Алергія ў дзяцей
Як узнікае алергія
Алергія ўзнікае ў выпадку, калі арганізм дзіцяці рэагуе на алерген у навакольным асяроддзі, напрыклад на які-небудзь прадукт, пылавых кляшчоў ці пылок.
Алергены прымушаюць імунную сістэму дзіцяці выпрацоўваць спецыфічныя антыцелы (імунаглабуліны Е, або IgE), якія выклікаюць выкід гістаміну і іншых рэчываў у арганізм. Гэта прыводзіць да развіцця сімптомаў алергіі.
Лёгкія, умераныя і нават цяжкія алергічныя рэакцыі сустракаюцца часта, але выпадкі смерці ад іх рэдкія. Смерць можа адбыцца, калі пры развіцці цяжкай формы алергічнай рэакцыі жыццёва важныя лекавыя прэпараты былі ўведзены несвоечасова.
Дзіця схільнае да павышанай рызыкі ўзнікнення алергіі, калі ў кагосьці з членаў сям’і адзначаецца алергія ці такія праблемы, як астма, экзэма, сезонная алергія на цвіценне.
Алергічныя рэакцыі: як хутка яны развіваюцца
Алергічная рэакцыя неадкладнага тыпу звычайна развіваецца на працягу некалькіх хвілін або 1–2 гадзін пасля кантакту дзіцяці з рэчывам, на якое ў яго алергія.
Алергічная рэакцыя запаволенага тыпу звычайна ўзнікае праз некалькі гадзін ці нават дзён пасля кантакту з алергенам.
Лёгкія і ўмераныя алергічныя рэакцыі: сімптомы
Сімптомы пры лёгкай і ўмеранай алергічнай рэакцыі аднолькавыя, розніца толькі ў ступені іх праяўлення. Магчыма ўзнікненне аднаго або некалькіх з наступных сімптомаў:
- сып або крапіўніца;
- ацёк твару, вачэй ці вуснаў;
- пачуццё паколвання ў роце;
- экзэма, сезонны алергічны рынакан’юктывіт (рэакцыя на пылок раслін) або праявы астмы — усе гэтыя рэакцыі могуць праяўляцца мацней, чым звычайна;
- дыярэя, боль у жываце або рвота.
Памятайце, калі ў дзіцяці дыярэя, боль у жываце ці рвота пасля ўкусу насякомага, гэта азначае, што ў яго цяжкая алергічная рэакцыя.
Цяжкая алергічная рэакцыя: сімптомы
Цяжкая алергічная рэакцыя называецца анафілактычнай. Яе сімптомы:
- ускладненае або шумнае дыханне;
- ацёк языка і гартані ці пачуццё сціснутасці ў іх;
- цяжкасці з маўленнем і/або хрыплы голас;
- хрыпы або бесперапынны кашаль;
- бесперапыннае галавакружэнне або страта прытомнасці;
- бледнасць і млявасць (у малых дзяцей);
- дыярэя, боль у жываце або рвота пасля ўкусу насякомага.
Анафілактычная рэакцыя — гэта алергічная рэакцыя, якая пагражае жыццю і патрабуе неадкладнай медыцынскай дапамогі. Калі ў дзіцяці анафілактычная рэакцыя, адразу пакладзіце яго на падлогу. Не дазваляйце яму стаяць ці хадзіць. Калі ёсць такая магчымасць, зрабіце ін’екцыю адрэналіну, пасля чаго выклічце хуткую медыцынскую дапамогу (па тэлефоне 103).
Дыягностыка алергіі
Да звычайных аналізаў для выяўлення алергіі на канкрэтны алерген адносяцца:
- Ін’екцыйная скурная проба: скуру дзіцяці праколваюць спецыяльным прыстасаваннем (яно нагадвае зубачыстку), якое ўтрымлівае пэўны алерген. Калі ў месцы ўколу на скуры дзіцяці з’яўляецца рэакцыя ў выглядзе раздражнення, пачырванення ці сыпу, гэта сведчыць пра верагодную алергію.
- Аналізы крыві: проба на вызначэнне ўтрымання ў крыві спецыфічных антыцелаў (IgE), якія прысутнічаюць у арганізме дзіцяці. Гэты аналіз дазваляе выявіць, ці ёсць у дзіцяці рэакцыя на канкрэтныя алергены. Калі ў крыві дзіцяці ўтрымліваецца вялікая колькасць гэтых антыцелаў, верагодна, у яго алергія. Здаваць такі аналіз неабходна пры наяўнасці супрацьпаказанняў да правядзення ін’екцыйнай скурнай пробы.
Дапамога пры лёгкіх і ўмераных алергічных рэакцыях
Калі ў дзіцяці назіраецца лёгкая або ўмераная алергічная рэакцыя, у тым ліку скурны сып, пачуццё паколвання або ацёк у роце, яму трэба даць антыгістамінны прэпарат у адпаведнай дазіроўцы згодна з інструкцыяй (у форме таблетак ці сіропу).
Рэкамендуецца ўвесь час мець пры сабе ці ў хатняй аптэчцы антыгістамінны прэпарат — такім чынам, ён заўсёды будзе пад рукой у выпадку неабходнасці.
Іншыя метады лячэння алергіі
У залежнасці ад тыпу алергічнай рэакцыі можа быць рэкамендавана іншае лячэнне:
- У некаторых выпадках урачом могуць быць прызначаны кортыкастэроіды ўнутр.
- Пры экзэме дзіцяці могуць спатрэбіцца мазі з кортыкастэроідамі.
- Пры алергіі на цвіценне палегчыць стан спрэй для носа з кортыкастэроідамі.
- Пры астме можа спатрэбіцца інгалятар з сальбутамолам або тэрбуталінам.
Пры стойкай алергіі, якая выклікае занепакоенасць, на ўкусы насякомых, на пылавых кляшчоў і пылок раслін з мэтай паслаблення сімптомаў дзіцяці можа быць прызначана імунатэрапія.
Лячэнне анафілактычнай рэакцыі
Калі ў дзіцяці высокая рызыка анафілактычнай рэакцыі, рэкамендуецца, каб у яго пры сабе заўсёды быў шпрыц-цюбік з адрэналінам. Пры гэтым важна, каб і дзіця, і яго блізкія, якія ажыццяўляюць яго догляд, умелі абыходзіцца з гэтай прыладай. Шпрыц-цюбік з адрэналінам для дзіцяці павінен быць у лёгкадаступным месцы ў любы час. Трэба навучыць і іншых людзей (членаў сям’і, сяброў, выхавацеляў, настаўнікаў і асоб, якія клапоцяцца пра дзіця) карыстацца ім.
Таксама рэкамендуецца, каб дзіця насіла медыцынскі бранзалет, які інфармуе пра наяўнасць алергіі.