Павелічэнне лімфатычных вузлоў

Лімфатычныя вузлы (лімфавузлы) у дзіцяці могуць быць павялічаны, калі яго арганізм змагаецца з якой-небудзь інфекцыяй або запаленнем. Калі вы не ведаеце, што магло паслужыць прычынай павелічэння лімфавузлоў у дзіцяці, варта паказаць яго педыятру, асабліва калі пры гэтым адзначаецца іх балючасць, або яны працягваюць павялічвацца, або стан дзіцяці выклікае асцярогі. Лячэнне будзе залежаць ад прычыны павелічэння лімфавузлоў.
Body

Што такое павелічэнне лімфатычных вузлоў

Лімфатычныя вузлы (лімфавузлы) прадстаўлены ў арганізме паўсюдна. Яны з’яўляюцца часткай імуннай сістэмы і выступаюць у якасці фільтра супраць вірусаў і бактэрый.

Лімфатычныя вузлы таксама вядомыя як лімфатычныя залозы.

Павелічэнне лімфавузлоў магчыма па розных прычынах. Часцей гэта не з’яўляецца нагодай для хвалявання.

У большасці выпадкаў лімфавузлы павялічваюцца ў перыяд віруснай ці бактэрыяльнай інфекцыі, напрыклад пры ангіне ці інфекцыйным монануклеозе. Таксама гэта можа адбыцца нават пры нязначнай запаленчай рэакцыі ў арганізме, напрыклад у выніку ранкі, апёку ці ўкусу насякомага.

У некаторых выпадках, напрыклад пры экзэме, лімфавузлы ў дзіцяці могуць быць павялічаны ўвесь час. Гэта звязана са зніжэннем бар’ерных уласцівасцей скуры пры запаленні і пашкоджанні, такім чынам лімфавузлы павялічваюць сваю актыўнасць, рэагуючы на ​​пастаяннае пранікненне праз яе мікраарганізмаў.

У рэдкіх выпадках прычынай павелічэння лімфавузлоў у дзяцей могуць быць злаякасныя новаўтварэнні. Пры гэтым вузлы часцей не баляць, яны даволі шчыльныя навобмацак і не рухаюцца пры націсканні.

У дзяцей лімфавузлы звычайна павялічваюцца ў большай ступені і адбываецца гэта часцей, чым у дарослых, таму іх лягчэй вызначыць навобмацак. Часам іх можна намацаць з абодвух бакоў на шыі, у падпахавых западзінах і ў пахвіннай вобласці спераду на згібе нагі дзіцяці, нават калі яно здаровае. Калі дзіця худое, іх можна нават убачыць.

Сімптомы павелічэння лімфавузлоў

Лімфавузлы ў дзіцяці могуць павялічыцца па ўсім целе або толькі ў вобласці лакалізацыі інфекцыі ці запалення.

Напрыклад, калі ў дзіцяці танзіліт (ангіна), можна адзначыць прыпухласць, ушчыльненне і балючасць лімфавузлоў шыі. Калі ж у дзіцяці інфекцыйна-запаленчы працэс на пальцы рукі, то назіраюцца балючасць і ўшчыльненне лімфавузлоў, размешчаных у падпахавай вобласці пад рукой з боку запалення.

Лімфавузлы могуць заставацца павялічанымі на працягу 2–3 тыдняў пасля таго, як пройдзе інфекцыя.

Ці трэба паказваць дзіця педыятру пры павелічэнні лімфавузлоў

Варта звярнуцца да педыятра ў наступных выпадках:

  • лімфавузлы павялічаны на працягу некалькіх дзён і для гэтага няма відавочнай прычыны, такой як боль у горле, насмарк, іншая лёгкая інфекцыя і г. д.;
  • назіраецца значнае павелічэнне памераў (больш за 1 сантыметр у дыяметры) лімфавузла або адразу групы лімфавузлоў;
  • назіраецца несіметрычнае павелічэнне лімфавузлоў (напрыклад, з аднаго боку шыі);
  • павелічэнне лімфавузлоў на шыі суправаджаецца ўскладненнем глытання або дыхання;
  • дзіця скардзіцца на боль або балючыя адчуванні вакол павялічаных лімфавузлоў;
  • адзначаецца пачырваненне скуры ў вобласці павялічаных лімфавузлоў;
  • павелічэнне лімфавузлоў суправаджаецца высокай тэмпературай або сыпам;
  • лімфавузлы павялічаны, і пры гэтым адзначаецца пагаршэнне самаадчування дзіцяці.

Лячэнне павялічаных лімфавузлоў

Лячэнне пры павелічэнні лімфавузлоў залежыць ад прычыны.

Калі лімфавузлы ў дзіцяці павялічаны з-за віруснай інфекцыі, усё, што неабходна, — гэта лячыць сімптомы віруса, такія як боль у горле і высокая тэмпература.

Калі павелічэнне лімфавузлоў у дзіцяці выклікана бактэрыяльнай інфекцыяй у вобласці іх лакалізацыі або непасрэдна саміх вузлоў, тады дзіцяці могуць спатрэбіцца антыбіётыкі (па прызначэнні ўрача).

У рэдкіх выпадках пры падазрэнні на злаякасныя новаўтварэнні можа спатрэбіцца аперацыя па выдаленні часткі ці цэлага лімфатычнага вузла з мэтай пастаноўкі дакладнага дыягназу і планавання далейшага лячэння.