Себарэя галавы («чэпчык немаўляці»)
Прычыны ўзнікнення себарэйных скарыначак
Себарэя галавы («чэпчык немаўляці») — гэта фізіялагічны стан, пры якім павышанае выдзяленне тлушчу (скурнага сала) прыводзіць да ўтварэння шматлікіх лускавінак на галаве (себарэйных скарыначак) у месцах вялікай колькасці тлушчавых залоз (у немаўлят часцей на скуры галавы).
Павышаная выпрацоўка тлушчу ў немаўляці адбываецца пад дзеяннем матчыных гармонаў, якія цыркулююць у крыві дзіцяці пасля нараджэння. Лішкі тлушчу перашкаджаюць натуральнаму аблушчванню скуры, у выніку чаго адбываецца наслаенне і назапашванне яе змярцвелых частак.
Правакуючым фактарам таксама могуць з’яўляцца грыбы, якія прысутнічаюць у норме на паверхні скуры. Себарэйныя скарыначкі ўтвараюцца пры вострым рэагаванні імуннай сістэмы дзіцяці на фізіялагічную прысутнасць грыбоў на скуры. Моцная рэакцыя ў некаторых выпадках можа прыводзіць да запалення.
Себарэя галавы не носіць сур’ёзнага характару, яна не заразная і не небяспечная.
Скарыначкі могуць прыводзіць да заблытвання валасоў, аднак да аблысення або доўгачасовай страты валасоў у дзіцяці яны не прывядуць.
Сімптомы себарэі галавы немаўляці
Себарэйныя скарыначкі нагадваюць лускавінкі бледна-жоўтага колеру. Яны звычайна з’яўляюцца на патыліцы ці на макаўцы дзіцяці. Часам лускавінкі могуць утварацца на бровах і за вушамі. У некаторых дзяцей яны могуць з’явіцца нават на тулаве.
Лускавінкі (скарыначкі) могуць быць масляністымі навобмацак. Яны цяжка лупяцца.
Пераважнай большасці немаўлят себарэйныя скарыначкі не прыносяць клопату.
Калі звярнуцца да педыятра пры себарэйных скарыначках у дзіцяці
Пакажыце дзіця педыятру ў наступных выпадках:
- скарыначкі не пачалі памяншацца праз два тыдні, нягледзячы на выкананне вамі прапанаваных ніжэй рэкамендацый па доглядзе;
- скарыначкі становяцца чырвонага колеру, запаляюцца ці дзіця чухае іх;
- працэс распаўсюджваецца;
- вам здаецца, што себарэйныя скарыначкі турбуюць дзіця;
- вы сумняваецеся, што гэта сапраўды себарэйныя скарыначкі.
Правілы догляду скуры галавы немаўляці пры себарэі
Лячыць себарэйныя скарыначкі не патрабуецца. Звычайна яны праходзяць самаадвольна на працягу першага года жыцця дзіцяці, па меры таго як у яго крыві становіцца ўсё менш матчыных гармонаў.
Пры жаданні хутчэй пазбавіцца ад скарыначак перад купаннем дзіцяці лёгкімі масажнымі рухамі нанясіце на іх дзіцячае масла ці вазелін. Для вымывання скарыначак выкарыстоўвайце мяккі дзіцячы шампунь. З часам яны размягчацца і будуць лёгка адпадаць, калі вы будзеце праводзіць па іх ватнай палачкай або вычэсваць мяккай расчоскай, прыдатнай для дзіцячых валасоў.
Пры вычэсванні скарыначак не прыкладайце вялікія намаганні, бо гэта можа траўміраваць скуру і стаць прычынай кроватачывасці, а таксама далучэння інфекцыі.
Калі скарыначкі запалёныя, педыятр можа прызначыць спалучэнне мяккага крэму з кортыкастэроідамі і супрацьгрыбковага крэму. Наносьце крэм згодна з інструкцыяй.
Не хвалюйцеся, калі пасля знікнення себарэйныя скарыначкі зноў з’явяцца. Гэта азначае толькі тое, што залозы дзіцяці ўсё яшчэ выпрацоўваюць лішкі тлушчу. Себарэйныя скарыначкі павінны прайсці да 6–12 месяцаў.