Міфы і факты, якія датычацца вакцын
Гэта нармальна і нават правільна — турбавацца і шукаць інфармацыю па розных медыцынскіх пытаннях у цэлым і ў адносінах вакцын у прыватнасці. Тым не менш мы настойліва рэкамендуем выкарыстоўваць даныя з надзейных крыніц, такіх як аўтарытэтныя арганізацыі аховы здароўя: Сусветная арганізацыя аховы здароўя (СААЗ), Еўрапейскае медыцынскае агенцтва, Амерыканская акадэмія педыятрыі і г. д. У сродках масавай інфармацыі поўна даных, большая частка якіх не падмацавана навукова-доказнай базай, а таксама даных, якія часам увогуле ўтрымліваюць наўмысна непраўдзівыя і фэйкавыя паведамленні.
Вельмі важна разумець розніцу паміж «супадзеннем па часе» (калі дзве падзеі адбываюцца па супадзенні адна за адной) і «прычынна-выніковай сувяззю». У многіх выпадках , калі дзве падзеі адбываюцца адна за адной, няма ніякіх падстаў думаць, што першая падзея выклікала другую.
Напрыклад, калі на наступны дзень пасля паражэння нацыянальнай зборнай па футболе адбыўся землятрус, то ніхто не будзе думаць, што ён выкліканы прайграным матчам. Гэта ўсяго толькі супадзенне.
Тое ж датычыцца і шэрага негатыўных з’яў, якія могуць адбыцца пасля вакцынацыі: важна памятаць, што многія генетычныя захворванні і асаблівасці развіцця праяўляюцца на працягу першых двух гадоў жыцця. Гэта якраз той перыяд, калі дзіцяці ўводзіцца большая частка вакцын. Заўсёды неабходна разбірацца, ці мела месца «супадзенне па часе» або ва ўзнікненні нейкай рэакцыі маецца «прычынна-выніковая сувязь» з прышчэпкай. Устанаўленне сувязі непажаданай рэакцыі з вакцынацыяй, якая ёй папярэднічала, неабходна праводзіць толькі сумесна з кампетэнтнымі ў гэтым пытанні спецыялістамі.
Мноства маштабных эпідэміялагічных даследаванняў разнастайнымі метадамі праводзілася па ўсім свеце вялікай колькасцю даследчыкаў. Пераважная большасць фактычных даных па выніках гэтых даследаванняў дакладна паказвае на тое, што пры выкананні зацверджаных правілаў, тэрмінаў, паказанняў і супрацьпаказанняў вакцынацыя бяспечна і не выклікае сур’ёзных доўгатэрміновых пабочных рэакцый у большасці выпадкаў.