Маладыя мамы: ваш арганізм пасля родаў
Маладыя мамы: ваш арганізм у першы тыдзень пасля родаў
У першы тыдзень пасля нараджэння дзіцяці вы будзеце даглядаць яго і знаёміцца з ім.
Пасля родаў у жанчын бываюць крывацёкі і балючыя адчуванні ў вобласці похвы ці шва ад кесарава сячэння. Таксама могуць назірацца пасляродавыя болі, балючасць саскоў і грудзей. Таму ў першы тыдзень пасля родаў вам неабходна як мага больш адпачываць і аднаўляцца.
Пракансультуйцеся з урачом, калі боль перашкаджае вам адпачываць, спаць, даглядаць сябе і дзіця. Урач можа парэкамендаваць абязбольваючае. Не саромейцеся задаваць любыя іншыя пытанні наконт сябе і дзіцяці.
Пасляродавыя выдзяленні
Пасля родаў у жанчын назіраюцца вагінальныя выдзяленні. Яны пачынаюцца адразу пасля родаў і працягваюцца 4–6 тыдняў. Выдзяленні звычайна становяцца ўмеранымі на працягу першых тыдняў і мяняюць колер з ярка-чырвонага на чырвона-карычневы.
Пажадана выкарыстоўваць пракладкі, а не тампоны. Напачатку лепш падыдуць пасляродавыя пракладкі — яны большыя па памеры, чым звычайныя. Выдзяленні могуць кароткачасова ўзмацняцца, калі вы корміце грудзьмі ці ходзіце.
Калі вобласць прамежнасці становіцца гарачай навобмацак або ацякае, калі вагінальныя выдзяленні маюць непрыемны пах, пракансультуйцеся з урачом. Гэтыя змены могуць быць прыкметай інфекцыі.
Боль пасля натуральных родаў
Пасля родаў праз натуральныя родавыя шляхі могуць мець месца болі, нават калі ў вас не было парываў і швоў. Прычына ў тым, што мышцы і нервовыя валокны ў вобласці прамежнасці расцягваліся і сціскаліся.
Каб паменшыць боль, ацёчнасць, кровападцёкі ў зоне прамежнасці, можна паспрабаваць наступнае:
- Прыкладвайце да балючага ўчастка пакеты з лёдам або халодным гелем на 10–20 хвілін, але не часцей, чым кожныя дзве гадзіны.
- Лежачы на баку, выконвайце практыкаванні для тазавага дна.
- Прымайце парацэтамол або іншае лёгкае абязбольваючае. Спытайце ўрача, якія абязбольваючыя падыходзяць вам, асабліва калі вы корміце грудзьмі.
- Падтрымлівайце гігіену ў гэтай вобласці, штодня прымаючы душ ці ванну і рэгулярна мяняючы пракладкі.
- Пасля кожнага мыцця асцярожна прамакайце траўміраваны ўчастак мяккім ручніком або тканінай.
Калі вы адчуваеце боль пры мочаспусканні, паведаміце пра гэта ўрачу. Прычынай могуць быць ранкі ў вобласці прамежнасці. Можна паспрабаваць наступнае:
- абмываць палавыя органы цёплай вадой пры мочаспусканні;
- рабіць падшчалочванне мачы;
- піць многа вады.
Калі пасля разрываў або эпізіятаміі вам наклалі швы, яны паступова рассмокчуцца праз 1–2 тыдні пасля родаў.
Боль пасля кесарава сячэння
Пасля кесарава сячэння ў ніжняй частцы жывата застаецца хірургічная рана. Балючыя адчуванні ў гэтай вобласці — норма.
Каб палегчыць боль, вы можаце падкладаць падушкі пад калені, калі ляжыце на спіне, ці пад жывот, калі ляжыце на баку. Каб сесці са становішча лежачы, перакаціцеся на бок і, абапіраючыся на рукі, падніміце верхнюю частку цела з ложка.
Урач парэкамендуе ўстрымацца ад энергічных практыкаванняў і абмежаваць фізічную актыўнасць пасля кесарава сячэння. У першыя некалькі тыдняў лепш пазбягаць дзеянняў, звязаных з падняццем і пераносам цяжараў, а таксама ваджэння аўтамабіля. Можна папрасіць сяброў і сям’ю дапамагчы з гэтымі задачамі.
Садзейнічаць загойванню раны будуць штодзённыя лёгкія прагулкі. Вам таксама трэба як мага больш спаць і адпачываць.
Улічваючы наяўнасць шва, вам будзе камфортней насіць свабоднае адзенне і ніжнюю баваўняную бялізну з завышанай таліяй.
Памер рубца пасля кесарава сячэння ва ўсіх жанчын розны, але ваша рана ў першыя некалькі тыдняў пасля родаў паменшыцца, паколькі кровападцёк і ацёк сыдуць.
Калі рана або вобласць вакол яе пачырванела, стала цёплай навобмацак, калі з яе выдзяляецца вадкасць, магчыма, туды патрапіла інфекцыя. Вам трэба звярнуцца да ўрача.
Пасляродавыя схваткі
Пасляродавыя схваткі — гэта кароткія спазмы, выкліканыя скарачэннем маткі для памяншэння яе памераў і спынення крывацёку. Пасляродавыя схваткі могуць з’яўляцца падчас кармлення грудзьмі, паколькі гармоны, якія пры гэтым выдзяляюцца, таксама прымушаюць матку скарачацца. З часам яна зменшыцца і вернецца да таго стану, у якім была да цяжарнасці.
