Падтрымка братоў і сясцёр дзяцей з інваліднасцю
Падтрымка вашага дзіцяці, якое развіваецца тыпова
Дзеці, якія развіваюцца тыпова, па-рознаму могуць ставіцца да сваіх братоў і сясцёр з інваліднасцю. Яны павінны адчуваць, што важныя для вас гэтак жа, як і ваша дзіця з інваліднасцю, што вы клапоціцеся пра іх і пра тое, што яны перажываюць.
Вось некалькі ідэй для падтрымкі дзяцей, якія развіваюцца тыпова.
Адзначайце станоўчае ў адносінах вашага дзіцяці, якое развіваецца тыпова, з братамі ці сёстрамі з інваліднасцю.
Калі вы звяртаеце ўвагу на тое, што вашаму дзіцяці падабаецца рабіць са сваім братам ці сястрой з інваліднасцю, вы можаце дапамагчы яму засяродзіцца на станоўчых момантах.
Напрыклад, калі вы заўважылі, што вашы дзеці задаволена ўсміхаюцца, гуляючы разам у машынкі, можна сказаць: «Антон, ты радуешся, калі гуляеш з братам у машынкі. Відаць, гэта робіць цябе шчаслівым».
Пагаварыце пра пачуцці са сваім дзіцем, якое развіваецца тыпова
Калі вы заахвочваеце сваё дзіця да таго, каб яно дзялілася сваімі думкамі і перажываннямі, калі вы слухаеце яго без асуджэння і прадузятасці, то даяце зразумець, што яно мае права на свае ўласныя пачуцці. Напрыклад: «Я разумею, што ты злуешся, калі твая сястра цягне цябе за валасы».
Вы таксама можаце пагаварыць са сваім дзіцем пра тое, што яго брат ці сястра з інваліднасцю могуць думаць, адчуваць і як могуць сябе паводзіць. Напрыклад: «Я ведаю, што твой брат не можа гаварыць, але яму падабаецца, калі ты з ім гуляеш». Гэта можа дапамагчы вашаму дзіцяці зразумець, як яго брат ці сястра з інваліднасцю ўспрымае гэты свет.
Гаварыце пра свае пачуцці
Калі вы самі расказваеце пра свае пачуцці, звязаныя з інваліднасцю вашага дзіцяці, вы паказваеце добры прыклад усім сваім дзецям. Гэта разумна — паказаць ім, што вы таксама перажываеце розныя эмоцыі з нагоды гэтай сітуацыі.
Вось некалькі прыкладаў таго, як вы маглі б расказаць пра свае пачуцці:
- «Я быў шчаслівы, калі ты дапамог свайму брату надзець шапку».
- «Арына ўпала і паранілася. З-за гэтага мне сумна».
- «Мяне раздражняе, калі людзі задаюць многа пытанняў пра вашу сястру, але я таксама рады, што ім гэта цікава. Часам я кажу ім, што не хачу пра гэта гаварыць».
Праводзьце час са сваім дзіцем, якое развіваецца тыпова
Спалучэнне патрабаванняў і задавальненне патрэб усіх членаў сям’і можа быць няпростай задачай.
Ваша дзіця, якое развіваецца тыпова, можа заўважыць, што вы праводзіце больш часу з яго братам ці сястрой, напрыклад, наведваючы ўрачоў і іншых спецыялістаў. Магчыма, вы не ў стане змяніць сітуацыю, але вы можаце пагаварыць з дзіцем пра яго пачуцці. Паспрабуйце сказаць: «На гэтым тыдні я многа хадзіў да ўрачоў з тваёй сястрой. Цябе гэта крыху засмучае?».
Папрасіце дзіця выбраць некалькі спраў, якімі вы можаце заняцца разам. Напрыклад: «Я з нецярпеннем чакаю магчымасці правесці з табой час сёння пасля школы. Я падумаў, што мы маглі б памаляваць. Ці ты хочаш заняцца нечым іншым?».
Вы можаце дапамагчы свайму дзіцяці, якое развіваецца тыпова, стаць больш упэўненым у сабе, пагаварыўшы з ім пра тое, што ў яго добра атрымліваецца і чым яму падабаецца займацца. Дзякуючы гэтаму дзіця будзе адчуваць, што яно для вас важнае і з’яўляецца значнай часткай сям’і, нават калі яго брату ці сястры патрабуецца дадатковая ўвага.
Вырашайце праблемы разам
Кожны дзень вы і ваша дзіця, якое развіваецца тыпова, верагодна, будзеце сутыкацца з няпростымі перажываннямі і эмоцыямі. Сумеснае рашэнне праблем — добры спосаб іх пераадолець.
Перш чым спрабаваць вырашаць праблемы, важна распазнаць эмоцыі дзіцяці. Напрыклад, яно можа злавацца з-за таго, што робіць яго брат ці сястра. Варта сказаць: «Відаць, ты злуешся з-за таго, што твой брат не выключае сваю любімую праграму па тэлевізары. Злавацца — гэта нармальна».
Зрабіце паўзу, каб даць дзіцяці час супакоіцца. Тады вы зможаце разам працаваць над праблемай. У залежнасці ад узросту вашаму дзіцяці можа спатрэбіцца больш ці менш дапамогі, каб зразумець свае пачуцці, супакоіцца і знайсці рашэнне.
Дапамажыце свайму дзіцяці, якое развіваецца тыпова, наладжваць зносіны з іншымі
Для ўсіх дзяцей важна адчуваць сувязь з людзьмі ўнутры сям’і і па-за ёй.
