Затрымка стулу (запор)

Затрымка стулу, або запор — гэта стан цяжкасці з дэфекацыяй у дзіцяці, пры гэтым назіраецца ўшчыльненне, зацвярдзенне і павелічэнне ў аб’ёме калавых мас, што выклікае цяжкасць у рэгулярным і свабодным іх адыходжанні. Дзеці, якія пакутуюць ад запораў, не спаражняюцца рэгулярна.
Body

Прычыны запору ў дзяцей

Запор бывае па некалькіх прычынах.

Ваша дзіця можа затрымліваць кал, таму што занадта занята гульнёй, яму балюча спаражняцца (ці было балюча раней), ці таму, што яно не хоча скарыстацца прыбіральняй у сваёй дашкольнай установе або школе.

Запор таксама можа ўзнікнуць, калі ваша дзіця не есць дастаткова клятчаткі або па прычыне хваробы, з-за якой ваша дзіця менш есць і п’е.

Усе гэтыя сітуацыі могуць прывесці да назапашвання фекалій у кішэчніку. Калі гэта адбываецца, ваша дзіця не можа лёгка выштурхнуць кал.

Ёсць некаторыя асноўныя захворванні, якія могуць выклікаць запор у дзяцей, але яны не распаўсюджаны.

Сімптомы запору ў дзяцей

Звычайныя фекаліі павінны лёгка адыходзіць і быць цыліндрычнай формы.

Але калі ў вашага дзіцяці запор і кал адыходзіць з цяжкасцю, яно можа адчуваць боль і дыскамфорт, спаражняючыся ці спрабуючы гэта рабіць. Гэта можа прымусіць яго пазбягаць прыбіральні.

Цвёрдыя фекаліі могуць празмерна расцягнуць задні праход вашага дзіцяці і выклікаць невялікія паверхневыя разрывы, здольныя выклікаць боль і крывацёк.

У вашага дзіцяці таксама могуць быць болі ў жываце, якія то з’яўляюцца, то знікаюць. Яно можа дэманстраваць «утрымліваючыя» паводзіны, напрыклад разгойдвацца або круціцца, скрыжоўваць ногі або адмаўляцца садзіцца на ўнітаз. Дзіця таксама можа здавацца ў цэлым капрызным.

Калі ў вашага дзіцяці запор на працягу доўгага часу, у яго можа адбыцца самаадвольная дэфекацыя. Гэта можа быць адыходжанне нязначнай ці вялікай колькасці калу, якое можа адбыцца ў любы час сутак. Гэта называецца пэцканнем ці нетрыманнем калу.

Нетрыманне калу ўзнікае з-за таго, што цвёрды стул затрымліваецца і расцягвае прамую кішку. Тады ваша дзіця можа страціць жаданне схадзіць у прыбіральню, таму што яго прамая кішка ў стане пастаяннага расцяжэння. Вадкі кал можа запоўніць прастору вакол старой цвёрдай калавай масы, пры гэтым дзіця не адчувае гэтага ці не хоча спаражняцца.

Існуе вялікі дыяпазон нормы частаты дэфекацыі ў дзяцей. Некаторыя дзеці робяць гэта 2–3 разы на дзень, а іншыя — два разы на тыдзень.

Калі звяртацца да ўрача па прычыне запору ў дзяцей

Вам трэба адвесці дзіця да ўрача, калі:

  • вам неабходна даваць дзіцяці слабіцельнае часцей, чым некалькі разоў на год;
  • запор вашага дзіцяці не праходзіць пасля таго, як вы даяце яму слабіцельнае;
  • ваша дзіця не спаражнялася ўжо пяць дзён;
  • у дзіцяці некантралюемае выдзяленне калу;
  • у вашага дзіцяці запор, а таксама гарачка, рвота, прымешкі крыві ў фекаліях або страта вагі;
  • у вашага дзіцяці балючыя трэшчыны на скуры вакол ануса;
  • у вашага дзіцяці запор, і вы хвалюецеся, што яно недастаткова есць і п’е.

Лячэнне запору

Здаровыя звычкі, якія садзейнічаюць рэгулярнаму спаражненню кішэчніка (у норме калавыя масы павінны быць цыліндрычнай формы).

Рацыён харчавання

Першы крок да здаровага кішэчніка — гэта дыета. Здаровае харчаванне з дастатковым утрыманнем клятчаткі дапамагае прадухіліць запоры. Да прадуктаў з высокім яе ўтрыманнем адносяцца цэльназерневыя хлеб і крупы, садавіна і гародніна.

Рэгулярнае наведванне прыбіральні

Калі ў вашага дзіцяці запор, заахвочвайце яго да таго, каб у яго выпрацавалася звычка рэгулярна садзіцца на ўнітаз і тужыцца. Добра, калі яно зможа рабіць гэта на працягу пяці хвілін прыкладна праз 20–30 хвілін пасля таго, як скончыць снедаць, абедаць і вячэраць.

Добра, калі ў вашага дзіцяці будзе падстаўка для ног ці скрыня, на якую можна ставіць ногі, седзячы на ​​ўнітазе. Папрасіце дзіця паставіць ступні роўна, развесці калені ў бакі і злёгку нахіліцца наперад падчас патуг.

Вы таксама можаце навучыць сваё дзіця ўсведамляць і рэагаваць на пазывы яго арганізма да спаражнення. Адзін са спосабаў зрабіць гэта — завесці табліцу наклеек або заахвочванняў, каб пахваліць дзіця за паход у прыбіральню.

Слабіцельныя

Магчыма, вам давядзецца даць дзіцяці слабіцельнае, калі ў яго запор, каб бязбольна вывесці цвёрды стул.

Чарнасліў, сок або кампот з сухафруктаў — гэта мяккі натуральны слабіцельны сродак, які дапамагае некаторым дзецям. Калі ён не дзейнічае, вам трэба звярнуцца да ўрача.

Некаторым дзецям з хранічным запорам неабходна будзе працягваць прымаць слабіцельныя лекі на працягу некалькіх месяцаў. Ваш урач паведаміць вам пра адпаведны курс лячэння.

Запор у немаўлят

Што з’яўляецца нормай

Многія дзеці часта чырванеюць і напружваюцца ў момант звычайнай дэфекацыі.

У дзяцей да шасці месяцаў частата спаражненняў залежыць ад таго, чым іх кормяць.

Немаўляты на грудным выкормліванні могуць спаражняцца да пяці разоў на дзень або толькі адзін раз на пяць дзён. Іх фекаліі мяккія, жоўтага ці гарчычнага колеру.

Дзеці, якія знаходзяцца на штучным выкормліванні, як правіла, спаражняюцца 1–2 разы на дзень. Іх фекаліі больш шчыльныя і зялёна-карычневыя.

У вашага дзіцяці можа быць запор, калі яго фекаліі сухія і рыхлыя ці падобныя на шарыкі, і дэфекацыя, здаецца, прычыняе яму боль і дыскамфорт.

У некаторых дзяцей затрымка стулу ўзнікае з-за таго, што яны атрымліваюць недастатковую колькасць груднога малака, або з-за таго, што малочная сумесь складзена няправільна і ў ёй недастаткова вады.

Калі вы лічыце, што ў вашага дзіцяці запор, і пасля простых мер, такіх як даданне соку чарнасліву, хуткага паляпшэння не адбываецца, звярніцеся да ўрача, каб высветліць, ці гэта асноўная праблема.