Колікі: што гэта
Што такое колікі
Колікі характарызуюцца рэзкім няўцешным плачам і занепакоенасцю, якія адбываюцца часта ці доўжацца працяглы час. Колікі могуць пачацца, калі дзіцяці споўніцца некалькі дзён, але часцей на 2–3-м тыдні жыцця.
Калі ў вашага дзіцяці колікі, яно будзе неспакойным і залішне рухомым пры кармленні. Напрыклад, яно можа добра паесці, нібы вельмі галоднае, але неўзабаве пасля кармлення вам здасца, што яно зноў хоча есці. Або немаўля можа дрэнна есці, увесь час адварочваючыся ад грудзей ці бутэлечкі.
Калі дзіця доўгі час не супакойваецца ці капрызіць, а таксама калі яно вельмі гучна і няўцешна плача, гэта таксама з’яўляецца прыкметай колікаў. У гэты час дзіця можа падціскаць ножкі да жывоціка, нібы ад болю. У такім стане яго вельмі складана ці нават немагчыма супакоіць ці суцешыць. Здаецца, што б вы ні рабілі, нічога не мяняецца і ўсе меры, якія прымаюцца, безвыніковыя.
Плач і занепакоенасць могуць доўжыцца гадзінамі, і часцей за ўсё яны ўзмацняюцца вечарам.
Гэта можа вельмі засмучаць бацькоў, а таксама іншых асоб, якія ажыццяўляюць догляд немаўляці, у тым ліку ўрачоў і медыцынскіх сясцёр. Аднак калі ваша дзіця плача і капрызіць, гэта не значыць, што вы дрэнная маці/бацька. Нават у самых упэўненых і спакойных бацькоў дзіця можа многа і моцна плакаць.
У некаторых дзяцей разам з сімптомамі колікаў могуць быць праблемы са здароўем, таму калі дзіця многа плача, рэкамендуецца звярнуцца да педыятра, каб выключыць іх.
Плач і неспакой: чаго чакаць
Плач і неспакой — нармальныя з’явы для немаўлят. У сярэднім малыя дзеці плачуць і знаходзяцца ў неспакойным стане амаль тры гадзіны ў дзень, а некаторыя намнога даўжэй. Плач у немаўляці дасягае піку прыкладна ва ўзросце 6 тыдняў, і затым паступова па меры сталення дзіця плача ўсё менш.
Мяркуецца, што часцей за ўсё дзіця капрызнае і неспракойнае ў пасляабедзенны час і ўвечары, хоць паводзіны могуць змяняцца кожны дзень.
Немаўляты плачуць у залежнасці ад свайго тэмпераменту, цыклаў сну і рэжыму кармлення. Па меры сталення дзіцяці яго плач у большай ступені становіцца сродкам зносін або паведамлення пра штосьці, што яго акружае і што з ім адбываецца. Гэта можа быць прычынай плачу дзіцяці ў розны час на працягу дня.
Гэта натуральна, калі вы турбуецеся з-за таго, што ваша дзіця плача. Памятайце, што большасць дзяцей плачуць усё менш да ўзросту 3–4 месяцаў. Гэта пэўны этап жыцця, які абавязкова пройдзе.
Прычыны ўзнікнення колікаў
Прычыны колікаў да гэтага часу дакладна не ўстаноўлены.
Адной з іх можа быць наяўнасць занадта вялікай колькасці раздражняльнікаў навокал. Плач можа дапамагаць дзіцяці кантраляваць тое, што яго акружае. Як быццам ваша дзіця кажа: «Я буду плакаць, каб адгарадзіцца ад свету».
Бывае, што ў дзіцяці з «колікамі» няма відавочных прычын фізічнага або медыцынскага характару, каб плакаць. Але калі дзіця неспакойнае і шмат плача, варта ўсё ж паведаміць пра гэта педыятру, каб выключыць наступныя магчымыя прычыны:
- гастраэзафагеальны рэфлюкс — рэдкая, але магчымая прычына плачу;
- інфекцыя (напрыклад, атыт або пашкоджанне мочавыводных шляхоў);
- ушчамленне грыжы (напрыклад, пахвіннай або пупочнай);
- алергія (напрыклад, на нешта ў рацыёне харчавання мамы);
- прэласць або іншыя крыніцы раздражнення.
Як супакоіць малое дзіця
Скарыстайцеся адным з прапанаваных спосабаў, каб супакоіць дзіця:
- Адпраўцеся з дзіцем у паездку на машыне або на прагулку ў калясцы, каб пераключыць яго ўвагу.
- Пахадзіце з дзіцем або, прыціснуўшы да сябе, пагушкайце яго на руках.
- Выкупайце дзіця ў цёплай ванначцы і пагуляйце з цацкамі ў вадзе.
- Пагладзьце жывоцік дзіцяці або пакладзіце яго на жывоцік і памасіруйце яму спінку.
- Уключыце запіс гукаў сэрцабіцця або ціхую спакойную музыку.
- Прыглушыце святло, каб паменшыць візуальныя раздражняльнікі.
Клопат бацькоў пра сябе
Догляд дзіцяці, якога турбуюць колікі, можа быць вельмі стамляльным нават для дасведчаных бацькоў. Абавязкова клапаціцеся пра сябе і партнёра, а таксама давайце адзін аднаму магчымасць адпачыць. Даглядайце дзіця па чарзе, у некаторых выпадках можна папрасіць дапамогі ў блізкіх.
Не асуджайце сябе і памятайце, што хутка колікі пройдуць. Як правіла, гэта адбываецца ва ўзросце ад 3 да 4 месяцаў.
Пры неабходнасці звярніцеся па дапамогу да педыятра.