Востры абструктыўны ларынгіт (круп)

Востры абструктыўны ларынгіт (круп) — найбольш распаўсюджаны стан у дзяцей, які часцей сустракаецца ў маленстве і ў дзяцей ранняга ўзросту (да пяці гадоў). Звычайна круп развіваецца на фоне інфекцыйна-запаленчага захворвання верхніх дыхальных шляхоў, а адпаведна, часцей у асенне-зімовы перыяд. Як правіла, захворванне не прыводзіць да сур’ёзных наступстваў. У цяжкіх выпадках важна выключыць удыханне старонніх прадметаў.
Body

Сімптомы крупу

Востры абструктыўны ларынгіт (круп) часта суправаджаецца сімптомамі прастуднага захворвання, такімі як насмарк, боль у горле, кашаль, павышаная тэмпература і раздражняльнасць. Калі ў дзіцяці круп, у яго разаўецца рэзкі гаўклівы кашаль, часам хрыпы і свіст пры дыханні — гэта называецца стрыдар.

Шумнае дыханне і гаўклівы кашаль звычайна ўзмацняюцца ноччу, таксама яны могуць выяўляцца, калі дзіця засмучаецца. У большасці дзяцей сімптомы становяцца лягчэйшымі на працягу некалькіх дзён, а затым знікаюць.

У некаторых дзяцей круп можа праходзіць цяжка, калі ўзнікае значная цяжкасць пры дыханні. У гэтым выпадку вашаму дзіцяці патрабуецца тэрміновая медыцынская дапамога, а ў некаторых сітуацыях шпіталізацыя ў стацыянар.

Агульныя прыкметы таго, што ў вашага дзіцяці праблемы з дыханнем:

  • Скура (мышцы) вакол рэбраў і пад грудзінай уцягваецца, калі яно дыхае.
  • Ноздры раздзімаюцца.
  • Дзіця неспакойнае, яму цяжка есці і піць.
  • Дзіця адмаўляецца ўкладвацца.

Стрыдар

Стрыдар — гэта рэзкі рыпучы гук пры ўдыху. Звычайна гэта прыкмета закупоркі або звужэння трахеі.

Цяжкі стрыдар часам узнікае з-за стану, які называюць эпіглатытам. Гэта таксама можа быць выклікана тым, што ў дыхальныя шляхі патрапіў старонні прадмет.

Калі звяртацца да ўрача па прычыне сімптомаў крупу

Заўсёды варта звяртацца да ўрача, калі дыханне дзіцяці выклікае ў вас асцярогі!

Агляд педыятра неабходны, калі вы заўважылі ў дзіцяці адну або некалькі наступных прыкмет:

  • Праблемы з дыханнем.
  • Выразны шум пры дыханні, нават калі дзіця спакойнае і адпачывае.
  • Грудзі дзіцяці ўцягваюцца, калі яно ўдыхае.
  • Праблемы з глытаннем.

Калі ў вашага дзіцяці пасінелі вусны ці яно выглядае вельмі хворым, становіцца бледным і сонным, неадкладна звярніцеся па медыцынскую дапамогу, выклічце хуткую. Цяжкі круп патрабуе неадкладнай медыцынскай дапамогі і лячэння, пры гэтым дзіця павінна знаходзіцца пад назіраннем ва ўмовах бальніцы.

Дыягностыка крупу

Урач зможа паставіць дыягназ вашаму дзіцяці пасля агляду і вывучэння яго гісторыі хваробы.

Лячэнне крупу

Большасць дзяцей з крупам не маюць патрэбы ў лячэнні. Вам проста трэба палягчаць сімптомы гэтак жа, як пры прастудзе.

Важна, каб дзіця было спакойнае, бо цяжкасць дыхання нарастае, калі дзіця напружанае, засмучанае, напалоханае ці перажывае.

Круп часцей за ўсё выклікае вірусная інфекцыя, таму антыбіётыкі ў гэтай сітуацыі не дапамогуць. Яны лечаць толькі бактэрыяльныя інфекцыі.

Не рэкамендуецца ўжыванне пары, уключаючы паравыя інгаляцыі, — гэты спосаб неэфектыўны пры крупе і можа быць небяспечны для дзіцяці!

Вашаму дзіцяці можа спатрэбіцца кароткі курс пераральнага прыёму прэднізалону або дэксаметазону (стэроідаў) у тым выпадку, калі ў яго больш сур’ёзныя сімптомы. Такое лячэнне дапаможа хутка паменшыць сімптомы ў вашага дзіцяці, бо здымае ацёк трахеі.

У асобных выпадках дзіця з крупам неабходна накіраваць у бальніцу для дадатковай дыягностыкі і назірання за станам, каб пераканацца ў праходнасці трахеі. У бальніцы дзіцяці могуць прызначыць адрэналін інгаляцыйна. Такое лячэнне хутка здымае ацёк верхніх дыхальных шляхоў адначасова з дзеяннем стэроідаў.

Прафілактыка

Каб звесці да мінімуму ўздзеянне віруснай інфекцыі, якая правакуе развіццё крупу ў вашага дзіцяці, не вадзіце дзіця ў дзіцячы сад, іншую дашкольную ўстанову або школу, пакуль яно хварэе.

Паколькі круп часам можа быць выкліканы вірусам грыпу, вакцынацыя супраць грыпу можа зменшыць верагоднасць развіцця гэтага захворвання ў вашага дзіцяці.