Педыкулёз
Прычыны з'яўлення вошай ці гнід
Галаўныя вошы — гэта малюсенькія бяскрылыя насякомыя, якія жывуць у чалавечых валасах і харчуюцца крывёй, што цыркулюе ў сасудах валасістай часткі галавы.
Гніды — гэта яйкі дарослых галаўных вошай. Пасля таго, як вошы іх адкладаюць, прыкладна праз тыдзень з іх з'яўляюцца дарослыя асобіны.
Галаўныя вошы распаўсюджваюцца, калі людзі маюць цесны кантакт, напрыклад, калі іх галовы знаходзяцца блізка адна да адной, пры сумесным выкарыстанні галаўнога ўбору, шаліка, расчоскі або шчоткі для валасоў.
У дзіцячым калектыве часта распаўсюджаны галаўныя вошы, бо галовы дзяцей звычайна размешчаны блізка адна да адной падчас гульняў і агульных заняткаў. Бываюць выпадкі, калі галаўныя вошы з'яўляюцца ў дзяцей некалькі разоў на год.
Няма прычын для збянтэжанасці, калі ў дзіцяці з'явіліся галаўныя вошы, — гэта цалкам натуральная сітуацыя пры знаходжанні ў дзіцячым калектыве. Галаўныя вошы не з'яўляюцца пераносчыкамі хвароб.
Прыкметы наяўнасці вошай або гнід
Калі ў дзіцяці вошы, першае, што можна заўважыць, — гэта сверб і драпіны, асабліва ў вобласці задняй часткі шыі і за вушамі. Аднак у шматлікіх выпадках сімптомы адсутнічаюць.
Пры пільным разглядзе валасоў дзіцяці можна заўважыць маленькія яйкі авальнай формы, прымацаваныя да валасоў каля скуры галавы. Гэта і ёсць гніды.
Таксама візуальна можна заўважыць жывых галаўных вошай. Важна разумець: пакуль у дзіцяці ёсць жывыя дарослыя асобіны, яны адкладаюць гніды. Пакуль не пазбавіцеся ад жывых вошай, вы не спыніце цыкл іх размнажэння.
Жывыя галаўныя вошы досыць хутка перамяшчаюцца, пры гэтым яны малапрыкметныя. Каб заўважыць іх, трэба хуткімі рухамі раздзяляць валасы дзіцяці на пасмы або выкарыстоўваць метад вільготнага расчэсвання, апісаны ніжэй.
Пры падазрэнні, што ў дзіцяці могуць быць галаўныя вошы, трэба праверыць кожнага члена вашай сям'і на іх наяўнасць.
Калі звяртацца да ўрача з нагоды галаўных вошай ці гнід
Трэба звярнуцца да ўрача, калі:
- у дзіцяці моцны сверб і гэта перашкаджае яму спаць;
- на скуры галавы дзіцяці з'яўляюцца язвы;
- дзіця ўжо лячылі ад педыкулёзу тры ці больш разоў за год.
Лячэнне ад галаўных вошай
Неабходна адначасова праверыць усіх членаў сям'і і ў выпадку наяўнасці вошай пралячыць. Ёсць два спосабы пазбавіцца ад галаўных вошай — сродкі ад вошай для валасоў і вільготнае расчэсванне.
Ласьёны, вадкасці і крэмы ад вошай
Набыць сродак ад вошай можна ў аптэцы без рэцэпта. Важна строга прытрымлівацца інструкцыі. Асноўнае рэчыва, якое выкарыстоўваецца, — аднапрацэнтны перметрын, прымяненне якога дазволена для дзяцей ва ўзросце ад 2 месяцаў і старэйшых.
Галаўныя вошы могуць быць устойлівымі да хімічных рэчываў, якія змяшчаюцца ў гэтых прадуктах, таму пасля выкарыстання сродку важна пераканацца, што дарослыя асобіны мёртвыя. Калі яны ўсё яшчэ жывыя, паспрабуйце прадукт з іншым актыўным інгрэдыентам. Магчымыя варыянты: перметрын, малаціён, спінасад або пірэтрын. Пры неабходнасці ўдакладніце ва ўрача ці фармацэўта, які прадукт варта выкарыстоўваць.
