Маладыя мамы: першыя тыдні

У першыя тыдні пасля родаў па магчымасці адпачывайце і дайце сабе час пазнаёміцца з дзіцем. Карысна даведацца, дзе і як вы разам можаце атрымаць падтрымку ў першыя тыдні пасля яго нараджэння. Педыятр і патранажная медсястра звычайна наведваюць нованароджаных дома на працягу першага месяца жыцця. Калі ў вас ёсць праблемы з грудным выкормліваннем, звярніцеся па кансультацыю. Многія жанчыны праз некалькі дзён пасля родаў адчуваюць лёгкую дэпрэсію. Калі гэтае пачуццё не праходзіць, звярніцеся па дапамогу да спецыяліста.
Body

Пасля родаў: чаго чакаць маладым мамам

Калі народзіцца ваша дзіця, хутчэй за ўсё, вы з ім прабудзеце ў радзільным доме тры дні.

Ваша знаходжанне ў бальніцы можа аказацца больш працяглым, калі на гэта ёсць медыцынскія паказанні, калі дзіцяці патрабуецца дадатковы нагляд або калі роды працякалі з ускладненнямі, напрыклад з выкарыстаннем акушэрскіх шчыпцоў ці з дапамогай кесарава сячэння. У такіх сітуацыях вы можаце затрымацца ў бальніцы на пяць дзён.

Калі ваша дзіця нарадзілася заўчасна, яго, верагодна, пакінуць у бальніцы на больш працяглы тэрмін у аддзяленні інтэнсіўнай тэрапіі нованароджаных ці паталогіі нованароджаных.

Перад тым, як пакінуць бальніцу

Пакуль вы знаходзіцеся ў бальніцы, даведайцеся, як аднаўляецца арганізм пасля родаў, як вы можаце атрымаць падтрымку ў першыя тыдні дома з дзіцем. Перад выпіскай з бальніцы вы ці партнёр можаце пацікавіцца:

  • да каго звярнуцца па кансультацыі па пытаннях груднога выкормлівання;
  • калі трэба наведаць гінеколага пасля родаў;
  • ці можна вам вадзіць аўтамабіль, паднімаць і пераносіць цяжар;
  • дзе можна ўдакладніць інфармацыю пра кансультанта па грудным выкормліванні ці фізіятэрапеўта па жаночым здароўі.

Вы таксама можаце атрымаць інфармацыю пра догляд нованароджанага. У прыватнасці, варта даведацца наступнае:

  • колькі разоў трэба карміць немаўля і колькі можа доўжыцца адно кармленне;
  • як распазнаць сігналы дзіцяці аб тым, што яму нязручна ці што яно галоднае;
  • як даведацца пра самаадчуванне дзіцяці і што рабіць, калі яно хворае;
  • як часта вас будзе наведваць педыятр і медсястра дома, чым яны могуць дапамагчы.

Ваш урач дасць гэтую інфармацыю ў рамках вашага лячэння.

Рэкамендуецца папрасіць сяброў або членаў сям’і дапамагчы ў такіх бытавых справах, як мыццё дзіцячага адзення, купля падгузнікаў і прадуктаў.

Вашы адчуванні ў першы тыдзень пасля родаў

Незалежна ад таго, як адбываліся роды, вашаму арганізму давялося праз многае прайсці. На шчасце, вы пачняце вяртацца да нормы і справіцеся з болем і непрыемнымі адчуваннямі.

Большасць жанчын неўзабаве пасля родаў адчуваюць стомленасць і спусташэнне. Таксама маладыя мамы могуць адчуваць палёгку, шчасце, радасць або страх. Прыблізна праз 3–5 дзён пасля родаў можа назірацца слязлівы настрой і трывога.

Вам стане лягчэй, калі вы будзеце расказваць партнёру пра тое, што адчуваеце. Тады вы абое будзеце ведаць пра ўсе змены настрою і пра тое, як доўга яны працягваюцца.

Праз тыдзень ці два вы зноў адчуеце сябе сабой. Калі адчуванне лёгкай дэпрэсіі не праходзіць, неабходна звярнуцца па дапамогу. У кожнай сёмай жанчыны гэтыя пачуцці пераходзяць у пасляродавую дэпрэсію. Варта памятаць, што пры атрыманні прафесійнай дапамогі на ранняй стадыі жанчыны звычайна цалкам пазбаўляюцца ад пасляродавай дэпрэсіі.

