Парушэнне зроку
Што такое парушэнне зроку
Адсутнасць зроку — гэта такое парушэнне, якое нельга выправіць з дапамогай акуляраў ці лекаў. Крайняя ступень парушэння зроку — слепата.
Што такое слепата
Дзіця лічыцца інвалідам па зроку, калі яно не можа бачыць на адлегласці 6 м тое, што дзіця з нармальным зрокам можа бачыць на адлегласці 60 м, або калі ў яго вугал агляду складае менш за 20 ° (у чалавека з нармальным зрокам вугал агляду 180 °).
Прычыны парушэння зроку
У малых дзяцей парушэнне зроку можа быць з нараджэння. Але можа ўзнікаць і пазней як вынік хваробы, траўмы ці нейкай паталогіі.
Найбольш распаўсюджанымі прычынамі парушэння зроку з’яўляюцца:
- неўралагічныя захворванні, што ўплываюць на вобласці мозга, якія адказваюць за зрок (картыкальнае парушэнне зроку);
- генетычныя захворванні, напрыклад альбінізм і пігментная дыстрафія сятчаткі;
- хваробы, што ўзнікаюць у некаторых дзяцей, якія нарадзіліся намнога раней за тэрмін, або ў дзяцей, у якіх узніклі ўскладненні пры нараджэнні;
- іншыя захворванні, напрыклад дзіцячая глаўкома або катаракта, а таксама рак, напрыклад рэцінабластома;
- дзеянне інфекцыйнага агента на плод у перыяд яго развіцця ва ўлонні пры інфіцыраванні і хваробе маці падчас цяжарнасці (напрыклад, краснуха, цытамегалавірусная інфекцыя, інфекцыі, якія перадаюцца палавым шляхам, токсаплазмоз);
- праблемы, якія звязаны з будовай органаў зроку і абмяжоўваюць іх функцыю, напрыклад мікрафтальм або анафтальм;
- пашкоджанне або траўма вока, зрокавых шляхоў паміж органамі зроку і зрокавым цэнтрам у галаўным мозгу.
Раннія прыкметы парушэння зроку
У дзяцей з парушэннем зроку вочы выглядаюць гэтак жа, як у дзяцей без такіх парушэнняў. Варта звярнуць увагу на паводзіны дзіцяці і на яго здольнасць зрокава ўспрымаць інфармацыю.
Ва ўзросце 4–5 тыдняў большасць малых дзяцей пачынаюць факусіраваць погляд на тварах і прадметах, прыкладна да 6–8-га тыдня — усміхацца знаёмым тварам і прадметам, якія яны бачаць. Але калі ў дзіцяці ёсць парушэнне зроку, магчыма, вы заўважыце, што яму складана гэта рабіць.
Іншыя прыкметы таго, што ў дзіцяці ёсць праблемы са зрокам:
- вочы хутка рухаюцца з боку ў бок (гэта называецца ністагм), торгаюцца або блукаюць;
- дзіця не сочыць вачамі за вашым тварам або прадметам перад ім ці вам здаецца, што яно не глядзіць у вочы людзям;
- вочы не рэагуюць на яркае святло, якое ўключаецца ў памяшканні;
- зрэнкі здаюцца белымі або мутнымі, а не чорнымі;
- вочы не глядзяць прама, а звернутыя да носа ці ў бакі.
Пры парушэнні зроку ў дзіцяці крыху старэйшага ўзросту магчымы такія праявы:
- дзіця падносіць прадметы блізка да твару;
- яно скардзіцца на боль ад стомленасці або моцна трэ вочы;
- яно паварочвае ці нахіляе галаву або заплюшчвае адно вока, калі глядзіць на нешта зблізку;
- дзіця стамляецца, калі яму неабходна глядзець на нешта зблізку, напрыклад, пасля чытання, малявання ці гульняў перад экранам;
- яно адзначае, што днём бачыць лепш, чым уначы;
- вам здаецца, што ў дзіцяці касавокасць, або вочы глядзяць у розныя бакі (гэта называецца «лянівае вока», ці амбліяпія), або яно жмурыцца;
- дзіця здаецца нязграбным, напрыклад, яно перакульвае прадметы або часта спатыкаецца.
Дыягностыка парушэння зроку
Парушэнні зроку выяўляе афтальмолаг.
Наступствы слепаты
Слепата ўплывае на розныя сферы развіцця дзіцяці, напрыклад:
- зносіны;
- гульні і наладжванне кантактаў з іншымі людзьмі;
- уменне гаварыць — дзіця не будзе паказваць на прадметы, таму людзі, якія яго акружаюць, не будуць называць гэтыя прадметы;
- затрымка ў развіцці навыкаў сядзення і хадзьбы;
- затрымка ў развіцці навыкаў чытання, пісьма і гульняў з прадметамі.
Паслугі ранняга ўмяшання для дзяцей з парушэннямі зроку
Чым раней будуць заўважаны парушэнні зроку і разам са спецыялістамі прыняты неабходныя меры, тым раней дзіця асвоіць патрэбныя навыкі для развіцця і зносін.
Клопат пра сябе і сваю сям’ю
Клапоцячыся пра сваё дзіця, важна не забываць пра ўласны камфорт. Калі ваш фізічны і псіхічны стан будзе ў парадку, вы зможаце лепш клапаціцца пра сваё дзіця.
Зносіны з іншымі бацькамі з падобным вопытам — лепшая падтрымка. Такія зносіны могуць адбывацца ў групах, у межах асабістых сустрэч ці ў рэжыме анлайн.
Браты і сёстры дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі павінны адчуваць, што яны не менш важныя для вас, што вы клапоціцеся пра іх і вас турбуе тое, праз што яны праходзяць. Размаўляйце з імі і цярпліва адказвайце на пытанні, якія іх цікавяць, праводзьце з імі час і цікаўцеся тым, што іх хвалюе, — ім таксама патрэбна падтрымка.