Прыкладна праз тыдзень пасля першага прымянення сродку ад вошай неабходна паўтарыць працэдуру, каб выключыць з'яўленне дарослых асобін з гнід.
Вільготнае расчэсванне
Гэты спосаб лячэння ад галаўных вошай заключаецца ў расчэсванні вільготных валасоў спецыяльным металічным грэбнем з дробнымі зубцамі з выкарыстаннем кандыцыянера для валасоў. Вы можаце купіць такую расчоску ў аптэцы; што да кандыцыянера, то падыдзе любы.
Вось што трэба рабіць:
1. Нанясіце дастаткова вялікую колькасць кандыцыянера на вільготныя валасы дзіцяці. Утрыце яго ў скуру галавы і старанна размяркуйце па даўжыні валасоў.
2. Пакіньце кандыцыянер на 15 хвілін. Пакуль чакаеце, вы можаце надзець на галаву дзіцяці шапачку для душа. Кандыцыянер абмяжоўвае жыццядзейнасць вошай, яны губляюць здольнасць прымацоўвацца да воласа.
3. Вазьміце спецыяльны грабеньчык для выдалення вошай разам з кандыцыянерам з валасоў дзіцяці. Размясціце грэбень так, каб ён мякка дакранаўся да скуры галавы, а затым, шчыльна прыціскаючы, правядзіце ім па ўсёй даўжыні валасоў. Пасля гэтага пратрыце расчоску сурвэткай або прамыйце вадой з-пад крана. І так пасля расчэсвання кожнай пасмы. Пры гэтым можна ўбачыць, колькі вошай вы вычасалі з валасоў дзіцяці.
Як мінімум два разы расчашыце ўсю галаву дзіцяці апісаным вышэй спосабам.
Для эфектыўнасці неабходна расчэсваць валасы дзіцяці кожныя 2–3 дні на працягу двух тыдняў, пакуль пасля стараннага расчэсвання яйкі або вошы не будуць больш выяўлены.
Вільготнае расчэсванне займае шмат часу, часта больш за 30 хвілін. Можна адцягнуць увагу дзіцяці на перыяд расчэсвання абмеркаваннем падзей дня або дазволіўшы яму пачытаць кнігу, пагуляць у гульні і іншае.
Калі ў дзіцяці педыкулёз, стрыгчыся зусім не абавязкова — ад вошай гэта не лечыць і не прадухіляе іх размнажэнне.
Прафілактыка вошай
Вошы могуць лёгка перадавацца ад дзіцяці да дзіцяці ў адным класе, а таксама паміж членамі сям'і.
Калі ў дзіцяці вошы ці гніды, трэба праверыць усю сям'ю. Неабходна лячыць іншых яе членаў, калі яны скардзяцца на сверб скуры галавы і тым больш, калі вошы ці гніды выяўлены. Калі хтосьці з членаў сям'і спіць разам з дзіцем, яму таксама варта правесці лячэнне (незалежна ад наяўнасці сімптомаў).
Не дазваляйце дзецям дзяліцца адзін з адным шалікамі і галаўнымі ўборамі.
Шанц, што дзіця заразіцца галаўнымі вошамі ад такіх рэчаў, як прадметы мэблі, падушкі і дыван, вельмі невялікі. Але калі ў кагосьці з членаў сям'і ёсць галаўныя вошы, неабходна памыць адзенне і пасцельную бялізну, якімі гэты чалавек карыстаўся ў апошнія 48 гадзін. Варта выкарыстоўваць цыкл гарачага мыцця і сушыць рэчы ў гарачай сушылцы. Таксама можна прапыласосіць дываны і мэблю.
Пры выяўленні ў дзіцяці вошай неабходна паведаміць пра гэта ў дашкольную/школьную ўстанову, якую наведвае дзіця. Дзіцячы калектыў можна зноў пачаць наведваць на наступны дзень пасля пачатку адпаведнага лячэння.