Колікі: што рабіць
Вы падазраяце, што ў дзіцяці колікі: што рабіць
Спачатку неабходна прывесці дзіця на агляд да ўрача, каб пераканацца ў адсутнасці якіх-небудзь сур’ёзных праблем са здароўем. Гэта дапаможа знізіць трывогу.
Акрамя таго, спецыяліст праверыць правільнасць тэхнікі кармлення дзіцяці і дасць рэкамендацыі, калі неабходна штосьці змяніць. Ён раскажа пра тое, як можна супакоіць дзіця, а таксама пра магчымыя навучальныя групы для маладых бацькоў па вашым месцы жыхарства.
Як маці/бацька вы можаце паддацца пачуццю, што абавязаны не толькі клапаціцца пра сваё дзіця, але і падтрымліваць бездакорны парадак дома, працаваць, хадзіць у магазін, гатаваць і г. д. Але на практыцы гэта вельмі складана. Вы асабіста, члены вашай сям’і і ваша дзіця будзеце толькі пакутаваць, калі вы адчуваеце пастаянны стрэс з-за таго, што спрабуеце зрабіць занадта шмат.
Вельмі важна адпачываць, спаць, а таксама знаходзіць час для сябе. Гэта дазволіць вам быць у лепшай форме, каб клапаціцца пра сваё дзіця.
Як справіцца з колікамі: 10 парад
Плач і неспакой — гэта частка нармальнага развіцця большасці малых дзяцей. З часам гэта пройдзе. Ніжэй некалькі рэкамендацый, якія дапамогуць скараціць частату, працягласць і інтэнсіўнасць плачу і трывогі вашага дзіцяці:
- Правярайце, ці камфортна вашаму дзіцяці. Кантралюйце, ці не трэба змяніць яму падгузнік, ці не занадта яму горача ці холадна.
- Пакарміце дзіця, калі лічыце, што яно можа быць галоднае, або калі апошняе кармленне было больш чым дзве гадзіны таму.
- Прыкладзіце дзіця да грудзей, у некаторых выпадках можна прапанаваць яму пустышку. Часам немаўля можа быць не галоднае, але яно хоча ці яму неабходна смактаць. Калі дзіцяці 3–4 месяцы або больш, дапамажыце яму знайсці ўласныя пальчыкі, наблізьце іх да рота дзіцяці, каб яно магло іх смактаць.
- Ласкава размаўляйце з дзіцем, спявайце яму ці ўключайце спакойную музыку. Магчыма, яно проста хоча адчуваць, што вы побач; ваш голас можа супакоіць яго. Некаторых немаўлят супакойвае белы шум — паспрабуйце ўключыць вентылятар, пыласос або злавіце на радыёпрыёмніку пустую хвалю, на якой будзе чуваць характэрнае шыпенне.
- Асцярожна пагушкайце або панасіце дзіця ў пераносцы ці слінгу. Часам рух і блізкасць да маці/бацькі супакойваюць дзяцей.
- Вазьміце дзіця на прагулку ў калясцы. Ні ў якім разе не пакідайце яго спаць у дзіцячай калясцы без нагляду.
- Рабіце дзіцяці масаж. Медыцынская сястра можа навучыць вас гэтаму.
- Выкупайце дзіця ў цёплай ванначцы. Як правіла, гэта супакойвае дзяцей і дапамагае ім заснуць.
- Стварыце больш спакойную абстаноўку, паменшыце ўздзеянне раздражняльнікаў, напрыклад, прыглушыце святло.
- Пастарайцеся наладзіць рэжым кармлення і сну і прытрымлівацца яго.
Паспрабуйце розныя прыёмы, каб зразумець, якія з іх найбольш эфектыўныя ў вашым выпадку. Часам падыходы, якія добра працуюць у адзін дзень, могуць не падзейнічаць у іншы. Калі які-небудзь са спосабаў не працуе або праз некаторы час перастаў дапамагаць, проста паспрабуйце іншы.
Выкананне рэкамендаваных вышэй дзеянняў не спыніць плач дзіцяці чароўным чынам, але, магчыма, палегчыць сітуацыю.
Вы не распесціце дзіця, калі будзеце браць яго на рукі, абдымаць ці размаўляць з ім. Карміце дзіця заўсёды, калі ёсць перадумовы, што яно галоднае, а таксама бярыце на рукі, каб супакоіць, калі яно плача.
Іншыя метады барацьбы з колікамі, такія як прыём лекаў і сумесей ад колікаў, мануальная тэрапія, не даказалі сваю эфектыўнасць.
Такія меры, як увядзенне прабіятычных дабавак, змяненне рацыёну харчавання маці, прыём лекаў ад рэфлюксу і пераход на іншую сумесь, рэдка апраўданыя, і звяртацца да іх варта толькі пасля кансультацыі з педыятрам.
Калі трэба звярнуцца да педыятра наконт колікаў
Калі вы лічыце, што ў вашага дзіцяці колікі, лепш адразу пракансультавацца з педыятрам. Калі вы ўжо звярталіся да яго, але вас па-ранейшаму непакояць паводзіны дзіцяці, можна пракансультавацца паўторна.
Трэба зноў звярнуцца да педыятра ў наступных выпадках:
- адсутнічае эфект ад апісаных вышэй прыёмаў — яны не дапамагаюць справіцца з плачам дзіцяці;
- дзіця млявае і бледнае;
- у дзіцяці зніжаны апетыт, яно дрэнна набірае вагу;
- у дзіцяці павышана тэмпература цела;
- у дзіцяці пастаянная рвота або дыярэя;
- у вас выклікае хваляванне нейкі іншы сімптом.
Дыягнастычныя даследаванні пры коліках
Па выніках такіх даследаванняў, як аналіз крыві ці рэнтген, рэдка можна сцвярджаць, што дзіця турбуюць колікі. Адзіны выпадак, калі яму спатрэбяцца аналізы, — гэта калі ўрач палічыць, што прычына плачу — захворванне або які-небудзь іншы стан здароўя дзіцяці.
Прафілактыка колікаў
Колікі — гэта этап, праз які праходзяць многія дзеці. Гэта азначае, што прадухіліць іх дастаткова складана.
Немаўляты, якіх многа носяць на руках (у слінгу), нават калі яны не плачуць, як правіла, у цэлым плачуць менш, і яны менш неспакойныя.