Інфекцыйная эрытэма («сіндром аплявухі»)

Інфекцыйная эрытэма («сіндром аплявухі») пачынаецца з гарачкі, галаўнога болю і насмарку, а затым на шчоках з’яўляецца сып. «Сіндром аплявухі» не ўяўляе сур’ёзнай пагрозы для большасці дзяцей, хоць ён можа быць небяспечным для тых, якія яшчэ не нарадзіліся. Дзіця можа наведваць дзіцячую дашкольную ўстанову ці школу.
Body

Інфекцыйная эрытэма («сіндром аплявухі») — гэта лёгкая вірусная інфекцыя, прычынай узнікнення якой служыць парвавірус B19. Гэты вірус перадаецца пры кантакце з хворым ці паветрана-кропельным шляхам праз кашаль і чханне.

Звычайна ўспышкі гэтага захворвання адбываюцца ранняй вясной.

Інфекцыйная эрытэма часцей за ўсё сустракаецца ў дзяцей ва ўзросце 5–15 гадоў.

Сімптомы інфекцыйнай эрытэмы

Пасля заражэння дзіцяці парвавірусам, які выклікае «сіндром аплявухі», да з’яўлення якіх-небудзь сімптомаў звычайна праходзіць прыкладна два тыдні.

Захворванне пачынаецца з гарачкі, галаўнога болю і насмарку.

Як толькі гэтыя сімптомы пачынаюць слабець, на твары з’яўляецца характэрны чырвоны сып. Чырвоныя плямы на шчоках дзіцяці падобныя на сляды ад аплявух. Затым сып распаўсюджваецца на грудзі, жывот, спіну, рукі і ногі, але не на далоні і падэшвы. Звычайна ён не выклікае свербу.

Спачатку сып праяўляецца ў выглядзе плям, якія пачынаюць знікаць ад цэнтра, што робіць іх падобнымі на своеасаблівыя карункі.

Да таго часу, як з’яўляецца сып, дзіця, як правіла, ужо не хварэе і не заразнае. На тое, каб сып прайшоў цалкам, можа спатрэбіцца ад 1 да 3 тыдняў. Пры гэтым ён можа то з’яўляцца, то знікаць. Дзіцяці рэкамендуецца пазбягаць перагрэву, празмернай фізічнай актыўнасці ці доўгага ўздзеяння сонечнага святла, бо гэта можа пагоршыць яго стан.

Захворванне часам суправаджацца і іншымі сімптомамі: пачырваненне вачэй, павелічэнне лімфатычных вузлоў, боль у горле і дыярэя.

Дзеці больш старэйшага ўзросту таксама могуць скардзіцца на ацёкі ці боль у суставах.

Некаторыя дзеці падвяргаюцца больш высокай рызыцы ўскладненняў ад «сіндрому аплявухі», а менавіта калі:

  • у дзіцяці праблемы з выпрацоўкай чырвоных крывяных цельцаў, напрыклад, цяжкая анемія;
  • у яго аслабленая імунная сістэма з-за захворвання або ў сувязі з праходжаннем лячэння.

Парвавірус з’яўляецца найбольш заразным за два тыдні да з’яўлення сімптомаў. Пасля таго, як з’явіўся сып, дзіця ўжо не заразнае.

Ці трэба паказаць дзіця педыятру пры падазрэнні на інфекцыйную эрытэму

Трэба звярнуцца з дзіцем да педыятра, калі:

  • з’яўляецца сып і вы не ведаеце, што магло стаць прычынай яго ўзнікнення, асабліва калі сып часова не знікае пры націсканні;
  • высокая тэмпература не зніжаецца на працягу 48 гадзін;
  • дзіця скардзіцца на боль у суставах або іх ацёк;
  • з’яўляецца сып і пры гэтым вядома, што ў дзіцяці праблемы з выпрацоўкай чырвоных крывяных цельцаў або аслаблены імунітэт;
  • пагаршэнне самаадчування дзіцяці выклікае занепакоенасць.

Важна ведаць, што вірус можа быць небяспечны для дзіцяці ў перыяд развіцця ва ўлонні маці. Цяжарнай жанчыне варта неадкладна звярнуцца да ўрача для здачы аналізу крыві і назірання ў выпадку заражэння або кантакту з хворым, у якога дыягнаставалі парвавірус.

Лячэнне інфекцыйнай эрытэмы

Прычынай інфекцыйнай эрытэмы з’яўляецца вірус, таму антыбіётыкі ў гэтым выпадку неэфектыўныя.

Усё, што трэба дзіцяці, — гэта спакой і адпачынак у хатніх умовах.

Прафілактыка інфекцыйнай эрытэмы

Вакцыны ад інфекцыйнай эрытэмы не існуе.

Вучыце дзіця выконваць правілы гігіены і старанна мыць рукі ў дзіцячай дашкольнай установе і школе, пасля вуліцы і перад ежай — гэта пазбавіць ад шматлікіх праблем. Аднак спыніць распаўсюджванне самога захворвання немагчыма.

Абмежаванняў у наведванні дзіцем дашкольных устаноў або школы ў перыяд захворвання няма.