Хвароба «рука-нага-рот» (вірусы Каксакі)

Хвароба «рука-нага-рот» развіваецца ў выніку інфіцыравання арганізма вірусам Каксакі. Для яе характэрны высыпанні ў выглядзе пухіроў у роце, на руках і нагах. Выздараўленне надыходзіць не пазней, чым праз 10 дзён. Спецыфічнай тэрапіі не патрабуецца, важна ізаляваць хворага на перыяд высыпанняў.
Body

Хвароба «рука-нага-рот»

Хвароба «рука-нага-рот» (энтэравірусны везікулярны стаматыт з экзантэмай, або вірусная пузырчатка поласці рота і канечнасцей) — гэта вострае інфекцыйнае энтэравіруснае захворванне. Для яго характэрны павышэнне тэмпературы цела і спецыфічныя высыпанні ў роце, на руках і нагах. Узбуджальнікам інфекцыі часцей з’яўляецца вірус Каксакі А16.

Захворванне носіць сезонны характар, інфіцыраванне адбываецца часцей у спякотны перыяд. Узбуджальнікамі хваробы «рука-нага-рот» могуць быць некалькі (група) вірусаў, у сувязі з чым заражэнне магчыма больш за адзін раз.

Як распаўсюджваецца хвароба «рука-нага-рот»

Захворванне найбольш распаўсюджана сярод дзяцей ва ўзросце да 7–10 гадоў, асабліва сярод дашкольнікаў. Заражэнне магчыма ад хворага пры непасрэдным кантакце, праз вадкасць, паверхню прадметаў. Вірус таксама змяшчаецца ў кале заражаных дзяцей.

Узровень заразнасці вельмі высокі да той пары, пакуль застаецца вільготнай паверхня скурных высыпанняў.

Сімптомы хваробы «рука-нага-рот»

Ад заражэння да з’яўлення першых сімптомаў праходзіць ад 2 да 7 дзён.

На працягу аднаго ці двух дзён пасля заражэння ў дзіцяці можа быць нязначнае павышэнне тэмпературы, перш чым з’явяцца астатнія сімптомы.

Звычайна спачатку з’яўляюцца маленькія высыпанні ў выглядзе пузыркоў па баках языка, на дзяснах і шчоках. Дзіця таксама можа скардзіцца на боль у роце ці горле, магчымы зніжэнне апетыту, адмова ад піцця.

У дзіцяці можа назірацца галаўны, мышачны боль, лёгкі боль у жываце ці млоснасць.

Невялікія высыпанні ў выглядзе пузыркоў таксама бываюць на руках і нагах, звычайна на далонях і ступнях. На ягадзіцах, сцёгнах і на тулаве дзіцяці могуць з’явіцца чырвоныя плямкі памерам ад 1 да 10 мм.

Плямы і пузыркі звычайна праходзяць самастойна праз 7–10 дзён.

Калі трэба звярнуцца да педыятра ў выпадку хваробы «рука-нага-рот»

Трэба звярнуцца да педыятра пры наяўнасці характэрнага сыпу і падазрэнні на хваробу «рука-нага-рот».

Дзіцяці неабходна тэрміновая медыцынская дапамога ў выпадках:

  • адмовы ад піцця і цвёрдай ежы;
  • з’яўлення прыкмет абязводжвання — дзіця мочыцца радзей, чым звычайна, яно бледнае, адзначаецца зніжэнне вагі, у дзіцяці запалыя вочы, халодныя рукі і ногі, а таксама нязвыклая затарможанасць;
  • павышанай санлівасці або пагаршэння агульнага самаадчування;
  • скаргаў на галаўны боль, скаванасць мышцаў шыі або болі ў спіне;
  • цяжкасці пры хадзе або галавакружэння.

Лячэнне хваробы «рука-нага-рот»

Лячэння ад хваробы «рука-нага-рот» не існуе. У большасці выпадкаў яна хутка праходзіць самастойна без усялякіх ускладненняў.

Пры неабходнасці па рэкамендацыі ўрача магчыма прымяненне жарапаніжальных і абязбольваючых сродкаў у адпаведнасці з інструкцыяй на ўпакоўцы.

Для прадухілення развіцця абязводжвання неабходна, каб дзіця дастаткова піло. Гэта можа быць складана з улікам балючасці высыпанняў у ротавай поласці. Каб забяспечыць папаўненне вадкасці ў арганізме дзіцяці, можна даваць яму раствор для пераральнай рэгідратацыі.

Калі дзіцяці балюча есці і глытаць, то на працягу некалькіх дзён лепш за ўсё даваць яму мяккую прахалодную ежу (фруктовыя пюрэ, ёгурты, марожанае) і пазбягаць кіслай ежы — памідораў, лімонаў, грэйпфрутаў і апельсінаў.

Не трэба парушаць цэласнасць пухіроў. Гэта павялічвае рызыку заражэння скурнай інфекцыяй і перадачы віруса іншым дзецям.

Прафілактыка распаўсюджвання хваробы «рука-нага-рот»

Асноўнай мерай, якая зводзіць да мінімуму распаўсюджванне віруса, з’яўляецца выкананне правіл асабістай і грамадскай гігіены, асабліва ў дзіцячых дашкольных установах, а таксама стараннае мыццё рук з мылам пасля змены падгузнікаў.

Строга рэкамендавана ізаляцыя хворага дзіцяці да моманту поўнага высыхання ўсіх элементаў скурных высыпанняў.