Прастудныя захворванні
Дзеці і прастудныя захворванні
У сярэднім дзіця дашкольнага ўзросту хварэе на прастудныя захворванні не менш за шэсць разоў на год. Часам, асабліва ў асенне-зімовы перыяд, можа здацца, што дзіця хварэе тыднямі напралёт і, ледзь вылечыўшыся ад адной прастуды, яно падхоплівае іншую.
Маленькія дзеці часта прастуджваюцца, бо ў іх пакуль не выпрацаваны імунітэт да шматлікіх вірусаў і бактэрый, якія выклікаюць прастуду. Па меры сталення ў дзіцяці паступова будзе выпрацоўвацца імунітэт і прастуджвацца яно будзе радзей.
Прастудай таксама называюць інфекцыі верхніх дыхальных шляхоў.
Прычыны прастудных захворванняў
Прычынай большасці прастудных захворванняў з’яўляюцца вірусы, радзей бактэрыі. Існуе больш за 200 тыпаў вірусаў, якія могуць выклікаць прастуду. Яны перадаюцца паветрана-кропельным шляхам пры чханні, кашлі, а таксама пры асабістым кантакце.
Сімптомы прастудных захворванняў
Сімптомы адрозніваюцца ў кожнага канкрэтнага дзіцяці і залежаць ад характару захворвання.
Да сімптомаў адносяцца:
- закладзенасць носа або насмарк;
- чханне;
- боль у горле і вушах;
- кашаль;
- галаўны боль;
- пачырваненне вачэй, слёзацячэнне;
- павелічэнне лімфатычных вузлоў;
- павышэнне тэмпературы цела (гэты сімптом сустракаецца радзей за астатнія).
Таксама ў дзіцяці, як правіла, адзначаецца пагаршэнне агульнага самаадчування і зніжэнне апетыту, магчымыя нават млоснасць або рвота. Дзіця можа быць засмучаным ці раздражняльным.
Праявамі захворванняў, выкліканых вірусам грыпу, акрамя таго, з’яўляюцца моцныя мышачныя болі, дрыжыкі, высокая тэмпература.
Сімптомы прастуды звычайна працягваюцца ад некалькіх дзён да тыдня ці даўжэй. Большасць дзяцей цалкам выздараўліваюць самастойна без якіх-небудзь ускладненняў.
У вельмі рэдкіх выпадках узнікаюць ускладненні: атыт, ларынгіт або круп, інфекцыі ніжніх дыхальных шляхоў (бранхіяліт або пнеўманія). Такія захворванні сустракаюцца адносна рэдка ў параўнанні з прастудай без ускладненняў.
Калі трэба звярнуцца да педыятра ў выпадку прастуднага захворвання
Практычна любое прастуднае захворванне вылечваецца самаадвольна.
Аднак трэба звярнуцца да педыятра для агляду дзіцяці ў выпадку з’яўлення аднаго ці некалькіх з наступных сімптомаў:
- адмаўленне ад піцця;
- частая рвота;
- моцная млявасць, стомленасць, санлівасць дзіцяці;
- моцная гарачка, якая не праходзіць на працягу 48 гадзін;
- кашаль, які не спыняецца больш за два тыдні;
- шумнае дыханне або хрыпы.
Выклічце хуткую медыцынскую дапамогу (па тэлефоне 103) або самастойна звярніцеся ў аддзяленне неадкладнай медыцынскай дапамогі, калі:
- дзіця скардзіцца на моцны галаўны боль;
- дзіця бледнае і соннае;
- у дзіцяці ўскладненае або пачашчанае дыханне, дыхаць яму цяжэй, чым звычайна;
- дзіцяці менш за тры месяцы і ў яго высокая тэмпература;
- у дзіцяці захоўваецца сып, бачны пры націсканні на яго празрыстым шкляным прадметам (талерка, шклянка).
Таксама трэба звярнуцца да педыятра, калі дзіцяці не стала лепш на працягу 48 гадзін і вас непакоіць яго самаадчуванне.
Дыягностыка прастудных захворванняў
У большасці выпадкаў пры прастудных захворваннях ніякіх дыягнастычных мерапрыемстваў не патрабуецца. Педыятр можа назначыць некаторыя аналізы з мэтай выключэння іншых захворванняў пры падазрэнні на іх або пры наяўнасці ўскладненняў.
Лячэнне прастудных захворванняў
Спецыяльнага лячэння, якое дапамагло б хутчэй пазбавіцца ад прастуднага захворвання, няма. Тэрапія накіравана толькі на тое, каб аблегчыць сімптомы.
Лячэнне ў першую чаргу прадугледжвае забеспячэнне дзіцяці багатым цёплым піццём з мэтай прафілактыкі абязводжвання, асабліва пры павышэнні тэмпературы цела. Вадкасць варта даваць дзіцяці невялікімі аб’ёмамі, але часта.
Каб аблегчыць сімптомы, можна зрабіць наступнае:
- Пры высокай тэмпературы і наяўнасці болю і дыскамфорту ў дзіцяці дайце яму парацэтамол у рэкамендаванай дозе згодна з інструкцыяй. Ібупрафен можна даваць дзецям, старэйшым за тры месяцы.
- Не прымушайце дзіця есці. Адсутнасць апетыту пры высокай тэмпературы — гэта нармальна. Апетыт вернецца, як толькі дзіця стане адчуваць сябе лепш.
- Прымяняйце солевыя сродкі для носа (спрэй ці кроплі) — яны эфектыўныя пры закладзенасці.
- Растлумачце дзіцяці, што няма прычын для хвалявання ў выпадку такога захворвання, як прастуда, каб яно не ўспрымала ўсё занадта сур’ёзна. Акрамя таго, не прымушайце яго заставацца ў ложку і не абмяжоўвайце яго актыўнасць.
- Для эфектыўнага папаўнення вадкасці ў перыяд хваробы прапануйце дзіцяці яго любімыя напіткі або тыя, якія дзіця выбера сам.
Пры прастудным захворванні не рэкамендуюцца наступныя лекавыя прэпараты (калі толькі іх не назначыў урач):
- Сродкі ад кашлю і супрацьацёкавыя лекі. Яны здольныя выклікаць непажаданыя пабочныя эфекты, якія могуць мець сур’ёзны характар.
- Антыбіётыкі. Прычынай узнікнення прастуды часцей за ўсё з’яўляюцца вірусы, у гэтым выпадку антыбіётыкі не эфектыўныя, больш за тое, яны могуць выклікаць расстройства стрававання і дыярэю.
Прафілактыка прастудных захворванняў
Асноўныя меры прафілактыкі прастудных захворванняў:
- Трэба мыць рукі цёплай вадой з мылам пасля чхання, кашлю і смаркання, а таксама перад ежай.
- Падчас кашлю неабходна прыкрываць рот локцем, каб пазбегнуць трапляння інфекцыі на рукі.
- Не трэба выкарыстоўваць з хворым агульны посуд.