Пасляродавыя болі выклікаюць дыскамфорт і могуць працягвацца пару дзён. Паспрабуйце рабіць цёплыя кампрэсы на жывот ці спіну.
Пасляродавыя схваткі часцей сустракаюцца ў жанчын, якія нараджаюць паўторна, але могуць адзначацца і пасля першых родаў. Звычайна яны становяцца мацнейшымі з кожнымі новымі родамі.
Балючасць грудзей і саскоў
У першы тыдзень, калі пачне выпрацоўвацца малако, а вы і дзіця будзеце прывыкаць да кармлення грудзьмі, у вас могуць з’явіцца балючыя адчуванні ў вобласці саскоў і грудзей.
Самая частая прычына болю — няправільны захоп грудзей дзіцем пры кармленні. Пры правільным захопе боль звычайна праходзіць. Калі вы не ўпэўнены, што дзіця правільна прыкладаецца да грудзей, ці адчуваеце моцны боль, звярніцеся да ўрача ці спецыяліста па грудным выкормліванні.
Вось яшчэ некалькі парад для палягчэння болю ў вобласці грудзей і саскоў:
- Пакладзіце на грудзі прахалодныя кампрэсы — нават прыкладанне астуджанай у маразілцы вільготнай тканіны дапаможа палегчыць боль паміж кармленнямі. Цёплая тканіна падчас кармлення будзе садзейнічаць выдзяленню малака.
- Паспрабуйце далікатна памасіраваць напоўненыя грудзі.
- У канцы кожнага кармлення сцэджвайце некалькі кропель малака і размяркоўвайце яго па сасках. Гэта супакоіць балючыя адчуванні і будзе спрыяць гаенню ранак.
- Паспрабуйце нанесці на саскі невялікую колькасць крэму. Выкарыстоўвайце той, што прызначаны менавіта для мам, якія кормяць грудзьмі.
Калі боль у грудзях і сасках не становіцца з кожным днём меншым, можна пагаварыць з урачом.
Нетрыманне мачы і кішэчнага змесціва ў першыя некалькі месяцаў пасля родаў
У першыя месяцы пасля родаў у вас можа назірацца самаадвольнае мочаспусканне або апаражненне кішэчніка, асабліва калі вы смеяцеся, кашляеце ці чхаеце.
Звычайна гэта праходзіць само па сабе пасля таго, як ацёк памяншаецца, адчуванні вяртаюцца, а мышцы становяцца мацнейшымі. Могуць дапамагчы практыкаванні для ўмацавання мышцаў тазавага дна.
Калі ў вас усё яшчэ ёсць праблемы з нетрыманнем мачы, а дзіцяці ўжо споўнілася шэсць тыдняў, звярніцеся да ўрача. Ён дапаможа вам або накіруе да фізіятэрапеўта па жаночым здароўі ці да ўролага.
Нетрыманне мачы пасля родаў — распаўсюджаная з’ява. Існуе шмат метадаў лячэння гэтай праблемы.
Вага ў першыя некалькі месяцаў пасля родаў
Звычайна пасля родаў вага паступова памяншаецца. Здаровае харчаванне і лёгкая фізічная нагрузка, напрыклад хадзьба, спрыяюць пахудзенню. Кармленне грудзьмі таксама дапамагае зменшыць вагу.
Лепш за ўсё худзець павольнымі тэмпамі. Калі ваша мэта — вярнуць вагу, якая была да цяжарнасці, гэта можа заняць некалькі месяцаў.
Калі да цяжарнасці ў вас была залішняя вага і вы хацелі б пахудзець, пракансультуйцеся з урачом. Калі вы худзееце занадта моцна і маеце недастатковую вагу, таксама рэкамендуецца звярнуцца да ўрача.
Валасы ў першыя некалькі месяцаў пасля родаў
Праз некалькі месяцаў пасля родаў у вас могуць пачаць выпадаць валасы. Гэта працягнецца нядоўга і павінна спыніцца, калі дзіцяці споўніцца прыкладна шэсць месяцаў.
Гэта адбываецца з-за змены ўзроўню гармонаў у арганізме. Выпадзенне валасоў не выклікана грудным выкормліваннем, таму адлучэнне дзіцяці ад грудзей не пазбавіць вас ад гэтай праблемы.
Расцяжкі
Падчас цяжарнасці ў вас могуць з’явіцца расцяжкі на жываце, сцёгнах і грудзях. Пасля родаў яны звычайна мяняюцца: колер з чырвонага становіцца серабрыстым, памер іх памяншаецца.
Стан вашага здароўя і здароўя дзіцяці будзе ацэньвацца падчас медагляду праз шэсць тыдняў пасля родаў. Падчас яго праходжання вы можаце задаць пытанні наконт любых фізічных і эмацыянальных змен, якія вас хвалююць.
Вашы адносіны ў першыя месяцы пасля нараджэння дзіцяці
Засваенне новай ролі бацькоў можа прывесці да вялікіх змен у жыцці — як вашым, так і вашага партнёра. У некаторых пар сувязь становіцца мацнейшай, іншым жа патрэбны час, каб адаптавацца да ролі бацькоў.
Вашы сексуальныя і інтымныя пачуцці залежаць ад шматлікіх фактараў — ад таго, як прайшлі роды, ад наяўнасці болю, стомленасці, ад клопатаў пра дзіця, вашага стаўлення да свайго цела пасля цяжарнасці і родаў.
Вопыт і ідэі іншых бацькоў могуць аказацца карыснымі. Варта пазнаёміцца і пачаць размаўляць з імі.