў месцы ўколу з’яўляюцца распаўсюджанай з’явай і, як правіла, праяўляюцца ў выглядзе болю, пачырванення і ацёку. У дзіцяці можа таксама нязначна павысіцца тэмпература. Сапраўдныя алергічныя рэакцыі на прышчэпкі ўзнікаюць вельмі рэдка.

У выпадку рэакцыі на лекі ў дзіцяці лепш пракансультавацца з педыятрам.

Прыклады агульных алергенаў

Пылавыя кляшчы

Пылавыя кляшчы жывуць амаль у кожным доме, за выключэннем засушлівых і высакагорных рэгіёнаў (тэрыторыі на вышыні больш за 1500 м над узроўнем мора). Яны жывуць у цёплых і вільготных месцах, у матрацах, падушках, мяккіх цацках, мяккай мэблі і дыванах.

Сімптомы алергіі на пылавых кляшчоў падобныя на праявы алергіі на цвіценне, таксама да іх адносяцца экзэма і астма.

Алергія на пылавых кляшчоў не з’яўляецца сезоннай — яна можа выявіцца ў любую пару года.

Прафілактыка

У першую чаргу варта надаць увагу спальні і ложку дзіцяці. Паменшыць колькасць пылавых кляшчоў можна, прымаючы наступныя меры:

  • накрываць ложак спецыяльным наматрацнікам ад пылавых кляшчоў, які абароніць дзіця падчас сну;
  • мыць прасціны і навалачкі кожны тыдзень пры тэмпературы вады 60 °C;
  • мыць коўдры, накідкі і пакрывалы ў гарачай вадзе кожныя два месяцы;
  • прыбраць са спальні ўсе мяккія цацкі ці штотыдзень іх мыць;
  • прыбраць з дому дываны ці часта пыласосіць іх і апрацоўваць мыйнымі сродкамі.

Хатнія жывёлы

У дзіцяці можа ўзнікнуць алергія на шэрсць, перхаць і сліну любога гадаванца.

Прафілактыка

Калі хатні гадаванец выклікае алергічную рэакцыю, то лепшы спосаб пазбегнуць кантакту дзіцяці з ім — трымаць жывёлу на вуліцы. Не дазваляйце ёй спаць на дзіцячым ложку і заходзіць у спальню дзіцяці.

Лугавыя травы, пустазелле і пылок

Алергія на лугавыя травы, пустазелле і пылок — сезонная, яе праявы ўзмацняюцца ў вясновыя і летнія месяцы, калі цвітуць лугавыя травы і іншыя расліны.

Прафілактыка:

  • трымайце вокны і дзверы зачыненымі і пакідайце дзіця ў памяшканні ў дні цвіцення раслін, а таксама ў ветраныя дні;
  • купайце дзіця ў ванне ці мыйце пад душам пасля гульняў на вуліцы, асабліва калі ў яго ўзнікае сверб.

Латэкс

У дзіцяці могуць узнікнуць пачырваненне, сып ці ацёк пасля кантакту з якім-небудзь вырабам, у склад якога ўваходзіць латэкс. Гэта могуць быць паветраныя шарыкі, гумовыя пальчаткі, соскі для дзіцячых бутэлечак або пустышкі.

Калі ў дзіцяці алергія на латэкс, неабходна паведамляць пра гэта спецыялістам, да якіх вы будзеце звяртацца з дзіцем па любую медыцынскую дапамогу. Зразумела, трэба пазбягаць выкарыстання вырабаў з латэксу падчас кантакту з дзіцем. У некаторых выпадках магчыма развіццё анафілактычнай рэакцыі на латэкс.