Вымярэнне тэмпературы ў дзіцяці
Сярэдняе значэнне тэмпературы цела ў межах нормы ў дзяцей складае каля 37 °C. Тэмпературу ў дзіцяці вышэй за 38 °C прынята лічыць гарачкай.
Тыпы тэрмометраў
Лепшы спосаб вызначыць тэмпературу — вымераць яе з дапамогай тэрмометра. Прыкладанне рукі да лба дзіцяці не з’яўляецца надзейным спосабам дыягностыкі гарачкі.
Большасць сучасных тэрмометраў з’яўляюцца лічбавымі.
Лічбавыя кантактныя тэрмометры
Лічбавы кантактны тэрмометр можна выкарыстоўваць для вымярэння тэмпературы ў дзіцяці трыма асноўнымі спосабамі:
- аральна (пад языком): выкарыстанне гэтага метаду магчыма ў дзяцей, старэйшых за 4 гады;
- у падпахавай упадзіне: метад зручны для прымянення ў дзяцей ва ўзросце ад 3 месяцаў да 4 гадоў. Аднак ён менш дакладны, чым аральны ці рэктальны спосаб;
- рэктальна (у прамой кішцы): лічыцца, што гэта лепшы метад для немаўлят ад нараджэння да 3 месяцаў, таксама ён можа выкарыстоўвацца ў дзяцей ва ўзросце ад 3 месяцаў да 4 гадоў. Гэта найбольш дакладны метад вымярэння, аднак многія спецыялісты не рэкамендуюць яго, паколькі існуе рызыка пашкоджання слізістай абалонкі прамой кішкі дзіцяці.
Тэрмометр трэба прамываць цёплай вадой з мылам ці праціраць вільготнай сурвэткай.
Лічбавыя вушныя тэрмометры
Вушныя тэрмометры хуткія і простыя ў выкарыстанні, але яны могуць даваць недакладныя вынікі.
Лічбавыя бескантактныя тэрмометры для вымярэння тэмпературы на лбе або ў вобласці скроневай артэрыі.
Гэта самыя простыя ва ўжыванні тэрмометры. Іх можна выкарыстоўваць, нават калі дзіця спіць, але іх паказанні могуць быць недакладнымі.
Іншыя тэрмометры
Для вызначэння тэмпературы не рэкамендуецца выкарыстоўваць лічбавыя тэрмометры-соскі, тэст-палоскі і дадаткі для смартфонаў па прычыне вялікай хібнасці іх вымярэнняў.
Ртутныя тэрмометры
Не рэкамендаваны да выкарыстання. Пры іх пашкоджанні магчыма атручэнне дзіцяці.
Вымярэнне тэмпературы ў дзіцяці
Незалежна ад тыпу тэрмометра перад першым яго прымяненнем важна ўважліва прачытаць прыкладзеную да яго інструкцыю.
Ніжэй прыведзена некалькі парад, якія дапамогуць дакладна вымераць тэмпературу ў дзіцяці.
Аральны спосаб
Вымераць тэмпературу ў дзіцяці аральным метадам можна з дапамогай кантактнага тэрмометра. Важныя моманты:
- праводзьце вымярэнне праз не менш чым пяць хвілін пасля таго, як дзіця выпіла гарачы або халодны напітак;
- размяшчайце тэрмометр у яго пад языком з аднаго боку;
- навучыце дзіця ўтрымліваць тэрмометр вуснамі, а не зубамі, і папрасіце яго дыхаць праз нос;
- счытвайце паказанні на лічбавым дысплеі пасля гукавога сігналу. Для большай дакладнасці да вымеранага значэння трэба дадаць 0,5 °C.
Вымяраць тэмпературу аральна лепш дзецям, якія дасягнулі ўзросту 4 гадоў. Ужыванне гэтага спосабу ў дзяцей, малодшых за 4 гады, ускладнена ўзроставымі асаблівасцямі развіцця (дзіцяці складана растлумачыць правілы вымярэння).
Вымярэнне ў падпахавай упадзіне
Пры гэтым спосабе таксама выкарыстоўваюць кантактны тэрмометр:
- змясціце тэрмометр у падпахавую вобласць дзіцяці;
- апусціце яго руку на тэрмометр, пры гэтым локаць павінен быць прыціснуты да цела;
- пачакайце, пакуль тэрмометр выдасць гукавы сігнал, а затым паглядзіце паказанні тэмпературы на лічбавым дысплеі.
Вымярэнне тэмпературы ў дзіцяці ў падпахавай вобласці — гэта самы просты спосаб, асабліва калі справа датычыць маленькіх дзяцей. Варта адзначыць, што ён менш дакладны, чым аральны.
Каб вызначыць сапраўдную тэмпературу цела дзіцяці, да вымеранага падпахавым спосабам значэння трэба дадаць 1 °C.
Рэктальны спосаб
Перад вымярэннем тэмпературы ў прамой кішцы трэба намазаць кончык тэрмометра вазелінам. Пасля гэтага пакладзіце дзіця на спіну, прыпадніміце яму ножкі і ўвядзіце тэрмометр на 1,3–2,5 см у прамую кішку. Таксама можна пакласці дзіця на жывоцік да сябе на калені ці на іншую цвёрдую паверхню, пры гэтым трэба пакласці руку яму на спінку, каб утрымліваць дзіця на месцы. Калі вы адчуваеце нават мінімальнае супраціўленне, ні ў якім разе не спрабуйце ўставіць рэктальны тэрмометр з намаганнем. Прытрымлівайце тэрмометр у адным становішчы, пакуль ён не выдасць сігнал, затым дастаньце яго і паглядзіце паказанні.
Калі неабходна звярнуцца да педыятра пры гарачцы ў дзіцяці
Малодшых за 3 месяцы немаўлят з высокай тэмпературай трэба адразу ж даставіць у аддзяленне неадкладнай дапамогі. Гэта звязана з тым, што ў такіх дзяцей больш складана вызначыць наяўнасць сур’ёзнага першапрычыннага захворвання.
У дзяцей ва ўзросце ад 3 да 12 месяцаў высокая тэмпература можа быць прыкметай сур’ёзнага захворвання, таму звярнуцца па кансультацыю да педыятра пажадана ў той жа дзень.
Дзеці, старэйшыя за 12 месяцаў. Неабходна звярнуцца ў аддзяленне неадкладнай дапамогі бальніцы або адразу ж выклікаць хуткую дапамогу (па тэлефоне 103), калі ў дзіцяці высокая тэмпература і адзначаюцца іншыя прыкметы сур’ёзнага захворвання, такія як моцны боль, санлівасць, бледнасць або пасіненне скуры, абязводжванне, цяжкае дыханне, скаванасць мышцаў шыі, пастаянная рвота і затарможанасць.
Калі тэмпература ў дзіцяці не змяншаецца на працягу 48 гадзін, трэба звярнуцца да педыятра.
Вы можаце вымяраць тэмпературу ў дзіцяці так часта, як лічыце патрэбным, напрыклад, кожныя 3–4 гадзіны, пры гэтым асабліва важна кантраляваць яго стан і з’яўленне прыкмет сур’ёзнага захворвання.