Ветраная воспа
Ветраная воспа
Ветраная воспа (вятранка) — гэта вострае рэспіраторнае інфекцыйнае захворванне, якое выклікаецца вірусам Varicella Zoster. Яна адносіцца да ліку хвароб, распаўсюджаных сярод дзяцей, і валодае высокім узроўнем заразнасці.
Ветраная воспа можа перадавацца наступнымі спосабамі:
- праз непасрэдны фізічны кантакт з хворым на ветраную воспу;
- паветрана-капельным шляхам праз чханне і кашаль;
- праз непасрэдны фізічны кантакт з хворым на апаясваючы лішай.
Як і ў выпадку ветраной воспы, прычынай апаясваючага лішаю з’яўляецца вірус Varicella Zoster. Пасля перанесенай ветраной воспы магчымая рэактывацыя віруса, якая можа праяўляцца клінікай апаясваючага лішаю.
Сімптомы ветраной воспы
У дзяцей, якія заразіліся вірусам ветраной воспы, сімптомы звычайна не праяўляюцца да 10–21-га дня з моманту заражэння.
У большасці выпадкаў першымі сімптомамі хваробы з’яўляюцца агульнае пачуццё стомленасці, а таксама павышэнне тэмпературы цела. На працягу наступных 2–5 дзён з’яўляецца сып. Спачатку гэта чырвоныя плямы, якія часцей за ўсё лакалізуюцца на грудзях, спіне, жываце або твары. Пазней гэтыя плямы ператвараюцца ў маленькія пухіры. Неўзабаве яны распаўсюджваюцца на астатнія ўчасткі цела і могуць нават узнікнуць у роце ці ў вушах, на геніталіях ці вачах. Пухіры выклікаюць вельмі моцны сверб. Новыя высыпанні ўтвараюцца па меры таго, як старыя рубцуюцца і высыхаюць. Скарыначкі могуць не адпадаць на працягу некалькіх тыдняў.
Высыпанні не пакідаюць шрамаў, калі не чухаць пухіры і не здзіраць скарыначкі, а таксама пры адсутнасці далучэння бактэрыяльнай інфекцыі ў месцах расчуханых язвачак.
У дзяцей ветраная воспа працякае намнога лягчэй, чым у дарослых.
Хворы на ветраную воспу становіцца заразным за два дні да з’яўлення сыпу і застаецца такім, пакуль на ўсіх наяўных язвачках або пухірах не ўтворацца скарыначкі і яны цалкам не высахнуць. Звычайна гэта займае прыкладна тыдзень.
Ускладненні і рызыка пры ветраной воспе
Найбольш распаўсюджаным ускладненнем ветраной воспы ў дзяцей з’яўляецца далучэнне бактэрыяльнай інфекцыі на месцы язваў (фурункулы, абсцэсы і інш.). Павышаная рызыка гэтага ўзнікае пры інтэнсіўным расчухванні элементаў сыпу. Бактэрыі могуць выклікаць сур’ёзную агульную інфекцыю. Да больш рэдкіх ускладненняў адносяцца пнеўманія, энцэфаліт і менінгіт.
У некаторых дзяцей пры кантакце з вірусам ветраной воспы могуць развівацца вельмі сур’ёзныя наступствы.
Засцерагаць ад кантакту з хворымі на ветраную воспу трэба дзяцей наступных груп рызыкі:
- нованароджаных;
- з аслабленым імунітэтам;
- з анкалагічнымі захворваннямі;
- якія прымаюць імунасупрэсіўныя прэпараты, напрыклад кортыкастэроіды ў вялікіх дозах.
Калі трэба звярнуцца да педыятра па прычыне ветраной воспы ў дзіцяці
Варта звярнуцца да педыятра па кансультацыю і для агляду дзіцяці пры падазрэнні ў яго ветранай воспы, а таксама калі дзіця ўваходзіць у адну з вышэйпералічаных груп высокай рызыкі і кантактавала з тым, хто, верагодна, хварэе на ветраную воспу.
Цяжарныя жанчыны таксама адносяцца да групы высокай рызыкі. Цяжарнай варта звярнуцца да ўрача пры падазрэнні на вятранку або калі яна кантактавала з чалавекам, хворым на ветраную воспу.
Лячэнне ветраной воспы
Дзецям з ветраной воспай звычайна неабходна толькі палягчэнне свербу і гарачкі.
Для памяншэння свербу намачыце марлевыя сурвэткі ў содавым растворы і прыкладвайце іх да язвачак. Таксама дапамагаюць крэмы і ласьёны з каламінам. Калі ў дзіцяці нясцерпна моцны сверб, педыятр можа прызначыць антыгістамінны прэпарат.
Пры дрэнным самаадчуванні ў перыяд гарачкі паказаны парацэтамол у адпаведнасці з інструкцыяй па ўжыванні.
Неабходна забяспечыць гігіену рук і пазногцяў: падстрыжыце, падпілуйце мяккай пілачкай і пачысціце дзіцяці пазногці. Такім чынам, нават калі яно будзе чухацца, то верагоднасць заражэння язвачак будзе меншай.
Дзецям з групы высокай рызыкі і тым, у каго ветраная воспа працякае ў цяжкай форме, прызначаюць ацыклавір (процівірусны прэпарат). Для лячэння скурных інфекцый і пнеўманіі педыятр можа прапісаць антыбіётыкі. У рэдкіх выпадках патрабуецца шпіталізацыя і ўнутрывеннае ўвядзенне лекавых прэпаратаў.
Варта выключыць наведванне хворым дзіцячай дашкольнай установы, школы і іншых дзіцячых калектываў да таго часу, пакуль не зарубцуюцца апошнія пухіры (як правіла, на гэта патрабуецца каля 5–7 дзён).
Катэгарычна забараняецца прымаць аспірын дзецям ва ўзросце да 12 гадоў.
Прыём аспірыну можа спрыяць развіццю сіндрому Рэйе — вельмі рэдкага, але патэнцыйна смяротнага захворвання. Калі дзіця прымае якія-небудзь прэпараты, якія адпускаюцца без рэцэпта, неабходна пракансультавацца з фармацэўтам ці педыятрам, каб пераканацца ў адсутнасці аспірыну ў іх складзе.
Прафілактыка ветраной воспы
Лепшы спосаб прафілактыкі ветраной воспы — прышчэпка.