Дыярэя
Што такое дыярэя
Дыярэя — гэты стан, пры якім назіраецца часты, інтэнсіўны, вадкі або вадзяністы стул.
Сімптомы дыярэі
Да сімптомаў, якія паказваюць на дыярэю, адносяцца рэжучы схваткападобны боль у жываце, уздуцце жывата, інтэнсіўны, часты, вадкі або вадзяністы стул, колер якога можа вар’іравацца ад карычневага да зялёнага і ў якім можна заўважыць рэшткі часткова пераваранай ежы. Дыярэя можа суправаджацца млоснасцю, рвотай або павышэннем тэмпературы.
Дыярэя можа прыводзіць да абязводжвання.
Ці трэба звяртацца да педыятра пры дыярэі
Пры ўзнікненні дыярэі ў дзіцяці, малодшага за тры месяцы, зварот да педыятра абавязковы.
Трэба таксама звярнуцца да ўрача, калі ў дзіцяці:
- хранічная (працяглая) дыярэя;
- сляды крыві ў стуле;
- страта вагі.
Пры дыярэі неабходна тэрмінова даставіць дзіця ў аддзяленне неадкладнай дапамогі бальніцы, калі адзначаюцца:
- прыкметы абязводжвання: у дзіцяці можа адсутнічаць мочаспусканне, назіраецца бледнасць скурнага покрыва, зніжэнне вагі, упаласць вачэй, у дзіцяці халодныя канечнасці, яно санлівае або залішне капрызнае;
- нясцерпны, моцны або бесперапынны боль у жываце;
- значнае пагаршэнне самаадчування.
Да прыкмет таго, што ў дзіцяці сур’ёзнае захворванне, якое патрабуе тэрміновай медыцынскай дапамогі, адносяцца моцны боль, санліваць, бледнасць або пасіненне скуры, абязводжванне, цяжкае дыханне, сударгі і зніжэнне адчувальнасці.
Вы ведаеце сваё дзіця лепш, чым хто-небудзь іншы, таму варта даверыцца ўласнай інтуіцыі, калі вам здаецца, што яно дрэнна сябе адчувае.
Дыягнастычныя даследаванні пры дыярэі
З мэтай устанаўлення першапрычыны развіцця дыярэі педыятр можа прызначыць аналіз калу, у некаторых выпадках — аналіз крыві.
Аналіз калу дапаможа вызначыць прычыну дыярэі, калі яна выклікана пэўным вірусам, бактэрыямі або паразітамі.
Лячэнне дыярэі
Піццё
Пры дыярэі вельмі важнае значэнне мае кампенсацыя страчанай вадкасці: неабходна забяспечыць дзіцяці частае багатае піццё невялікімі порцыямі, для гэтага лепш выкарыстоўваць чыстую пітную ваду або раствор для пераральнай рэгідратацыі.
Дзіцяці трэба даваць піць часта, але невялікімі порцыямі — па некалькі глыткоў кожныя 15 хвілін. Рэкамендуецца выкарыстоўваць вадкасць для пераральнай рэгідратацыі, гэтыя растворы безрэцэптурнага водпуску ў шырокім асартыменце прадстаўлены ў аптэках.
Калі няма магчымасці даваць дзіцяці раствор для пераральнай рэгідратацыі, можна выкарыстоўваць негазіраваны разведзены ліманад, падсалоджаны напітак або фруктовы сок, папярэдне змяшаўшы адну частку негазіраванага ліманаду або соку з чатырма часткамі вады. Не варта даваць дзіцяці гэтыя напіткі неразведзенымі, бо ў такім выглядзе яны могуць пагоршыць дыярэю.
Калі дзіця на натуральным выкормліванні, важна працягваць карміць грудзьмі, як мага часцей прыкладаючы яго да грудзей. Калі дзіця на штучным выкормліванні, вадкасць для пераральнай рэгідратацыі дапушчальная толькі на працягу першых 24 гадзін, а затым неабходна паступова вяртацца да паўнацэннага аб’ёму сумесі. Карміць дзіця трэба часцей, але меншымі порцыямі. Паміж кармленнямі можна дадаткова прапаноўваць вадкасць для пераральнай рэгідратацыі.
Харчаванне
Дзіця можа адмаўляцца ад ежы з-за дрэннага самаадчування. Калі яно галоднае, трэба даваць яму ўсё, што яно захоча з’есці, і не дапускаць адсутнасці харчавання на працягу больш чым 24 гадзін.
Дадатковыя віды лячэння
Пры моцным абязводжванні або хуткай і значнай страце вадкасці ў дзіцяці, магчыма, спатрэбіцца папаўняць яе аб’ём шляхам увядзення праз кропельніцу непасрэдна ў вену. Або можа выкарыстоўвацца зонд, які ўстанаўліваецца ў насаглотцы для падачы вадкасці ў страўнік. Гэтыя працэдуры выконваюць толькі ва ўмовах стацыянара.
Не трэба лячыць дзіця супрацьдыярэйнымі прэпаратамі. Эфектыўнасць такіх метадаў лячэння не даказана. Таксама не спатрэбяцца антыбіётыкі. Для выбару аптымальнай тактыкі лячэння неабходна пракансультавацца з педыятрам.
Прафілактыка дыярэі
Трэба выконваць правілы асабістай гігіены, рэгулярна і старанна мыць рукі, выдзеліць бутэлечкі для напіткаў, кубкі ці кухонныя прадметы, якімі будзе карыстацца толькі дзіця.
Неабходна ізаляваць дзіця ад іншых дзяцей і выключыць наведванне дзіцячага калектыву да таго часу, пакуль як мінімум на працягу 24 гадзін у яго не будзе праяў дыярэі.
Хранічная (доўгая) дыярэя
Прычынамі хранічнай дыярэі могуць быць:
- некаторыя віды негатыўнай рэакцыі на лактозу (кампанент малака);
- розныя вірусныя або бактэрыяльныя інфекцыі, а таксама паразітарныя інвазіі (глісты);
- негатыўная рэакцыя на глютэн;
- негатыўная рэакцыя на пэўныя харчовыя прадукты;
- сіндром раздражнёнай тоўстай кішкі;
- іншыя менш распаўсюджаныя паталогіі, напрыклад запаленчае захворванне кішэчніка.
Развіццё хранічнай дыярэі магчыма таксама ў выніку павышанага спажывання фруктовага соку з мякаццю. Аднак дакладныя прычыны ўзнікнення дыярэі ў дзіцяці могуць быць не ўстаноўлены.