Фебрыльныя сударгі

Падчас фебрыльных сударг цела дзіцяці ахоплівае скаванасць, назіраецца міжвольнае ўздрыгванне, якое суправаджаецца стратай прытомнасці, магчымым закочваннем вачэй. Як правіла, прыступ непрацяглы. Пры яго ўзнікненні неабходна прыбраць любыя небяспечныя прадметы далей ад дзіцяці. Па магчымасці трэба зафіксаваць працягласць сударг, зрабіць відэазапіс. Неабходна выклікаць брыгаду хуткай медыцынскай дапамогі, калі прыступ доўжыцца больш за пяць хвілін або калі дзіця перастала дыхаць. У апошнім выпадку патрабуецца неадкладна пачаць сардэчна-лёгачную рэанімацыю. Трэба звярнуцца да педыятра, калі вы занепакоены станам дзіцяці і калі сударгі ў яго ўзніклі ўпершыню.
Body

Што такое фебрыльныя сударгі

Фебрыльныя сударгі — гэта прыступы або прыпадкі, якія ўзнікаюць у выніку значнага рэзкага павышэння тэмпературы цела (вышэй за 38 °C), так як хуткі рост тэмпературы выклікае анамальную актыўнасць клетак галаўнога мозга.

Фебрыльныя сударгі звычайна ўзнікаюць у дзяцей ва ўзросце ад шасці месяцаў да шасці гадоў. Калі фебрыльныя сударгі здараюцца ў іншым узросце, трэба звярнуцца да ўрача, каб выключыць іншыя прычыны, напрыклад інфекцыю ці эпілепсію.

Фебрыльныя сударгі ў дзіцяці могуць напалохаць, але яны не выклікаюць доўгатэрміновых праблем або пашкоджання галаўнога мозга, дзеці звычайна цалкам аднаўляюцца пасля іх.

Сімптомы фебрыльных сударг

Да сімптомаў фебрыльных сударг адносяцца:

  • скаванасць у целе і/або сударгавыя рухі;
  • страта прытомнасці (непрытомнасць);
  • закочванне вачэй;
  • пачашчанае або перарывістае дыханне;
  • глыбокі сон на працягу прыкладна гадзіны пасля гэтага.

Звычайна фебрыльныя сударгі працягваюцца не даўжэй за некалькі хвілін. Яны амаль заўсёды праходзяць самі, перш чым вы паспееце звярнуцца па медыцынскую дапамогу.

Што рабіць пры ўзнікненні фебрыльных сударг у дзіцяці

Захоўвайце спакой і прыбярыце небяспечныя прадметы ад дзіцяці, каб яно не паранілася.

Назірайце і запамінайце, што менавіта адбываецца, каб вы маглі апісаць убачанае пазней. Пры магчымасці зніміце відэа, абавязкова зафіксуйце працягласць прыступу.

Як толькі сударгі спыняцца, пакладзіце дзіця на бок на мяккую паверхню, каб захаваць праходнасць дыхальных шляхоў. Заставайцеся з ім і супакойвайце яго.

Сачыце за дыханнем. Калі дзіця перастане дыхаць, неадкладна выклічце хуткую дапамогу і пачніце працэдуру сардэчна-лёгачнай рэанімацыі (СЛР). Таксама трэба выклікаць хуткую дапамогу, калі фебрыльныя сударгі працягваюцца больш за пяць хвілін.

Ці трэба звяртацца да ўрача, калі ў дзіцяці фебрыльныя сударгі?

Так. Калі ў дзіцяці назіраліся фебрыльныя сударгі, неабходна паведаміць пра гэта педыятру. Асабліва важна звярнуцца да яго або даставіць дзіця ў аддзяленне неадкладнай дапамогі, калі:

  • фебрыльныя сударгі ў дзіцяці зафіксаваны ўпершыню;
  • сімптомы сударг выклікаюць сумненні і патрабуюць дадатковай дыягностыкі;
  • у дзіцяці частыя прыступы фебрыльных сударг.

Дзяцей звычайна не трэба шпіталізаваць пасля фебрыльных сударг, за выключэннем выпадкаў, калі дзіцяці менш за адзін год або калі педыятра турбуе стан, які прывёў да гарачкі, напрыклад, пнеўманія або менінгіт.

Дыягнастычныя даследаванні пасля фебрыльных сударг

Дзіцяці, у якога былі фебрыльныя сударгі, хутчэй за ўсё, не давядзецца здаваць аналізы.

У некаторых выпадках педыятр можа прызначыць аналіз крыві ці мачы, рэнтгеналагічнае даследаванне органаў грудной клеткі з мэтай вызначэння прычыны гарачкі.

Магчыма, дзіця адправяць на электраэнцэфалаграму (ЭЭГ) пры паўторным з’яўленні фебрыльных сударг, пасля адзінкавага выпадку звычайна гэтага не патрабуецца.

Прафілактыка фебрыльных сударг

Праверанага спосабу прадухілення фебрыльных сударг не існуе.

Зніжэнне тэмпературы цела дзіцяці і паляпшэнне яго самаадчування магчымыя пасля прыёму жарапаніжальнага сродку, напрыклад парацэтамолу, таксама трэба зняць лішняе адзенне. Часам фебрыльныя сударгі могуць быць першай прыкметай гарачкі.

У большасці выпадкаў лячэнне супрацьсударгавымі прэпаратамі для прадухілення прыпадку ў далейшым не рэкамендуецца.

Падрабязней аб фебрыльных сударгах

У большасці дзяцей часцей бывае ўсяго адзін прыступ фебрыльных сударг. Аднак у 30–35 % дзяцей прыступы могуць паўтарацца.

Прыступ фебрыльных сударг узнікае прыкладна ў 3 са 100 дзяцей.

Фебрыльныя сударгі маюць спадчынны характар ​​і часцей сустракаюцца ў хлопчыкаў, чым у дзяўчынак.

Эпілепсія — гэта стан, пры якім у дзіцяці з'яўляюцца паўторныя і непрадказальныя прыступы або ёсць рызыка іх узнікнення. У большасці здаровых дзяцей, у якіх былі фебрыльныя сударгі, эпілепсія пасля не развіваецца. Рызыка таго, што яна з’явіцца ў дзіцяці пасля аднакратнага простага фебрыльнага прыступу, толькі крыху вышэйшая, чым у дзіцяці, у якога такога прыступу не было ніколі.