Расколіна губы і паднябення

Расколіна губы і паднябення («заечая губа» і «воўчая пашча») — гэта прыроджаная анамалія, якая ўзнікае падчас развіцця плода ва ўлонні маці з-за незарашчэння дзвюх палавін паднябення або верхняй сківіцы. Малым дзецям з расколінай губы і/або паднябення патрабуецца хірургічнае ўмяшанне і назіранне ў профільнага медыцынскага спецыяліста. Можа спатрэбіцца падтрымка ў арганізацыі кармлення такіх немаўлят (па магчымасці груднога выкормлівання) і старэйшых дзяцей, а ў далейшым таксама лагапедычная і спецыяльная стаматалагічная дапамога.
Body

Расколіна губы і паднябення

Расколінай губы («заечая губа») і паднябення («воўчая пашча») называюць стан, які ўзнікае па прычыне незарашчэння адпаведна верхняй сківіцы або паднябення. Пры ім у дзіцяці вызначаюцца рознай ступені выяўленасці касметычныя дэфекты цэласнасці верхняй губы і незарашчэнне (поўнае або частковае) паднябення (мяккага/цвёрдага). Расколіны губы і паднябення могуць узнікаць паасобку ці разам. Часцей за ўсё сустракаецца толькі расколіна губы.

Расколіна губы і/або паднябення з’яўляецца прыроджанай паталогіяй — яна ўзнікае ў перыяд развіцця плода ва ўлонні маці. Што з’яўляецца прычынай узнікнення, дакладна невядома. Лічыцца, што ў значнай ступені яна абумоўлена генетычнымі фактарамі, хаця часта вядомыя выпадкі такіх парушэнняў у родзе адсутнічаюць.

Існуюць доказы таго, што курэнне, ужыванне алкаголю і атлусценне падчас цяжарнасці, а таксама дыягнаставаны да цяжарнасці дыябет могуць павысіць рызыку нараджэння дзіцяці з расколінай губы і/або паднябення.

Нараджэнне дзіцяці з расколінай губы і/або паднябення можа засмуціць бацькоў, аднак важна памятаць: гэтыя парушэнні можна ліквідаваць.

Сімптомы расколіны губы і паднябення

Расколіны губы і/або паднябення могуць быць рознымі па ступені цяжкасці: ад невялікай выемкі ў верхняй губе да буйной шчыліны ў губе і на паднябенні.

У выпадку расколіны паднябення адтуліна ў ім сведчыць пра дэфект злучэння паміж поласцю рота і носа.

Іншыя праблемы, звязаныя з расколінай губы і паднябення

Малых дзяцей з расколінай паднябення можа быць вельмі складана карміць. Гэта абумоўлена тым, што яны не могуць ці ім цяжка смактаць, хоць у іх няма праблем з глытаннем.

У дзяцей з расколінай паднябення могуць часта ўзнікаць вушныя інфекцыі, што павышае рызыку развіцця парушэнняў слыху.

У дзяцей з расколінай губы і/або паднябення таксама могуць быць праблемы з зубамі і дзяснамі, напрыклад: адсутнасць зубоў, лішнія зубы ці зубы, якія прарэзваюцца ў нетыповым для гэтага месцы і/ці напрамку. Такія праблемы могуць быць з малочнымі і/ці карэннымі зубамі.

З-за расколін губы і паднябення можа быць гугнявы (насавы) тон голасу, а таксама характэрны знешні выгляд губы і носа ў дзіцяці.

Лячэнне расколін губы і паднябення

Лячэнне расколіны губы і/або паднябення залежыць ад ступені цяжкасці.

У першую чаргу неабходна наладзіць кармленне такіх дзяцей, па магчымасці, грудное выкормліванне. Пры адсутнасці поспеху ў прыкладанні да грудзей і пры моцным дэфекце паказана кармленне з дапамогай спецыяльнага паільніка або падоўжанай соскі. Дзякуючы ім малако будзе трапляць у заднюю частку глоткі.

Ва ўсіх выпадках неабходна хірургічнае лячэнне, а від, складанасць і колькасць аперацый будуць залежаць ад ступені дэфекту. Ліквідацыю расколіны губы звычайна праводзяць ва ўзросце 3–6 месяцаў, а расколіны паднябення — прыкладна ў 9–12 месяцаў, перш чым дзіця пачне гаварыць. Аперацыя таксама мае касметычны характар.

Пры расколіне губы і/або паднябення патрабуецца дадатковае назіранне і/або лячэнне ў лагапеда (з мэтай карэкцыі маўлення), оталарынголага (для назірання за развіццём лор-органаў), а таксама спецыялізаваная стаматалагічная дапамога для прадухілення праблем з зубамі.

Пасля аперацыі дзецям з расколінай губы і/або паднябення неабходна рэгулярна наведваць профільных спецыялістаў для агляду, кантролю росту і развіцця дзіцяці, асабліва яго маўлення і слыху. Рэгулярнае назіранне дасць магчымасць своечасова вызначыць неабходнасць дадатковай аперацыі.

Прафілактыка расколіны губы і паднябення

  • Звярніцеся да спецыялістаў па генетычным кансультаванні ў выпадку наяўнасці расколіны губы і/або паднябення ў каго-небудзь з бліжэйшых сваякоў.
  • Прымайце рэкамендаваныя вітаміны для цяжарных. Пры планаванні цяжарнасці пракансультуйцеся са спецыялістам наконт неабходнасці прыёму вітамінаў у рамках прэгравідарнай падрыхтоўкі.
  • Выключыце курэнне і ўжыванне алкаголю ў перыяд цяжарнасці, паколькі яны павышаюць рызыку нараджэння дзіцяці з парокамі развіцця.
  • Паклапаціцеся пра здаровы набор вагі падчас цяжарнасці.