Падстрыганне пазногцяў малым дзецям

Малому дзіцяці не трэба часта падстрыгаць пазногці. Рабіць гэта варта, калі ваша дзіця спакойнае ці соннае. Вы можаце спяваць яму любімую песеньку ці адцягваць яго ўвагу іншым чынам. У дзіцяці можа ўзнікнуць інфекцыя вакол пазногця на ручках ці ножках. Гэта не страшна, але калі вы заўважыце прыкметы інфекцыі, звярніцеся да педыятра.
Body

Аб пазногцях вашага малога дзіцяці

Малому дзіцяці не трэба занадта часта падстрыгаць пазногці.

У нованароджаных пазногці мяккія і сточваюцца самі па сабе пры кантакце з дзіцячым адзеннем. Крыху старэйшыя дзеці сточваюць іх падчас розных гульняў і пры ўзаемадзеянні з навакольным светам.

Калі ў немаўляці занадта доўгія і вострыя пазногці, яны могуць стаць прычынай драпін на целе і нават на вочках. Пазногці ў малых дзяцей растуць даволі хутка, таму падстрыгайце іх на руках і нагах дзіцяці па меры неабходнасці. Выкарыстоўвайце спецыяльныя дзіцячыя манікюрныя нажніцы або кусачкі. Таксама можна падпілоўваць пазногці мяккай пілачкай. Дастаткова проста закругліць вугалкі пазногцяў, каб яны былі гладкімі.

Як падстрыгчы пазногці малому дзіцяці

Старайцеся падстрыгаць пазногці, калі ваш нованароджаны спіць ці калі ён вельмі спакойны або сонны.

Нашы парады могуць спрасціць задачу:

  • Забяспечце дастатковае асвятленне, каб усё было добра відаць, але паспрабуйце не асляпіць дзіця.
  • Не саромейцеся папрасіць дапамогі: няхай адзін дарослы трымае дзіця, а другі — падстрыгае пазногці.
  • Асцярожна адсуньце падушачку пальца дзіцяці далей ад пазногця, каб не парэзаць скуру.
  • Падстрыгайце пазногці на нагах роўна, не закругляючы вугалкі з бакоў, каб прадухіліць іх урастанне.

А вось некалькі рэкамендацый на выпадак, калі ваша дзіця хвалюецца падчас падстрыгання пазногцяў:

  • Прагаворвайце дзіцяці спакойным голасам, што вы робіце, ці спявайце яго любімую песеньку.
  • Адцягніце ўвагу дзіцяці цацкай або займіце яго чым-небудзь. Гэта выдатна працуе са старэйшымі дзецьмі.
  • Хваліце ​​дзіця за тое, што яно дапамагае вам скончыць працэдуру. Гэта дазволіць вам абаім адчуць радасць і задавальненне ад зробленай працы.

Калі вы выпадкова парэжаце скуру дзіцяці і пойдзе кроў, асцярожна прыкладзіце да месца парэзу ватны дыск, бінт або мяккі чысты матэрыял і патрымайце датуль, пакуль крывацёк не спыніцца. Не перавязвайце рану, таму што ваша дзіця можа засунуць павязку ў рот.

Калі вы хвалюецеся з-за парэзу, адвязіце дзіця на агляд да ўрача.

Немаўляты часта выпадкова драпаюць сябе, бо пакуль яшчэ не здольныя добра кантраляваць свае ручкі і ножкі. Яны таксама любяць вывучаць свой твар, дакранаючыся да яго рукамі, і могуць падрапаць сабе вочкі. Можна зберагчы дзіця ад выпадковых драпін, калі яно не знаходзіцца пад вашым наглядам, надзеўшы яму на ручкі пару мяккіх баваўняных рукавічак або шкарпэтак. Калі немаўля з вамі, здымайце рукавічкі, каб яно магло даследаваць навакольны свет і гуляць са сваімі рукамі.

Прыкметы таго, што дзіця падрапала сабе вока:

  • чырвонае вока — вочны «бялок» выглядае вельмі раздражнёным, ён чырвоны;
  • празмернае слёзацячэнне;
  • дзіця раптам становіцца трывожным;
  • сляды драпін вакол вока;
  • сімптомы толькі на адным воку.

Калі вы падазраяце, што ваша дзіця падрапала сабе вока, звярніцеся да педыятра ці афтальмолага, які вырашыць, ці трэба прызначаць лячэнне. Галоўнае — не хвалюйцеся! У большасці выпадкаў драпіны на вачах не надта сур'ёзныя і выдатна гояцца пры правільным доглядзе.

Праблемы з пазногцямі ў малых дзяцей

У малых дзяцей даволі часта з'яўляецца нязначная інфекцыя (параніхія) вакол пазногця на руках або нагах. Яна звычайна не патрабуе лячэння і праходзіць сама па сабе. Аднак, магчыма, спатрэбіцца нанесці на пазногаць невялікую колькасць антысептычнага крэму або вадкасці.

Часам такая інфекцыя можа распаўсюджвацца далей на скуру пальца рукі ці нагі і прыводзіць да апухання і пачырванення гэтай вобласці. Калі вы заўважыце падобныя праявы, звярніцеся да педыятра. Вашаму дзіцяці прапішуць антыбіётык, каб пазбавіцца ад інфекцыі. Калі вы наносіце крэм для лячэння інфекцыі, не забудзьцеся пасля гэтага надзець дзіцяці рукавічкі або шкарпэтачкі, каб пазбегнуць пападання прэпарату ў рот дзіцяці.