Паштоўкі для блізкіх
Што спатрэбіцца: папера (звычайная або каляровая), алоўкі, крэйда або фламастары; любыя іншыя даступныя матэрыялы, якія можна выкарыстоўваць, каб упрыгожыць паштоўку (шматкі пражы, нітак для наклейвання, наклейкі, карцінкі з часопісаў і г. д.).
У чым заключаецца гульня. Стварэнне паштоўкі для члена сям'і ці іншага блізкага чалавека — гэта занятак, які падахвочвае ваша дзіця вывучыць некаторыя літары алфавіта ці навучыцца маляваць. Нагода можа быць любая — напрыклад, хто-небудзь са сваякоў захварэў. «Давай зробім паштоўку, каб бабуля ведала, што мы ўсе хочам, каб яна хутчэй паправілася». Знайдзіце месца для сумеснай працы. Спачатку спытайце ў свайго дзіцяці: «Як ты думаеш, што мы можам напісаць у паштоўцы?». Калі ў вашага дзіцяці ёсць ідэя на гэты конт, запішыце яе на паштоўцы. Затым можна папрасіць, каб дзіця што-небудзь напісала само. У гэтым узросце гэта можа быць усяго некалькі літар або частка імя вашага дзіцяці. Вы можаце напісаць яго друкаванымі літарамі і прапанаваць дзіцяці паспрабаваць перапісаць цалкам усё імя ці хаця б адну літару. Якім бы ні быў вынік, пахваліце дзіця: «Бабулі вельмі спадабаецца! Яна будзе ведаць, што гэта ты напісаў/напісала! Хочаш намаляваць для яе што-небудзь?». Усё павінна адпавядаць узроўню навыкаў і інтарэсаў вашага дзіцяці. Рабіце простыя паштоўкі даволі часта, каб гэта стала звычайнай справай (вы таксама можаце як-небудзь зрабіць дзіцяці сюрпрыз і падрыхтаваць паштоўку для яго).
Стымулам спрабаваць пісаць літары для дзіцяці можа быць сумеснае складанне спісу пакупак — вы можаце запісаць нешта самі і спытаць дзіця, ці хоча яно само дадаць якое-небудзь слова ці пару літар.
Чаму пры гэтым вучыцца дзіця. Гэта адзін з многіх заняткаў, якія дапамогуць навучыцца пісаць. Ваша дзіця бачыць, што гэта для нечага трэба, што гэта можа парадаваць іншых людзей і быць прыемным заняткам. І, вядома ж, гэта гульня заахвочвае ваша дзіця да творчасці— вы ж разам прыдумваеце, як прыгожа аформіць паштоўку.