Затрымка развіцця або рызыка яе ўзнікнення

Затрымка развіцця назіраецца, калі дзеці асвойваюць маторныя, эмацыянальныя, сацыяльныя і камунікатыўныя навыкі марудней, чым чакаецца.
Body

Кожнае дзіця развіваецца ў сваім тэмпе, а гэта значыць, што калі гаворка ідзе пра перыяд ранняга дзяцінства, то «нармальнае» развіццё разумеецца вельмі шырока. Турбавацца пра затрымку ў развіцці варта, калі вы заўважылі, што на працягу некалькіх месяцаў камунікатыўныя, маўленчыя, маторныя ці сацыяльныя навыкі ў дзіцяці не развіваюцца з той жа хуткасцю, як у яго равеснікаў.

Затрымка развіцця можа назірацца ў нейкай адной або ў некалькіх сферах. Калі яна ўзнікае ў некалькіх сферах, яе называюць агульнай затрымкай развіцця.

Затрымкі ў развіцці могуць насіць часовы характар ​​і прысутнічаць на пэўным этапе развіцця дзіцяці, у некаторых выпадках яны могуць быць першай прыкметай доўгатэрміновай праблемы ў развіцці. Затрымкі ў развіцці на працягу значнага перыяду часу (ці пастаянна) могуць вызначацца як парушэнні развіцця. Такія станы могуць назірацца пры парушэнні здольнасці да навучання, дзіцячым цэрэбральным паралічы, праблемах інтэлектуальнага развіцця, расстройстве аўтыстычнага спектра.

Часцей за ўсё, вызначаючы магчымыя прычыны затрымкі развіцця, спецыялісты ўжываюць агульны тэрмін «затрымка развіцця». Калі прычына ўстаноўлена, то выкарыстоўваецца адпаведная назва, якая больш падрабязна тлумачыць стан дзіцяці.

Што рабіць пры занепакоенасці магчымасцю затрымкі развіцця ў дзіцяці

Як маці/бацька вы ведаеце сваё дзіця лепш за ўсіх. Калі вас турбуе развіццё вашага дзіцяці, пракансультуйцеся з педыятрам. Ён можа правесці неабходныя абследаванні і, магчыма, накіруе дзіця ў цэнтр ранняга ўмяшання, дзе мультыдысцыплінарная каманда спецыялістаў правядзе першасны прыём і ацэнку развіцця і прызначыць вам індывідуальную дапамогу. Пра сістэму дапамогі ранняга ўмяшання і цэнтры ранняга ўмяшання можна даведацца тут: https://prostodeti.by/crv.

Спецыялісты, якія аказваюць дапамогу дзецям з затрымкай развіцця

Побач з медыцынскімі спецыялістамі (педыятр, профільны ўрач-спецыяліст, медыцынская сястра) у правядзенні неабходных абследаванняў і аказанні дапамогі дзецям з затрымкай развіцця і іх сем’ям можа ўдзельнічаць многа прафесіяналаў: дэфектолаг, лагапед, фізіятэрапеўт, эргатэрапеўт, псіхолаг, сацыяльны работнік.

Віды неабходнай дапамогі вызначаюцца характарыстыкамі самой затрымкі развіцця.

Дапамогу заўсёды павінны аказваць сумесна бацькі і спецыялісты.

Роля спецыяліста заключаецца не толькі ў рабоце з дзіцем, але і ў дапамозе бацькам для лепшага разумення імі свайго дзіцяці і/або паляпшэння навыкаў стымулявання яго развіцця.

Патрэбы дзяцей, развіццё ў якіх адбываецца па-іншаму

Як і ўсе астатнія дзеці, дзеці з затрымкай развіцця здольны развівацца і навучацца. Але на набыццё новых навыкаў ім патрабуецца больш часу. Тое, як яны засвойваюць новае, можа крыху адрознівацца і патрабаваць дадатковай падтрымкі.

  • Большасць дзяцей асвойваюць новыя навыкі лёгка, асабліва на якім-небудзь прыкладзе. Дзеці з затрымкай у развіцці часта маюць патрэбу ў больш паступовым падыходзе і навучанні, калі да іх прад’яўляюцца не вельмі высокія патрабаванні. Гэта значыць, што новыя задачы неабходна раздзяляць на некалькі больш дробных этапаў, якія выконваюцца па чарзе.
  • Часта для поўнага засваення новых навыкаў патрабуецца шмат часу. Таму вельмі важна, каб у дзіцяці было дастаткова магчымасцей прымяняць гэтыя навыкі ў розных сітуацыях.
  • У дашкольным ці школьным узросце таксама можа спатрэбіцца дадатковая дапамога. Лепш за ўсё пагаварыць пра гэта са спецыялістамі, якія раскажуць пра метады падтрымкі.
  • Таксама могуць быць даступныя і іншыя віды падтрымкі (напрыклад, сацыяльная, фінансавая).

У выпадку затрымкі развіцця пры аказанні дапамогі дзіцяці вам спатрэбяцца дадатковыя намаганні, што можа прывесці да маральнага і фізічнага знясілення. Памятайце, што клопат пра сябе, сваё здароўе і дабрабыт, а таксама падтрымка гэтак жа важныя для вас, як і ваш клопат пра сваё дзіця. Калі вы будзеце добра сябе адчуваць, то зможаце лепш пра яго клапаціцца.

Прычыны затрымкі развіцця

Да затрымкі развіцця могуць прыводзіць розныя прычыны.

Некаторыя з іх носяць генетычны характар, а часам яны звязаны з ускладненнямі падчас цяжарнасці ці родаў. Што тычыцца менш працяглай затрымкі развіцця, то прычынамі могуць быць захворванні, якія ўплываюць на фізічнае здароўе, а таксама доўгае знаходжанне ў бальніцы і стрэс у сям’і. Часам затрымкі ў развіцці з’яўляюцца вынікам недастатковай стымуляцыі і ігнаравання патрэб дзіцяці.

У многіх выпадках прычыны затрымкі развіцця невядомы.

У кожным канкрэтным выпадку трэба праводзіць усе неабходныя абследаванні дзіцяці, якія могуць выявіць прычыны затрымкі развіцця.