Чаму важна зрабіць прышчэпкі вашаму дзіцяці
Вакцынацыя — адзін са спосабаў зберагчы здароўе кожнага з нас. З першых дзён жыцця прышчэпкі засцерагаюць дзіця ад рызыкі заражэння інфекцыйнымі захворваннямі, узбуджальнікі якіх знаходзяцца ў навакольным асяроддзі. Дзякуючы вакцынацыі ва ўсім свеце рэзка скараціліся інвалідызацыя і смяротнасць дзяцей малодшага ўзросту. Сітуацыя, што ўзнікла ў свеце са з’яўленнем каранавіруса і інфекцыі COVID-19, у чарговы раз паказала, наколькі важнае значэнне маюць вакцыны ў барацьбе з вірусамі, якія з вялікай хуткасцю распаўсюджваюцца сярод насельніцтва, выклікаючы сусветныя эпідэміі — пандэміі.
Пакуль існуе рызыка заражэння інфекцыйнымі захворваннямі, супраць якіх распрацаваны вакцыны, важна абараняць ваша дзіця з дапамогай прышчэпак. Гэта таксама добры спосаб падтрымліваць калектыўны імунітэт да такіх хвароб.
Эфектыўнасць вакцынацыі можна ўбачыць на прыкладзе барацьбы з вірусам воспы, які калісьці выклікаў цяжкае смяротнае захворванне. Дзякуючы масавай вакцынацыі гэтай хваробы не існуе з 1980 года, тады ж адпала неабходнасць у далейшым прымяненні прышчэпкі супраць яе.
- Што такое вакцыны? Гэта прэпараты, якія складаюцца з мёртвых ці жывых, але аслабленых патагенаў (вірусаў ці бактэрый), іх частак ці змененых часціц. Яны бясшкодныя і пры гэтым здольны актыўна стымуляваць імунную сістэму вашага дзіцяці да выпрацоўкі антыцелаў, якія забяспечваюць абарону ад хвароб. Гэтыя антыцелы становяцца ахоўнай сістэмай арганізма вашага дзіцяці, заўсёды гатовай даць адпор пры паўторнай спробе патагенаў атакаваць яго.
- Імунізацыя і вакцынацыя.
Імунізацыя — гэта працэс абароны дзіцяці ад пэўных інфекцыйных захворванняў. Гэтую абарону можна забяспечыць як актыўна — з дапамогай вакцынацыі, так і пасіўна — шляхам увядзення гатовых ахоўных фактараў, імунаглабулінаў, якія змяшчаюць спецыфічныя антыцелы (або монакланальныя антыцелы). Актыўная вакцынацыя забяспечвае абарону на працягу доўгага часу, у той час як пасіўная дзейнічае адносна кароткі час (звычайна ўсяго некалькі тыдняў).
Вакцынацыя — гэта ўвядзенне прэпарату (вакцыны). Дадзеная працэдура стымулюе выпрацоўку ў вашага дзіцяці антыцелаў супраць патагена (бактэрый ці вірусаў), не прыводзячы пры гэтым да захворвання. Яна можа выконвацца некалькімі спосабамі: шляхам ін’екцыі (напрыклад, супраць дыфтэрыі, слупняку, коклюшу і т. д.), пераральна (кроплі ў рот супраць поліяміэліту і ротавіруса) і праз слізістую абалонку носа (жывая вакцына супраць грыпу). Некаторым дзецям з-за ўзросту або сур’ёзнага захворвання, якое аслабіла або назаўжды пашкодзіла імунітэт, нельга выканаць поўную вакцынацыю ці ўсе неабходныя прышчэпкі. Вы можаце атрымаць актуальныя рэкамендацыі і парады ў свайго ўрача, а ў выключных выпадках неабходна пракансультавацца з дзіцячым імунолагам.
- Калектыўны імунітэт. Імунізацыя абароніць ваша дзіця ад некаторых інфекцыйных захворванняў, умацуе яго здароўе, а таксама прадухіліць далейшае распаўсюджванне хваробы. Таму важна, каб дастатковая колькасць людзей у супольнасці набыла неабходную супраціўляльнасць хваробам — гэта замарудзіць або цалкам спыніць распаўсюджванне бактэрый і вірусаў, якія з’яўляюцца прычынай захворванняў, і, такім чынам, забяспечыць абарону ўразлівай часткі насельніцтва, асабліва тых, хто мае супрацьпаказанні да вакцынацыі. Гэтая абарона называецца калектыўным імунітэтам.
Для таго, каб у вашага дзіцяці сфарміравалася доўгатэрміновая абарона, неабходна неаднаразовае паэтапнае ўвядзенне доз вакцын у пэўныя ўзроставыя перыяды.
Не трэба ігнараваць вакцынацыю свайго дзіцяці ад хвароб, якія можна прадухіліць з дапамогай прышчэпак, гэтым вы ўмацуеце яго ахоўную сістэму і зможаце выратаваць мноства жыццяў.