Візіты на дом

У нашай краіне ўчастковы педыятр наведвае маці і дзіця дома на працягу першых трох сутак пасля выпіскі з радзільнага дома. Далей на працягу першага месяца жыцця дзіцяці ўрач працягвае візіты раз на тыдзень, падчас іх ён аглядае дзіця і адказвае на вашы пытанні. Патранажная медсястра, як правіла, ажыццяўляе 1–2 візіты ў тыдзень, адказвае на пытанні, звязаныя з кармленнем і доглядам нованароджанага.

Вучымся карміць грудзьмі

Кармленне грудзьмі часам можа быць няпростай задачай для маладых мам, але калі знайсці спосаб, які падыходзіць менавіта вам, усё атрымаецца. Наладзіць грудное выкормліванне дапаможа як мага больш часты кантакт «скура да скуры» і знаходжанне побач з дзіцем у першыя гадзіны і дні.

Наладжванне груднога выкормлівання можа заняць некалькі тыдняў — гэта нармальна.

Калі ў вас ёсць праблемы з грудным выкормліваннем, пагаварыце з урачом ці медсястрой.

Вучымся даглядаць немаўля

Калі вы ўпершыню сталі мамай, вам трэба многаму навучыцца ў пытаннях догляду нованароджанага. У прыватнасці, даведацца пра наступныя рэчы:

  • як правільна наладзіць грудное выкормліванне;
  • як часта варта мяняць падгузнікі і як ажыццяўляць гігіену;
  • як часта трэба купаць дзіця;
  • якім павінен быць распарадак дня нованароджанага;
  • як правільна арганізаваць бяспечны сон дзіцяці.

Пазітыўнае ўспрыняцце

Часам вы цэлымі днямі можаце толькі карміць і гушкаць дзіця, і добра, калі ў вас з’явіцца магчымасць змяніць піжаму на іншае адзенне і прыняць душ, — гэта цалкам нармальна. Старайцеся адпачываць, калі можаце, і дайце сабе час пазнаёміцца са сваім дзіцем.

Добра, калі ў першыя некалькі дзён вас будзе падтрымліваць хтосьці, каму вы давяраеце, — партнёр, член сям’і ці сябар. Нават калі вы не ўпершыню сталі мамай, усё роўна добра мець падтрымку, асабліва калі вам трэба клапаціцца пра старэйшых дзяцей.

Выдатнай крыніцай дапамогі і падтрымкі могуць стаць іншыя бацькі. Калі вы далучыцеся да мясцовай бацькоўскай групы або чата, то зможаце абменьвацца ідэямі і вопытам з іншымі маладымі мамамі.

Харчаванне

Часам цяжка знайсці час, каб прыгатаваць карысную ежу, нават калі вы ведаеце, што здаровае харчаванне мае вельмі важнае значэнне. Калі сябры і сваякі прапануюць прыгатаваць для вас што-небудзь, згаджайцеся. У тыя дні, калі часу мала, можна купляць гатовыя стравы (супы, салаты і інш.).

Госці

Сям’я і сябры напэўна з нецярпеннем будуць чакаць сустрэчы з вамі і дзіцем. Магчыма, яны захочуць наведаць вас дома.

Абазначце, як менавіта і калі зможаце прыняць гасцей. Напрыклад, можна папрасіць адкласці візіт тых, каму нездаровіцца. Важна, каб у іншых дзяцей і блізкіх членаў сям’і былі зроблены ўсе прышчэпкі да моманту сустрэчы з дзіцем.

Некаторыя маладыя мамы даручаюць арганізацыю наведванняў сваім партнёрам ці блізкім сябрам. Можна папрасіць членаў сям’і і сяброў прыходзіць па двое за раз ці пачакаць некалькі дзён перад наступным візітам.

Для сваёй зручнасці ў арганізацыі працэсу зносін з блізкімі можаце таксама выкарыстоўваць галасавую пошту і пераключаць мабільны тэлефон у бязгучны рэжым.