Інфекцыя вонкавага вуха (вонкавы атыт)

Да сімптомаў інфекцыі вонкавага вуха адносяцца боль і сверб. Таксама вуха можа здавацца закладзеным. Справакаваць развіццё інфекцыі вонкавага вуха ў дзіцяці можа плаванне, выкарыстанне ватных палачак, наяўнасць экзэмы і дэрматыту. Пры падазрэнні на інфекцыю вонкавага вуха ў дзіцяці трэба звярнуцца да ўрача.
Body

Інфекцыя вонкавага вуха, або вонкавы атыт

Орган слыху (вуха) складаецца з трох асноўных частак: вонкавага вуха (вонкавы слыхавы праход і вушная ракавіна), сярэдняга вуха (прастора за барабаннай перапонкай, якая злучаецца з насаглоткай пры дапамозе канала, а таксама размешчаныя ў гэтай прасторы слыхавыя костачкі) і ўнутранага вуха (у ім размешчаны структуры і нервовыя канчаткі, якія дапамагаюць распазнаваць гук).

Развіццё інфекцыйна-запаленчага працэсу ў вонкавым слыхавым праходзе называюць вонкавым атытам.

Пры развіцці ў дзіцяці інфекцыі вонкавага вуха адбываецца інфіцыраванне слізістай абалонкі слыхавога праходу на вонкавым баку барабаннай перапонкі.

Часцей за ўсё інфекцыі вонкавага вуха распаўсюджаны сярод дзяцей, якія займаюцца плаваннем. Гэта звязана з частым трапленнем вады ў вонкавы слыхавы праход і яе назапашваннем у ім.

Інфекцыі вонкавага вуха таксама могуць развівацца ў месцы пашкоджання слыхавога праходу пры неакуратным ачышчэнні яго ватнымі палачкамі. Пры гэтым часта развіваецца другасная бактэрыяльная ці грыбковая інфекцыя.

Дзіця з такімі скурнымі праблемамі, як экзэма або дэрматыт, у большай ступені схільна да інфекцый вонкавага вуха.

Сімптомы інфекцыі вонкавага вуха

Пры развіцці інфекцыйнага запалення вонкавага вуха дзіця можа скардзіцца на боль ці сверб у вуху. Яно можа пачаць інтэнсіўна чухаць вушы.

Звычайна дзіцяці здаецца, што вуха закладзена, акрамя таго, могуць узнікнуць праблемы са слыхам. Пры жаванні боль можа ўзмацняцца.

У рэдкіх выпадках могуць назірацца крывацёкі з інфіцыраванага вуха ці іншыя выдзяленні. Таксама верагодна ўзнікненне балючасці і ацёчнасці ў вобласці вушных, патылічных і шыйных лімфавузлоў.

Інфекцыі вонкавага вуха ў цяжкай форме могуць стаць прычынай пачырванення і апухання ўсяго вуха.

Калі трэба звярнуцца да ўрача пры падазрэнні на інфекцыю вонкавага вуха

Трэба звярнуцца да педыятра, калі:

  • дзіця скардзіцца на боль у вуху;
  • з’явіліся якія-небудзь выдзяленні з вуха дзіцяці;
  • паверхня вуха пачырванела і/або апухла;
  • пагоршылася агульнае самаадчуванне дзіцяці, павысілася тэмпература цела, турбуе рвота;
  • у дзіцяці часта ўзнікаюць інфекцыі вонкавага вуха;
  • вы мяркуеце, што ў дзіцяці праблемы са слыхам.

Лячэнне інфекцыі вонкавага вуха

Часта пры інфекцыях вонкавага вуха педыятр або спецыяліст-оталарынголаг прызначае дзіцяці вушныя кроплі, якія неабходна капаць некалькі дзён. Звычайна яны спалучаюць у сабе кортыкастэроіды і антыбіётыкі.

Пры больш сур’ёзных інфекцыях вонкавага вуха ўрач парэкамендуе тампанаванне вонкавага слыхавога прахода, пры гэтым тампон (марлевы жгуцік) насычаецца растворам антыбіётыкаў і кортыкастэроідаў.

У перыяд інфекцыі вонкавага вуха нельга дакранацца да вуха ці чухаць яго. Таксама яно заўсёды павінна заставацца сухім, таму да поўнага выздараўлення дзіцяці не рэкамендуецца плаваць і мачыць вуха.

Пры моцнай балючасці можна даваць дзіцяці супрацьзапаленчыя прэпараты, напрыклад парацэтамол у рэкамендаванай дазіроўцы паводле інструкцыі.

Прафілактыка інфекцыі вонкавага вуха

Пасля плавання і купання неабходна старанна абсушваць дзіцяці вушы. Пры частых інфекцыях вонкавага вуха таксама можна капаць антысептычныя кроплі. Якасныя берушы патрэбнага памеру могуць дапамагчы прадухіліць развіццё інфекцыйна-запаленчых рэакцый.

Не чысціце дзіцяці вушы ватнымі палачкамі. Замест гэтага выцірайце вушны праход вугалком ручніка, не прасоўваючы яго глыбока.