Харчовае атручэнне
Што такое харчовае атручэнне
Харчовае атручэнне — гэта разнавіднасць гастраэнтэрыту.
Яно адбываецца пры назапашванні хваробатворных мікраарганізмаў у такіх стравах і прадуктах, як салаты, мяса, курыца, морапрадукты, яйкі, вяршкі. Рост патагеннага асяроддзя магчымы ў выпадку, калі ежа недавараная, дрэнна разагрэтая, належным чынам не астуджаецца або калі не выконваюцца правілы гігіены пры яе прыгатаванні.
Да бактэрый, якія выклікаюць харчовае атручэнне, адносяць стафілакок, кампілабактар, сальманелу і кішэчную палачку. Акрамя таго, выклікаць харчовае атручэнне могуць некаторыя вірусы, такія як наравірус, паразіты, а таксама таксіны, якія выпрацоўваюцца бактэрыямі.
Сімптомы харчовага атручэння
Сімптомы могуць уключаць:
- млоснасць або рвоту;
- боль у жываце і спазмы;
- метэарызм;
- вадкі стул або дыярэю, часам з прымессю крыві;
- галаўны боль;
- высокую тэмпературу/гарачку.
Харчовае атручэнне можа адбыцца на працягу некалькіх гадзін або некалькіх дзён пасля ўжывання няякаснай ежы. Часта яго сімптомы праходзяць праз 24–48 гадзін.
Праявы харчовага атручэння ў немаўлят могуць быць больш сур’ёзнымі, чым у дзяцей старэйшага ўзросту і падлеткаў.
Пры наяўнасці ў дзіцяці сімптомаў харчовага атручэння абавязкова кантралюйце, ці не з’явіліся ў яго прыкметы абязводжвання.
Ці трэба звяртацца да ўрача з нагоды харчовага атручэння ў дзіцяці
Звярнуцца па дапамогу да ўрача варта, калі ў дзіцяці:
- дыярэя, якая працягваецца больш за 2–3 дні;
- крывавы панос.
Тэрмінова даставіць дзіця ў аддзяленне неадкладнай дапамогі трэба, калі яно:
- адчувае моцны боль у жываце, яго рве, арганізм губляе вадкасць;
- не п’е і мае прыкметы абязводжвання, такія як невялікая колькасць мачы або яе адсутнасць, страта вагі, стомленасць і моцная смага;
- мае сімптомы харчовага атручэння ва ўзросце да года;
- на вашу думку, вельмі дрэнна сябе адчувае.
Лячэнне харчовага атручэння
У большасці выпадкаў харчовае атручэнне праходзіць самастойна, дзіця не мае патрэбы ў спецыяльным лячэнні.
Антыбіётыкі звычайна не патрабуюцца ці не рэкамендуюцца, аднак іх ужыванне магчыма пры некаторых тыпах хвароб харчовага паходжання.
Важна, каб дзіця піло дастаткова вадкасці. Лепш за ўсё прымаць растворы для аральнай рэгідратацыі невялікімі глыткамі праз рэгулярныя прамежкі часу. Гэта дапаможа прадухіліць абязводжванне.
Калі дзіця галоднае, дайце яму тое, што яно хацела б з’есці.
Нават калі ў дзіцяці няма апетыту, не трэба спыняць прыём ежы больш чым на 24 гадзіны.
Прафілактыка харчовага атручэння
Першы крок да прадухілення харчовага атручэння — стараннае мыццё рук перад ежай і абыходжаннем з прадуктамі харчавання.
Падчас прыгатавання ежы выконвайце наступныя правілы:
- старанна мыйце ўсю садавіну і гародніну;
- правярайце свежасць мясных прадуктаў і бяспечнасць іх паходжання;
- выконвайце правілы тэрмічнай апрацоўкі, асабліва прадуктаў жывёльнага паходжання (мяса і яйкі);
- гатуйце сырое мяса і гародніну на розных паверхнях;
- не гатуйце ежу для іншых, калі вы хварэеце.
Трэба старанна разаграваць прыгатаваныя стравы.
Захоўвайце ежу належным чынам і пры адпаведным тэмпературным рэжыме; яна павінна быць абаронена ад забруджвання. Заўсёды правярайце тэрмін прыдатнасці прадуктаў перад іх ужываннем.
Калі вы ясце па-за домам, трэба праверыць:
- якасць прапанаванай ежы ў месцах грамадскага харчавання і пры замове навынас;
- выкананне належных правілаў гігіены супрацоўнікамі ўстановы;
- выкананне правілаў захоўвання і прыгатавання ежы, якая прапаноўваецца;
- дастатковасць тэрмічнай апрацоўкі.
Пры замове ежы навынас трэба ўжыць яе на працягу некалькіх гадзін ці як мага хутчэй пакласці ў халадзільнік.