Гастраэзафагеальны рэфлюкс і гастраэзафагеальная рэфлюксная хвароба
Што такое гастраэзафагеальны рэфлюкс
Гастраэзафагеальны рэфлюкс — стан, пры якім змесціва страўніка дзіцяці трапляе назад у стрававод або рот. Гэта адбываецца ў выніку няшчыльнага змыкання мышачнага кальца на іх мяжы. У малых дзяцей гастраэзафагеальны рэфлюкс можа быць вынікам узроставых асаблівасцей няспеласці сістэмы стрававання. Ён падобны да рвоты ці выплёўвання — «зрыгвання».
Сімптомы гастраэзафагеальнага рэфлюксу
Калі ў дзіцяці гастраэзафагеальны рэфлюкс, у яго можа ўзнікаць рвота малаком — як падчас кармлення, так і пасля яго (паміж кармленнямі).
Звычайна сімптомы рэфлюксу ўзнікаюць на працягу першых двух месяцаў пасля нараджэння.
У большасці дзяцей рэфлюкс праходзіць да ўзросту, калі яны пачынаюць хадзіць. Верагодна, гэта звязана з развіццём стрававальнага тракту, пераходам на цвёрдую ежу і з тым, што ў гэтым узросце дзіця праводзіць больш часу ў вертыкальным становішчы.
У некаторых выпадках сімптомы могуць захоўвацца даўжэй.
Гастраэзафагеальная рэфлюксная хвароба
У вельмі рэдкіх выпадках рэфлюкс прыводзіць да ўскладненняў. Тады педыятр можа дыягнаставаць у дзіцяці гастраэзафагеальную рэфлюксную хваробу (ГЭРХ).
Да сімптомаў ГЭРХ адносяць боль і дыскамфорт у грудзях або жываце, з-за якіх дзіця можа капрызіць, часам назіраецца таксама моцны плач з выгінаннем спіны.
Калі ў вашага дзіцяці ГЭРХ, у яго могуць адзначацца:
- парушэнне сну;
- недастатковы набор вагі;
- хранічны кашаль і хрыпы;
- кроў у рвотных масах.
Калі трэба звярнуцца да педыятра пры падазрэнні на гастраэзафагеальны рэфлюкс
Пакажыце дзіця педыятру, калі адзначаеце ў дзіцяці наступныя праявы:
- цяжкасці з глытаннем;
- павышэнне тэмпературы цела;
- раздражняльнасць, складанасці з супакаеннем;
- адсутнасць апетыту;
- моцная рвота;
- недастатковы рост і развіццё, зніжэнне вагі;
- хранічны кашаль або частыя інфекцыі органаў грудной клеткі.
Неадкладна выклічце хуткую дапамогу (па тэлефоне 103), калі ў рвотных масах дзіцяці прысутнічае вадкасць зялёнага колеру ці кроў.
Абследаванні пры гастраэзафагеальным рэфлюксе
Часта здаваць аналізы пры рэфлюксе не патрабуецца.
Пры ўзнікненні ўскладненняў педыятр можа парэкамендаваць маніторынг pH (праверка ўзроўню кіслотнасці), каб вызначыць, ці не перавышаны ўзровень кіслаты ў страваводзе дзіцяці. Для гэтага ў яго стрававод на 24 гадзіны будзе змешчаны малюсенькі зонд з датчыкам.
Таксама магчымы агляд слізістай абалонкі стрававода дзіцяці з выкарыстаннем спецыяльнай камеры. Такое абследаванне называецца эндаскапіяй і праводзіцца пад агульным наркозам.
Лячэнне гастраэзафагеальнага рэфлюксу
У большасці выпадкаў гастраэзафагеальны рэфлюкс праходзіць сам па сабе і лячэння не патрабуе.
Калі рэфлюкс у дзіцяці працякае ў лёгкай форме і не ўплывае на набор вагі, то, каб дапамагчы дзіцяці, трэба карміць яго ў становішчы, максімальна набліжаным да вертыкальнага. Таксама трымайце дзіця вертыкальна на працягу прыкладна 30 хвілін пасля кармлення.
Акрамя таго, педыятр можа рэкамендаваць згушчаць грудное малако з дапамогай загушчальнікаў на аснове ксантанавай камедзі або камедзі ражковага дрэва, але не з дапамогай злакаў (паколькі яны пераварваюцца ў грудным малаку ферментам амілаза), пакуль сімптомы не пачнуць праходзіць. Выкарыстоўваць загушчальнікі трэба толькі пасля кансультацыі са спецыялістам. Калі дзіця знаходзіцца на штучным выкормліванні, па рэкамендацыі ўрача магчыма выкарыстанне спецыялізаваных сумесей.
Калі вы турбуецеся наконт набору вагі дзіцем пры выкарыстанні ў яго харчаванні загушчальнікаў, пракансультуйцеся з педыятрам.
У некаторых выпадках ён можа прызначыць прэпараты, якія зніжаюць кіслотнасць, што дапаможа прадухіліць магчымае пашкоджанне стрававода страўнікавым змесцівам.
Варта памятаць аб правілах бяспечнага сну, нават калі ў дзіцяці рэфлюкс. Дзіця па-ранейшаму неабходна класці спаць на спіну. Яно павінна спаць на цвёрдым плоскім матрацы, які ніякім чынам не прыпадняты.