Асаблівасці скуры немаўлят
У нованароджанага скура тонкая і адчувальная, у першыя хвіліны пасля родаў яна пакрыта першароднай змазкай. Па структуры і функцыях скура ў немаўлят развіта недастаткова і адрозніваецца ад скуры ў дарослых.
Скура складаецца з трох выразна выяўленых слаёў.
Першы слой — эпідэрміс.
Ён выконвае функцыю бар’ера, надае скуры пругкасць і забяспечвае яе абарону. Дзякуючы эпідэрмісу дзіця адчувае. Гэты слой скуры ў дзяцей больш тонкі і пранікальны, чым у дарослых, з-за чаго скура дзіцяці ў большай ступені неабароненая перад уздзеяннем знешніх фактараў, чым скура дарослага.
Другі слой — дэрма.
Дэрма змяшчае ў сабе потавыя і тлушчавыя залозы, валасяныя цыбуліны, а таксама злучальную тканку. Функцыя потавых і тлушчавых залоз у немаўлят зніжана, па гэтай прычыне ў дзяцей ёсць складанасці з рэгуляваннем тэмпературы цела. Напрыклад, у сітуацыі перагрэву цела немаўляці не можа эфектыўна астудзіцца натуральным шляхам з дапамогай актывацыі функцый потавых залоз і выпрацоўкі поту. Ахоўная плёнка на паверхні скуры (гідраліпідная мантыя) складаецца з вады і тлушчаў, якія адштурхоўваюць мікробы дзякуючы сваёй умеранай кіслотнасці. Менавіта таму так важна не купаць нованароджаных часта.
Самы глыбокі слой — гіпадэрма.
Падскурны тлушчавы слой — гіпадэрма — складаецца з тлушчавай тканкі, у якой змяшчаюцца крывяносныя сасуды і нервовыя канчаткі. Дзякуючы падскурна-тлушчавай тканцы ажыццяўляецца энергетычны абмен, забяспечваецца абарона і цяпло. Сетка крывяносных сасудаў у нованароджанага недастаткова развітая, ён павольна прыстасоўваецца да змен тэмпературы. На працягу двух-трох тыдняў дзіця прыбаўляе ў вазе, скурнае покрыва патаўшчаецца, яго стан істотна мяняецца. На працягу першых некалькіх месяцаў жыцця скура ў дзіцяці ўмацоўваецца і становіцца менш успрымальнай да ўздзеяння знешніх фактараў. Часам, як правіла, на спіне, могуць з’яўляцца тонкія мяккія валаскі, якія называюць лануга, а на твары — малюсенькія белыя плямкі, па памеры меншыя за галоўку шпількі (міліі).
Скура дзіцяці можа быць сухой, маршчыністай, можа лупіцца, моцна чырванець ці пакрывацца крапінкамі. Бывае, што на твары і целе дзіцяці з’яўляюцца чырвоныя плямкі, сып і да таго падобнае, што будзе вас трывожыць, аднак на наступны дзень яны могуць знікаць, як быццам іх ніколі і не было. Усе гэтыя змены з’яўляюцца нормай, яны адбываюцца з-за таго, што скура яшчэ фарміруецца. Як правіла, яны праходзяць самастойна, не патрабуючы ніякага лячэння. Па меры таго, як дзіця расце і набірае вагу, скура развіваецца, падскурны слой павялічваецца.