Для вашага дзіцяці, якое развіваецца тыпова, гэта можа адбывацца падчас гульняў і зносін з сябрамі, незалежна ад таго, ці ёсць у іх брат ці сястра з інваліднасцю. Вы таксама можаце дапамагчы свайму дзіцяці, якое развіваецца тыпова, наладзіць узаемадзеянне з іншымі людзьмі праз камандныя віды спорту, пазакласныя заняткі або рэлігійныя і грамадскія мерапрыемствы.
Дзецям старэйшага ўзросту і падлеткам трэба даваць магчымасць бавіць час з сябрамі без удзелу братоў і сясцёр.
Групы падтрымкі аднагодкаў для братоў і сясцёр дзяцей з інваліднасцю таксама могуць дапамагчы вашаму дзіцяці лепш зразумець, што такое інваліднасць, завесці больш сяброў, атрымаць новыя ідэі для вырашэння складаных сітуацый і добра ставіцца да сябе і сваіх перажыванняў. Гэтыя групы часта дзейнічаюць праз грамадскія арганізацыі людзей з інваліднасцю або асацыяцыі бацькоў дзяцей з інваліднасцю, раённыя цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і развіцця (ЦКРНіР) для дзяцей з інваліднасцю, сацыяльна-педагагічныя цэнтры (СПЦ) або тэрытарыяльныя цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва (ТЦСАН).
Пагаварыце пра інваліднасць
Ваша дзіця, якое развіваецца тыпова, можа не разумець, што азначае інваліднасць яго брата ці сястры. Дзіця можа задаваць такія пытанні, як: «Гэта я выклікала гэта?», «Гэта пройдзе?» або «Я таксама магу захварэць?». Лепш за ўсё адказваць на падобныя пытанні як мага больш шчыра на ўзроўні разумення дзіцяці.
Таксама карысна паведаміць дзіцяці, што можа здарыцца з яго братам ці сястрой, пры гэтым важна заставацца пазітыўным і рэалістычным. Напрыклад: «У тваёй сястры цэрэбральны параліч. Для яе гэта значыць, што мышцы ног не працуюць належным чынам. Ёй зараз трэба перамяшчацца ў інвалідным крэсле, але яна праходзіць рэабілітацыю, каб дапамагчы нагам працаваць лепш».
Заахвочвайце ваша дзіця, якое развіваецца тыпова, да таго, каб часам яно прымала ўдзел у тэрапеўтычных мерапрыемствах свайго брата ці сястры. Гэта дапаможа яму больш даведацца пра інваліднасць свайго брата ці сястры.
Абмяркуйце рэакцыю іншых людзей на інваліднасць
Вы можаце турбавацца пра рэакцыю людзей на інваліднасць вашага дзіцяці, асабліва пра тое, як гэтыя водгукі ўплываюць на ваша дзіця, якое развіваецца тыпова. Апошняму будзе лягчэй рэагаваць на рэакцыю іншых людзей, калі яно падрыхтуецца да гэтага.
Пагаварыце са сваім дзіцем пра тое, як іншыя людзі могуць успрымаць яго брата ці сястру і якія пачуцці гэта можа ў яго выклікаць. Растлумачце дзіцяці, што засмучацца, калі людзі кажуць крыўдныя рэчы, — гэта нармальна. Яму будзе лягчэй, калі яно зможа сказаць некалькі слоў у адказ на рэакцыю іншых людзей. Напрыклад: «Мозг майго брата працуе не так, як ваш і мой».
Вы таксама можаце параіць свайму дзіцяці паведамляць людзям пра тое, што яно не хоча гаварыць на дадзеную тэму; растлумачце, што яму неабавязкова адказваць на пытанні іншых пра сваю сястру ці брата, калі яно гэтага не хоча.
Забяспечце падтрымку братоў і сясцёр дзяцей з інваліднасцю
Як правіла, браты і сёстры дзяцей з інваліднасцю добра прыстасаваны, але ўсё ж такі ўсе дзеці розныя. Адным можа быць лягчэй, чым іншым, а камусьці патрабуецца дадатковая падтрымка.
Як маці/бацька вы лепш ведаеце, ці мае патрэбу ваша дзіця ў дадатковай падтрымцы. Пра гэта неабходна задумацца, калі вы заўважылі наступныя прыкметы ў вашага дзіцяці, якое развіваецца тыпова:
- спіць больш ці менш, чым звычайна;
- есць больш ці менш, чым звычайна;
- стала больш раздражняльным;
- праяўляе меншую цікавасць да рэчаў, якія яму падабаліся раней;
- пазбягае брата ці сястры з інваліднасцю або агрэсіўна рэагуе на яго/яе;
- мае праблемы з вучобай;
- не хоча праводзіць час з сябрамі;
- паводзіць сябе незвычайным чынам, напрыклад, прыкідваецца інвалідам ці з усіх сіл стараецца дасягнуць поспеху або ўсім дагадзіць.
Прафесіяналы, якія падтрымліваюць вас і вашу сям’ю, могуць даць вам некалькі парад. У якасці альтэрнатывы, калі вы хвалюецеся пра каго-небудзь са сваіх дзяцей, вам можа дапамагчы псіхолаг ці сямейны кансультант.
Група падтрымкі братоў і сясцёр таксама можа дапамагчы дзецям, якія развіваюцца тыпова, справіцца з сітуацыяй і даць ім магчымасць сустрэцца з іншымі дзецьмі або падлеткамі, якія знаходзяцца ў аналагічных абставінах.
Лёгка захапіцца клопатам пра дзяцей, але клопат пра сябе не менш важны. Бо добрая фізічная форма, адчуванне сябе здаровым і шчаслівым спрыяе вашай здольнасці клапаціцца пра іншых.