Пальчыкі

Што спатрэбіцца: добры настрой.

У чым заключаецца гульня. Спачатку загаварыце са сваім дзіцем, каб прыцягнуць яго ўвагу. Пасля гэтага раскажыце вершык, па чарзе дакранаючыся да пальчыкаў дзіцяці і акуратна варушачы імі. Праз некаторы час вы ўбачыце, што дзіця само пачынае варушыць пальчыкамі падчас і пасля гульні:

Глянь на пальчыкі. Іх пяць! (Памашыце далонькай)

Гэты пальчык хоча спаць. (Паварушыце вялікім пальчыкам)

Гэты пальчык пазяхае. (Цяпер указальным)

Гэты пальчык засынае. (Цяпер сярэднім)

Гэты пальчык сон глядзіць. (Цяпер безыменным)

Гэты пальчык моцна спіць… (І, нарэшце, мезенчыкам)

 

Будзем ціхімі, як мышкі,

Каб яны паспалі крышку.

А калі настане ранак,

Разбягуцца з-за фіранак

Сонечныя зайчыкі

І разбудзяць пальчыкі. (Паварушыце ўсімі пальчыкамі па адным)

Памятайце, што ўсе вашы рухі павінны быць пяшчотнымі і асцярожнымі, побач з дзіцем заўсёды паводзьце сябе спакойна і акуратна.

Чым карысная гульня. Гэтае практыкаванне дапаможа вашаму дзіцяці ўсвядоміць, што ў яго ёсць рукі і пальцы і што імі можна варушыць. Гульня вучыць кантраляваць мышцы рук і ўмацоўвае пазітыўную сувязь паміж вамі і дзіцем.